Невядомая вайна

Сто гадоў таму ў Еўропу пачалі прыбываць часткі жаўнераў ЗША, якія ўступілі ў Першую сусветную вайну на баку Антанты. Той паход цалкам змяніў ход гісторыі.

Фота East News, Leemage

Справа не толькі ў тым, што дапамога з-за акіяну фактычна вызначыла вынік кампаніі, якая цягнулася ўжо тры гады. Нягледзячы на тое, што на заходнім фронце і пасля красавіка 1917-га ўсё заставалася без пераменаў, сам факт з’яўлення амерыканцаў, узброеных аэрапланамі і танкамі, адмоўна паўплываў на псіхалагічны стан у нямецкіх акопах. Як жартавалі ў Францыі, пасля з’яўлення на фронце амерыканцаў кайзер Германіі абвясціў Хрыстафора Калумба ворагам нямецкага народа. Усе так ці інакш зразумелі, што ў Германіі няма шанцаў.

Аднак важней за ўплыў на вайсковы тэатр дзеянняў было тое, што роўна сто гадоў таму пачалася ўнікальная сустрэча цывілізацый. Адбылася інтэнсіўная камунікацыя людзей з рознымі каштоўнасцямі, светапоглядамі, культурнымі забабонамі, што выклікала беспрэцэдэнтныя глабальныя наступствы.

Праўда, часам тыя наступствы былі не самыя вясёлыя. З амерыканцамі ў Еўропу трапіла славутая «іспанка» — пандэмія грыпу, ад якога ва ўсім свеце памер 41 мільён чалавек. Вірус, які ўпершыню зафіксавалі на амерыканскім сярэднім Заха­дзе, праз навабранцаў трапіў у казармы Канзаса (тут знаходзіўся вялікі зборны пункт), адкуль быў дастаўлены жаўнерамі ЗША праз Атлантыку ў Еўропу. Да негатыву таксама можна аднесці «аўтаномію» амерыканцаў на фронце. Паводле дамовы, яны дзейнічалі самастойна на сваёй частцы фронту, што часам прыводзіла да хаосу і да буйных чалавечых стратаў.

Затое амерыканскія салдаты, а дакладней, музычныя гурты пры іх фармаваннях, пазнаёмілі еўрапейцаў з джазам. Цяжка пераацаніць кошт таго падарунка для еўрапейскай культуры. Гэта музыка — сімвал экспрэсіі і свабоды, моцна паўплывала на культурны еўрапейскі працэс. Амерыканцы таксама пазнаёмілі Еўропу з баскетболам.

Цяпер — пра наступствы паходу ў Еўропу для ЗША. Адразу трэба прызнаць, што і без культурнага абмену з еўрапейцамі Злучаныя Штаты пасля абвяшчэння вайны радыкальна змяніліся. Дастаткова ўзгадаць, што ў красавіку 1917-га фактычна нарадзіўся вядомы вобраз Дзядзькі Сэма. Тады пачалася мабілізацыйная кампанія, у межах якой быў надрукаваны славуты плакат з выявай Дзя­дзькі Сэма і подпісам: «I want you for US army» («Ты мне патрэбны ў армію ЗША»). За год такіх плакатаў надрукуюць каля 20 мільёнаў экземпляраў.


У якасці кур’ёза трэба ўзгадаць, што тады ж нарадзілася іншая «духоўная скрэпа» Амерыкі. Кампанія Coca-Cola атрымала замову на пастаўкі напояў у войска, дзе служылі прадстаўнікі з усіх куткоў краіны. Так у ЗША даведаліся, што існуе «шыпучка» Coca-Cola.

Па сутнасці, паход у Еўропу быў бенефісам ЗША на сусветнай арэне. Хаця раней Злучаныя Штаты паспелі паваяваць з Іспаніяй за Кубу і Філіпіны і ўлезці ва ўнутраныя справы шэрагу лацінаамерыканскіх суседзяў, глабальна яны выглядалі слаба. Уся армія Дзядзькі Сэма была роўная па колькасці арміі Бельгіі (170 тысяч чалавек). Аднак ужо праз паўтара гады, напрыканцы вайны, у розных службах войска ЗША былі занятыя каля 5 мільёнаў.

Адпраўка такой колькасці рэкрутаў на фронт выклікала дэфіцыт працоўных рук, прыход жанчын на мужчынскія рабочыя прафесіі і той самы працэс эмансіпацыі — рост ролі жанчын у грамадстве. Удзел у вайне прымусіў Вашынгтон цалкам перагледзець канцэпцыі ўнутранай бяспекі. У краіне жылі некалькі мільёнаў патэнцыйна нелаяльных грамадзян — этнічныя немцы і этнічныя ірландцы (яны ненавідзелі Англію). Давялося хутка ствараць прававую базу і структуры для кантролю над падазронай публікай, якую часта нават прымусова дэпартавалі ў правінцыю. У перспектыве тыя напрацоўкі стануць базай для амерыканскай сістэмы аховы нацыянальнай бяспекі.

Не менш глабальнымі аказаліся наступствы імпарту з Еўропы тамтэйшых уяўленняў пра дэмакратыю. Жаўнеры-афраамерыканцы, якія вярталіся з Еўропы, думалі і паводзілі сябе інакш, чым да мабілізацыі. Найперш, у іх свядомасці быў зламаны папулярны шаблон, паводле якога вайна — прэрагатыва белых, а не «лянівых неграў». Шмат амерыканцаў, дарэчы, у 1917-м увогуле былі супраць таго, каб набіраць афраамерыканцаў у войска. Лічылася, што яны адразу пяройдуць на бок Мексікі, якая марыць вярнуць Тэхас і Каліфорнію.

Аднак значна важней было тое, што афраамерыканцы пабачылі больш высокі сацыяльны статус, які мелі чарнаскурыя грамадзяне Францыі. Чарнаскурыя французы цягнулі лямку разам з белымі французамі, а ў амерыканскім войску панавала сегрэгацыя. Чорных амерыканцаў шакавала, што ім можна наведваць тэатры і кавярні, на якіх не было шыльдаў «толькі для белых». Цікава, што гэтым карысталася нямецкая прапаганда. У пракламацыях, якія нямецкія аэрапланы раскідвалі над пазіцыямі афраамерыканцаў, у іх пыталі, ці маюць яны магчымасць вучыцца ва ўніверсітэтах і гэтак далей. Не дзіўна, што наступствам «дэмбелю» пасля заканчэння Першай сусветнай вайны стаў выбух руху за роўныя грамадзянскія правы ў Злучаных Штатах.

Калі сёння чытаць публікацыі гісторыкаў, прысвечаныя красавіку 1917-га, цяжка вылучыць магістральны тэзіс. Адны кажуць, што галоўным вынікам стаў узаемны культурны ўплыў і фармаванне новай эстэтыкі Захаду. Іншыя гавораць пра пачатак трансфармацыі калектыўнай свядомасці афраамерыканцаў і старт эмансіпацыі жанчын, што цалкам змяніла свет. У любым выпадку, роўна сто таму свет пачаў станавіцца кардынальна іншым. Такім, якім мы ведаем яго зараз.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: