Не хочаце купляць — аддадзім бясплатна

Палякі намераныя адправіць свой гуманітарны канвой у Расію. 5 фураў, у іх 40 тыс. кілаграмаў польскіх яблыкаў. Гэтак будзе выглядаць канвой, які з Польшчы плануецца выслаць у Калінінградскую вобласць.



Гэта адказ палякаў на забарону імпарту польскай садавіны і гародніны ў Расею ды гэтак званы белы расейскі канвой ва Украіне.

Дрэвы ў польскіх садах ломяцца пад цяжарам пладоў. Як па іроніі лёсу, у гэтым годзе ўраджай на дрэвах ды на зямлі выключна багаты. Урадзіла практычна ўся садавіна ды гародніна. Колькі я жыву ў Польшчы, не памятаю, каб памідоры, бульба, гуркі, слівы ды іншыя плады садоў і агародаў былі такія танныя. Для спaжыўцоў гэта, канешне, добрая навіна, яны могуць затаварыцца за невялікія сумы, але агулам для эканомікі лішкі ўраджаю могуць стаць праблемай. Асабліва калі Расея ўвяла нядаўна гадавую забарону на ўвоз сельскагаспадарчай прадукцыі з краін Еўрапейскага Звязу, у тым ліку з Польшчы.

І таму фермеры ламаюць галаву, як прадаць або іншым чынам збыць свае тавары. Частка падае дакументы на кампенсацыю з ЕС, іншыя пакідаюць плады на дрэвах, аддаюць школам. А вось сетка супермаркeтаў "Інтэр Маршэ" прыдумала арыгінальны спосаб пазбыцца ад лішкаў яблыкаў. Яна плануе выслаць садавіну расейскім школьнікам. Гаворыць Бартламей Тарлоўскі з "Інтэр Маршэ".

Б. ТарлоўскіМы хочам перадаць гэта дзецям. Пачынаецца навучальны год, школьнікі вяртаюцца за парты. У Польшчы ёсць праграма “Садавіна ў школе”, у рамках якой дзеці ядуць яблыкі, грушы. Таму мы вырашылі падараваць польскія яблыкі расейскім вучням. Мы плануем правесці акцыю перадачы пладоў 12 верасня.

"Інтэр Маршэ" звярнулася ў расейскае пасольства з просьбаю выдаць дазвол на ўезд польскіх грузавікоў у Расею. Бартламей Тарлоўскі спадзяецца, што просьба будзе разгледжана пазітыўна. Але калі не ўдасца такі дазол атрымаць, ёсць іншае выйсце.

Б. ТарлоўскіТады мы перададзім яблыкі дзецям з нашых школаў або запросім дзяцей з расейскіх школаў, каб яны прыехалі ў Польшчу і атрымалі бясплатна садавіну ў нашых крамах. Так што яблыкі напэўна мы аддадзім дзецям. Гэтай акцыяй мы хочам падтрымаць нашых гандлёвых партнёраў, пастаўшчыкоў, і перадаць плады школьнікам.

Нагадаем – некалькі дзён таму ва Украіну ўехаў расейскі канвой з дапамогай для жыхароў Данбасу. Амаль 300 белых фураў завезлі гуманітарны груз у Данецк і іншыя населеныя пункты.

Парадаксальна, расейскае эмбарга на польскія плады схіляе сялянаў да дабрачыннай дзейнасці. Як індывідуальныя фермеры, так і арганізацыі вытворцаў могуць перадаваць садавіну і гародніну на дабрачынныя мэты, і атрымаць за гэта кампенсацыю. Праграма пачынаецца ў панядзелак, а яе прынцыпы простыя – адзначае міністр сельскай гаспадаркі Марэк Савіцкі.

М. СавіцкіКошты перавозкі грузаў у месца, куды яны павінны быць дастаўленыя, бярэ на сябе Агенцтва сельскагаспадарчага рынку, якое атрымае фінасаванне, між іншым, з Еўрапейскага Звязу. А за якасць прадуктаў адказвае вытворца-пастаўшчык. Усе прадукты, якія ахоплены мытнай забаронай на ўвоз у Расею, могуць ісці на распаўсюд па іншых каналах.

Інфармацыя ды ўсе неабходныя дакументы знаходзяцца на сайце Агенцтва сельскагаспадарчага рынку, — інфармуе старшыня агенцтва Радаслаў Шаткоўскі:

Р. ШаткоўскіАгенцтва сельскагаспадарчага рынку з 18 жніўня прымае ад вытворцаў садавіны і гародніны паведамленні аб тым, што хтосьці намераны скарыстацца гэтым механізмам.

Дабрачынныя арганізацыі могуць прыняць і выкарыстаць свежыя плады. Яны вельмі патрэбныя малазабяспечаным – кажа старшыня Банкаў харчавання Марэк Бароўскі:

М. БароўскіПры такой сетцы арганізацый, як Банкі харчаваньня, гаворка ідзе пра пастаянную, рэгулярную дапамогу. Такую дапамогу мы аказваем ўжо шмат гадоў. Кожны год Банкі харчаваньня перадаюць малазабясьпечаным асобам каля 70 тыс. тонаў прадуктаў.

Паводле падлікаў экспертаў, у выніку расейскай забароны на імпарт польскай садавіны і гародніны з рынку можа выпасць каля 1 млн тонаў пладоў. Еўрапейская камісія прызначала на кампенсацыю для сялянаў 125 млн еўра. Большая частка гэтай сумы прызначана для вытворцаў яблыкаў і груш. Але кампенсацыю могуць атрымаць таксама фермеры, якія вырошчваюць памідоры, моркву, капусту, перац, шампіньёны, клубніцы, маліну, ды іншыя плады.

Паводле www.radyjo.net

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: