Невядомы захапіў закладнікаў на вакзале ў Кёльне

Узброены мужчына ўтрымлівае закладнікаў на чыгуначным вакзале Кёльна, паведамляе гарадская паліцыя. Мясцовыя СМІ паведамляюць, што на месцы інцыдэнту былі чутныя стрэлы.

Фота AFP

Паводле інфармацыі праваахоўных органаў, закладнікаў захапілі ў аптэцы, размешчанай на тэрыторыі вакзала, альбо ў "Макдональдсе". Колькасць і закладнікаў, і тых, хто нападаў, пакуль дакладна не вядомая, паведамляе ВВС.

Прадстаўнік мясцовай паліцыі паведаміў, што сярод закладнікаў, хутчэй за ўсё, ёсць жанчына.

Некаторыя карыстальнікі сацсетак таксама паведамляюць пра пах дыму ў раёне вакзала і пра тое, што, акрамя паліцыі, туды прыбылі і пажарныя машыны.

Нямецкае выданне “Focus” піша, што ў раёне вакзала былі чуваць стрэлы, аднак паліцыя не пацвярджае гэтую інфармацыю.

Людзей, якія знаходзіліся на вакзале,  эвакуявалі, а сам будынак вакзала ачэплены паліцыяй. Улады таксама заклікалі мясцовых жыхароў часова ўстрымацца ад наведвання вакзала і папярэдзілі аб магчымых затрымках цягнікоў.

У "Твітары" тэлекампаніі зямлі Паўночны Рэйн-Вестфалія пацвярджаюць інфармацыю пра вялікую колькасць паліцэйскіх у раёне вакзала.

Прадстаўнікі мясцовага аператара чыгуначных перавозак DB Regio NRW публікуюць у "Твітары" паведамленні пра змены ў рэжыме работы вакзалу.

Паводле www.bbc.com



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Каментаваць