Новыя прыгоды Хуана Гуайдо

Парламенцкія выбары ў Венесуэле, што адбыліся напачатку снежня, без сумневаў паўплываюць на будучыню Хуана Гуайдо, які абвясціў сябе легітымным прэзідэнтам краіны.


Не так даўно адзін вядомы беларускі палітык параўнаў Святлану Ціханоўскую з лідарам венесуэльскай апазіцыі Хуанам Гуайдо. Відавочна, што падставай для такога параўнання сталі рэзалюцыі еўрапейскіх парламентаў, якія аддалі перамогу на выбарах Ціханоўскай.

На самай справе параўнанне не вельмі карэктнае. Хаця б таму, што ў Гуайдо іншы палітычны бэкграўнд і іншы маршрут у вялікую палітыку. У 2017 годзе ён быў абраны дэпутатам Нацыянальнай асамблеі, які з часам быў разагнаны Нікаласам Мадурам. У якасці эрзацу Мадура прапанаваў венесуэльцам Нацыянальную канстытуцыйную асамблею, дзе ўсе мандаты належаць праўладным арганізацыям.

Нейкі час дзве структуры існавалі ў паралельным свеце. Пакуль у студзені 2019 года палітычны крызіс у Венесуэле не перайшоў у больш вострую стадыю. Апазіцыя, як і чакалася, адмовілася прызнаць пераабранне Мадуры на пасаду прэзідэнта. А вось тое, што адбылося пасля, стала сюрпрызам. Паколькі, як сцвярджала апазіцыя, прэзідэнцкая пасада аказалася вакантнай, уся ўлада, паводле Канстытуцыі, павінна была перайсці да спікера Нацыянальнай асамблеі. Напярэдадні ім быў абраны той самы Хуан Гуайдо, які адразу абвясціў сябе выконваючым абавязкі прэзідэнта.

Хутчэй за ўсё, такі крок каардынаваўся з амерыканцамі. Інакш літаральна праз некалькі гадзін пасля дэмаршу Гуайдо Дональд Трамп не даслаў бы яму афіцыйнае паведамленне з прывітаннем. У наступныя дні больш за 50 краін свету таксама прызналі Гуайду законным лідарам Венесуэлы.

Нягледзячы на беспрэцэдэнтны дыпламатычны ціск і моцную хвалю антыўрадавых вулічных маніфестацый, рэжым Мадуры ўсё ж утрымаўся. Асноўнымі чыннікамі захавання статус-кво стала лаяльнасць сілавікоў і рэцыдыў калектыўнага антыамерыканізму, уласцівы шмат якім народам Лацінскай Амерыкі. Яго ўскосна ўзмацняў і факт, што Трамп нашпігаваў венесуэльскі кірунак ветэранамі часоў Рэйгана, якія запомніліся ўдзелам у барацьбе з герыльерас. Так ці інакш, франтальная атака на сістэму правалілася.

Пасля гэтага супрацьстаянне ўлады і апазіцыі набыло рысы нейкай камедыі-буф. Нягледзячы на шматлікія папярэджанні, Гуайдо застаўся на волі. Спецслужбы яго затрымалі толькі аднойчы — каб адпусціць праз 45 хвілін. Ён спакойна пакідаў краіну і вяртаўся назад пасля дыпламатычных сустрэч. Унутры краіны дзейнасць часовага прэзідэнта была сфакусаваная на распрацоўках рознага кшталту планаў мірнага пераходу да дэмакратыі, які рэжым упарта ігнараваў.

Як бачым, хутчэй гэта была мімікрыя актыўнай дзяржаўнай дзейнасці. Адсутнасць дынамікі заканамерна выклікала спрэчкі ўнутры апазіцыі. У студзені 2020 года на пасаду спікера Нацыянальнай асамблеі быў абраны іншы апазіцыйны актывіст — Луіс Пара. Цяпер, па логіцы, яму пераходзіў тытул часовага прэзідэнта. Гуайдо з гэтым не пагадзіўся, назваўшы Пара «здраднікам нацыі».

Пакуль апазіцыя вызначала, хто з іх «здраднік», наблізіўся час заканчэння кадэнцыі абранага ў 2017 годзе парламента. Па розных прычынах апазіцыя вырашыла адмовіцца ад удзелу ў кампаніі. Замест гэтага за тыдзень да галасавання стартаваў арганізаваны ёй самапальны плебісцыт, у якім венесуэльцам прапанавана прагаласаваць за заканчэнне «ўзурпацыі прэзідэнта Мадуры».

Пра вынікі таго рэферэндуму прэса нічога не піша. А вось вынікі галасавання на выбарах у новы склад Асамблеі вядомыя. Аб’яднаная сацыялістычная партыя Венесуэлы і саюзныя ёй структуры атрымалі 67 % месцаў. Нельга прайсці міма таго пікантнага факту, што ў новым парламенце будуць таксама сын і жонка Мадуры.

Праўда, яўка склала ўсяго 31 % з 20 мільёнаў зарэгістраваных выбаршчыкаў. Гэтая акалічнасць, а таксама адсутнасць на выбарах сапраўднай альтэрнатывы дазволіла крытыкам Мадуры назваць тое, што адбывалася, «выбарчым фарсам».

Зрэшты, па суседстве з ваяўнічымі ацэнкамі можна знайсці і больш асцярожныя. «Сумнеўныя выбары ў нядзелю перарываюць сувязь Гуайдо з заканадаўчым органам, што быў асновай яго прэтэнзій на прэзідэнцкую пасаду. Гэта дазваляе зрабіць паўзу і пераасэнсаваць, як змагацца з урадам дзяржавы, якая цяпер з’яўляецца зонай гуманітарнай катастрофы і якой кіруе жорсткая кліка», — піша амерыканскі Bloomberg. Washington Post у сваім каментары намагаецца знайсці адказ на пытанне: як апазіцыя не здолела перамагчы ў краіне, дзе пануе жудасны эканамічны крызіс, праз які пяць мільёнаў чалавек ужо збегла за мяжу? На думку выдання, будучыня новай, сапраўднай апазіцыі звязаная з тымі людзьмі, якія сталі ахвярамі рэжыму.

Не менш інтрыгоўнай сітуацыя выглядае праз прызму прыходу ў Белы Дом дэмакратаў, якія дабіваліся дэмакратызацыі кантынента праз дыялог. Дастаткова ўзгадаць гістарычны візіт Абамы на Кубу. Ці будзе падобныя тактыка ўжывацца адносна Каракаса, або Байдэн застанецца прыхільнікам цяперашняй жорсткай лініі?

Сюжэт набывае яшчэ большую інтрыгу праз прысутнасць на рэгіянальнай сцэне бразільскага прэзідэнта Балсанару. Бразілец у прыступе любові на адрас свайго куміра Трампа публічна абвінаваціў штаб Джо Байдэна ў фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў, што, напэўна, будзе мець наступствы.

І, натуральна, незразумела, якую партыю згуляе ва ўсіх гэтых камбінацыях праект Хуана Гуайдо, які наўрад ці так проста пакіне сцэну?

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: