Некаторыя пытанні Ryanair да Беларусі — вельмі цікавыя і «нават прымушаюць адкрыць рот ад здзіўлення»

Міністр транспарту Літвы распавёў Delfi.Lt, што некаторыя пытанні, якія паўстаюць у «Ryanair» да Беларусі — вельмі цікавыя.

Некаторыя пытанні кіраўніка ірландскай кампаніі «Ryanair» Мішэля O'Ліры да беларускіх ведамстваў — «вельмі цікавыя і нават прымушаюць адкрыць рот ад здзіўлення», сказаў міністр транспарту Літвы Марус Скуодзіс.

 «Мы атрымліваем тлумачэнні кожны дзень. Я сам бачыў некаторыя вельмі цікавыя пытанні кіраўніка "Ryanair", яны прымушаюць адкрыць рот ад здзіўлення», — сказаў LRT міністр.

«"Ryanair" задае адказным ведамствам шмат пытанняў. Чаму, калі падазравалі бомбу на борце, самалёт паставілі каля пасажырскага тэрмінала ў мінскім аэрапорце, а не дзесьці ўбаку?» — сказаў ён.

Паводле слоў літоўскага міністра, «Ryanair» цікавіцца, чаму не была праведзена хуткая эвакуацыя пасажыраў, чаму багаж не правяралі спецыяльным абсталяваннем, а выкарыстоўвалі толькі сабак, чаму 6 гадзін не падавалі інфармацыю ні экіпажу, ні пасажырам «Ryanair»?

27 траўня Скуодзіс абмяркуе гэты інцыдэнт з «Ryanair» на пасяджэнні Міжнароднай арганізацыі грамадзянскай авіяцыі. Літву хвалюе міжнароднае расследаванне гэтага інцыдэнту.

«Для нас галоўнае — міжнароднае расследаванне. Трэба адказаць на пытанні, у тым ліку пытанне пра пяць пасажыраў. Мы ведаем, што двое ў турме, нягледзячы на тое, што яны законна ляцелі з адной краіны ЕС у іншую», — сказаў міністр.

Нагадаем, што 23 траўня Мінск вымусіў экіпаж самалёта «Ryanair», які рухаўся з Афін у Вільню, сесці ў сталіцы Беларусі. Кампанія «Ryanair» паведаміла, што давялося вярнуцца ў Мінск, бо беларускія дыспетчары інфармавалі аб небяспецы. Пазней гэтая інфармацыя не пацвердзілася.

У самалёце знаходзіўся апазіцыйны журналіст Раман Пратасевіч, які быў арыштаваны ў Мінску. Затрыманая і яго дзяўчына — грамадзянка Расіі Сафія Сапега.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: