Новая версія гісторыі румынаў

У Малдове ўжо ў чацвёрты раз за часы незалежнасці збіраюцца перапісаць падручнікі гісторыі.

Як вядома, у краіне 14 лістапада з’явіўся мінарытарны ўрад прамаскоўскай партыі сацыялістаў. Напэўна, самым яркім з новых міністраў з’яўляецца Карнэліу Паповіч, які павінен адказваць за адукацыю і культуру. Ён вядомы як радыкальны прыхільнік так званай «прамалдоўскай» канцэпцыі культуры і гісторыі краіны.

Сутнасць канцэпцыі ў тым, што малдоўцы і румыны — розныя народы, хаця і маюць амаль аднолькавую мову ды жылі разам да 1812 года, калі Малдова стала часткай Расійскай імперыі. Такая версія была афіцыйнай у савецкай Малдове. Антаганістамі такога падыходу з’яўляюцца юніяністы — тыя, хто выступае за вяртанне краіны ў склад Румыніі, паколькі малдоўцы, маўляў, гэта па-сутнасці, румыны. Юніянізм — папулярная фішка сярод праеўрапейскай і дэмакратычнай часткі грамадства.

Падыход, пры якім малдоўская нацыянальная ідэнтычнасць атаясамлівалася з румынскай, стаў афіцыйна прынятым у Кішынёве пасля распаду Савецкага Саюза. У адпаведным духу былі напісаныя і першыя падручнікі незалежнай дзяржавы. Адзін з іх так і называўся: «Гісторыя румынаў».

Аднак затым у 2001 годзе да ўлады ў краіне вярнуліся камуністы, і ў школах зноў з’явілася савецкая трактоўка гісторыі. Напрыклад, 1812 год — у новай (або старой) інтэрпрэтацыі быў названы годам уз’яднання з Расіяй, а 1918 год — годам румынскай акупацыі, і гэтак далей. Дзеці былі вымушаныя зубрыць новыя фармулёўкі і здаваць па іх іспыты роўна восем гадоў. У 2009-м да ўлады прыйшла праеўрапейская кааліцыя, дзе культурны блок фарміравалі юніяністы. У выніку школьныя праграмы па гісторыі зноў рашуча перапісалі. І цяпер — не прайшло і 10 гадоў, як «улада змянілася», — «гісторыю румынаў» збіраюцца зноў выкінуць на сметнік.

Гэта вынікае з папярэдніх заяваў новага міністра культуры і адукацыі. Раней Паповіч казаў, што «праект юніянізму быў прыдуманы тымі палітычнымі сіламі, якія прадэманстравалі няздольнасць правіць апошнія дзевяць гадоў». Новы міністр таксама лічыць, што дзяржаўную мову кожны мае права называць не румынскай, а малдоўскай. На яго думку, «у апошнія трыццаць гадоў у малдоўскіх школах дзеці вывучаюць гісторыю не нашай краіны».

На падручніках гісторыі рэформы Паповіча могуць не скончыцца. Патэнцыйна закрыццё пагражае музею дэпартацыяў і ахвяр таталітарных рэжымаў — экспазіцыя ў цэнтры культуры і ваеннай гісторыі нацыянальнага войска. Пад пагрозай, напэўна, і мемарыяльны камень ахвярам савецкай акупацыі і таталітарнага камуністычнага рэжыму, які быў усталяваны (праўда, без дазволу мэрыі) у сталіцы на месцы помніка Леніну. У 2016 годзе Ігар Дадон — лідар сацыялістаў, паабяцаў, што мае намер «прыбраць з плошчы так званы “помнік”, ператварыць яго ў камень, якім залатаюць некаторыя кішынёўскія вуліцы».

Перспектыва рэвалюцыі падручнікаў абурыла нацыянал-лібералаў, якія пасля 14 лістапада вымушаныя былі сысці ў апазіцыю. «Я была вельмі засмучаная, калі ўбачыла новага міністра (...) Я думаю, што калі ён паспрабуе змяніць навучальны план, грамадства абурыцца. Прызначэнне гэтага міністра — абраза, якая нанесеная і нам усім, і адукацыі», — сказала лідарка апазіцыі Майя Санду.

Пакуль маналогі Санду не выклікалі асаблівага рэзанансу. Па-першае, Санду раней сама ўзначальвала Мінадукацыі і нічым на гэтай пасадзе не адзначылася. Па-другое, малдоўскі юніянізм перажывае крызіс жанру. Трыумф ідэі інтэграцыі з Румыніяй на пачатку 1990-х гадоў змяніўся заняпадам — замест уплывовай палітычнай ідэалогіі гэта сёння, хутчэй, забабоны маргінальных групаў. На апошніх выбарах найбольш паслядоўныя юніяністы ў выглядзе Партыі лібералаў атрымалі 1,25 працэнта.

Таксама не факт, што ў Паповіча, насуперак прагнозам Санду, дойдуць рукі да той «Гісторыі румынаў». Сістэма адукацыі Малдовы ў крызісе. У многіх школах не хапае педагогаў. Дзеці бедных бацькоў маюць патрэбу ў матэрыяльнай дапамозе. На фоне гэтага праблема падручнікаў гісторыі — толькі кропля ў моры. Невыпадкова пасля прызначэння новы міністр стаў менш амбіцыйным. «Ніякіх зменаў не будзе. Мы працягнем тую ж школьную рэформу, якая была ініцыяваная некалькі гадоў таму», — сказаў Паповіч.

Увогуле, вонкава ініцыятывы Паповіча ў чымсьці нагадваюць ідэі Дзмітрыя Табачніка — украінскага міністра адукацыі ў кабінеце Міхаіла Азарава ў часы прэзідэнта Януковіча. Табачнік таксама збіраўся правесці рэформу падручнікаў. У прыватнасці, планаваў адлюстраваць супрацоўніцтва Бандэры і Шухевіча з нацыстамі і іх ролю ў арганізацыі этнічных чыстак. Аднак у выніку рэформа захлынулася з-за таго, што стала закладніцай агульнай сацыяльна-эканамічнай палітыкі Партыі рэгіёнаў. Пасля таго, як з 2012-га ўкраінская эканоміка ўвайшла ў рэцэсію, любая прапанова ўлады выклікала ва ўкраінцаў алергію, у тым ліку і гуманітарныя праекты Табачніка.

Такая ж перспектыва пагражае праектам Паповіча. На працягу года, што застаўся да новых прэзідэнцкіх выбараў, на сацыялістах будзе ляжаць поўная адказнасць за кіраванне краінай. Відавочна, што для Малдовы ў агляднай будучыні суперпаспяховыя прарывы мала рэальныя. А значыць, вялікая маса насельніцтва будзе незадаволеная новым урадам, што негатыўна адаб’ецца на рэйтынгу ўлады і на шанцах рэвізіі школьнай праграмы. З іншага боку, праеўрапейскім сілам ва ўмовах крызісу юніянізму, напэўна, варта таксама падкарэктаваць погляды на малдоўскую ідэнтычнасць.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: