Новым кіраўніком Інтэрпола стаў прадстаўнік Паўднёвай Карэі

На пасаду кіраўніка Інтэрпола абраны Кім Чон Ян з Паўднёвай Карэі, паведамляецца ў афіцыйным твітары арганізацыі. Раней прэтэндэнтам на гэтую пасаду называлі расіяніна.
Кім Чон Ян. Фота: INTERPOL 

Кім Чон Ян. Фота: INTERPOL 

Асноўным супернікам прадстаўніка Паўднёвай Карэі ў барацьбе за пасаду кіраўніка Інтэрпола называлі генерала расійскага МУС Аляксандра Пракапчука — віцэ-прэзідэнта Інтэрпола.

Супраць таго, каб Пракапчук узначаліў Інтэрпол, выступала група амерыканскіх сенатараў. Яны, у прыватнасці, заявілі, што Расія «рэгулярна выкарыстоўвае Інтэрпол для звядзення рахункаў і нападаў на палітычных апанентаў, дысідэнтаў і журналістаў».

Парламент Літвы прыняў рэзалюцыю, у якой гаварылася, што калі Пракапчук узначаліць Інтэрпол, то краіна разгледзіць магчымасць прыпынення сяброўства ў гэтай арганізацыі. З Інтэрпола, у выпадку абрання расіяніна на пасаду кіраўніка арганізацыі, таксама прыстрашыла выйсці Украіна.

Папярэдні прэзідэнт Інтэрпола Мэн Хунвэй з Кітая быў арыштаваны на радзіме па падазрэнні ў карупцыі.

Прэзідэнт Інтэрпола ў значнай ступені сімвалічная пасада. Па статуце Інтэрпола, ён павінен:

— старшынстваваць і кіраваць дыскусіямі на сесіях генасамблеі і яе выканкама

— кантраляваць адпаведнасць дзейнасці Інтэрпола рашэнням генасамблеі і выканкама

— па магчымасці падтрымліваць пастаянную непасрэдную сувязь з генеральным сакратаром арганізацыі

Аператыўнае кіраўніцтва Інтэрполам і каардынацыю паміж краінамі-чальцамі ажыццяўляе іншы орган — генеральны сакратарыят. Ім з 2014 года кіруе прадстаўнік Германіі Юрген Шток.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!