Незалежнасць пачыналася з «Саюдзіса»

Амаль 40 гадоў таму, 20 кастрычніка 1988 года, у Вільні пачаўся Устаноўчы сход "Саюдзіса"

Мемарыяльная шыльда на будынку Акадэміі навук Літвы на праспекце Гедзіміна, у якім, паводле надпісу, 3 чэрвеня 1988 была выбраная Ініцыятыўная група «Літоўскага руху за перабудову» і ў 1988—1990 праводзіліся паседжанні яго Сойму.

«Саюдзіс» (літ.: Sąjūdis — Рух) — літоўскі грамадска-палітычны рух, які ў 1988—1990 узначаліў працэс аднаўлення незалежнасці Літвы. Першапачатковая назва «Літоўскі рух за перабудову» (літ.: Lietuvos Persitvarkymo Sąjūdis), пасля — «Літоўскі рух» (літ.: Lietuvos Sąjūdis).

Гісторыя Саюдзіса пачалася з утварэння 3 чэрвеня 1988 года Ініцыятыўнай групы Літоўскага руху за перабудову (ЛРП) на сходзе каля 500 прадстаўнікоў тэхнічнай і гуманітарнай інтэлігенцыі ў вялікай зале Акадэміі навук Літвы. У ініцыятыўную групу ЛРП увайшло 35 вядомых дзеячаў культуры, мастацтва, навукі, журналістыкі (у т.л. Казімірас Антанавічус, Зігмас Вайшвіла, філосаф Бронюс Гензяліс, музыказнавец Вітаўтас Ландсбергіс, паэт Юсцінас Марцінкявічус, Рамуальдас Озалас, пісьменнік Вітаўтас Пяткявічус, Казімера Прунскене, пісьменнік і перакладчык Віргіліюс Чэпайціс, кінарэжысёр Арунас Жэбрунас, архітэктар Альгімантас Насвіціс і інш.), 17 з іх былі членамі КПСС.

На прадпрыемствах і ва ўстановах арганізоўваліся групы падтрымкі ЛРП. У Саюдзісе ўдзельнічала каля 180 тыс. чалавек. Устаноўчы з'езд ЛРП адбыўся ў Вільнюсе (22—23.10.1988). На з'езд групамі падтрымкі ЛРП было абрана 1 027 дэлегатаў ад усіх раёнаў ЛітССР. Дэлегаты з'езду былі прадстаўнікамі каля 1 000 груп падтрымкі. У з'ездзе ўдзельнічаў 1 021 зарэгістраваны дэлегат; у якасці гасцей і ганаровых гасцей прысутнічалі вядомыя рэфарматарскімі поглядамі члены ЦК КПЛ, грамадзяне Вільнюса і інш. гарадоў СССР. На з'ездзе былі зачытаныя праграмныя даклады па найважных кірунках дзейнасці ЛРП, прынятыя праграма і статут, сфарміраваныя кіравальныя органы — Сойм ЛРП, які, у сваю чаргу, сфарміраваў Раду Сойма ЛРП з 35 чалавек, куды ўвайшла большасць членаў першапачатковай Ініцыятыўнай групы.

Афіцыйна арганізацыя была зарэгістраваная 16 сакавіка 1989 года. ЛРП выпускала самвыдатаўскі інфармацыйны бюлетэнь «Саюджыа жыніос» (літ.: «Sąjūdžio žinios» — «Весткі руху»), які множыўся капіравальнымі апаратамі, і легальную газету «Атгімімас» (літ.: «Atgimimas» — «Адраджэнне»). Пасля некалькіх нумароў на літоўскай мове газета «Атгімімас» пачала выходзіць таксама і на рускай мове («Адраджэнне»), затым стала выходзіць самастойная газета ЛРП на рускай «Согласие». Саюдзіс шырока выкарыстаў у эмблематыцы арганізацыі, ейных выданняў і ў агітацыйных матэрыялах нацыянальную сімволіку — колеры нацыянальнага сцяга, герб Віціс, знак Калюмнаў.

Саюдзіс сваімі мэтамі абвяшчаў культурнае адраджэнне, дэмакратызацыю, эканамічную самастойнасць рэспублікі, клопат аб ахове навакольнага асяроддзя. Саюдзіс супрацоўнічаў з рэфарматарскім крылом КПЛ на чале з Альгірдасам Бразаўскасам.

Ад лістапада 1988 ЛРП пачаў займаць усё больш самастойную палітычную пазіцыю, 16 лтага 1989 года кіраўніцтва ЛРП абвясціла, што асноўнай мэтай руху з'яўляецца аднаўленне дзяржаўнай незалежнасці Літвы. ЛРП перайшоў да апазіцыі і канфрантацыі з ЛКП, кіраўніцтва якой па-ранейшаму дэкларавала прыхільнасць да ідэі паступовага рэфармавання і абнаўленні СССР. На выбарах народных дэпутатаў СССР (26.3.1989), з 42 квотавых мандатаў ЛітССР, кандыдаты Саюдзіса атрымалі 36. З'езд народных дэпутатаў СССР яны выкарысталі каб пазначыць імкненне Літвы да незалежнасці (адначасова па іх ініцыятыве была створаная камісія па высвятленні існавання сакрэтных пратаколаў да Дагавору аб ненападзе паміж СССР і Германіяй ад 23.8.1939, г.зв. пакт Молатава — Рыбентропа).

На ўстаноўчым з'ездзе Саюдзіса былі створаныя органы кіравання — Сойм ЛРП (літ.: LPS Seimas; 220 членаў) і Рада Сойма (літ.: LPS Seimo taryba; 35 членаў). Ва ўмовах размежавання з КПЛ патрабавалася ўмацаванне арганізацыйнай структуры, таму першапачаткова калегіяльныя органы Ініцыятыўная група і Сойм ЛРП, члены якіх мелі роўныя правы, былі пераўтвораныя — 25.11.1989 на паседжанні Рады Сойма быў абраны старшыня Вітаўтас Ландсбергіс і створаны пастаянны сакратарыят.

Паводле Вікіпедыі і іншых інфармацыйных крыніц


 

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: