Па-за межамі Кітая каранавірус выявілі ў 37 чалавек — СААЗ

Кітайскі каранавірус зафіксаваны ў 14 краінах свету. Колькасць інфікаваных у Кітаі набліжаецца да пяці тысяч чалавек.

За межамі Кітая зафіксавана 37 выпадкаў захворвання каранавірусам 2019-nCoV, паведамляе Сусветная арганізацыя аховы здароўя (СААЗ) у аўторак, 28 студзеня.

"Сярод 37 выпадкаў па-за межамі Кітая тры былі выяўлены, хоць адсутнічалі пачатковыя сімптомы. Што ж тычыцца астатніх 34 выпадкаў, то па 28 з іх паступіла інфармацыя пра наяўнасць сімптомаў", — адзначаюць у арганізацыі.

Падкрэсліваецца, што "сярэдні ўзрост тых, хто захварэў па-за межамі Кітая, складае 45 гадоў". Сярод пацыентаў — людзі ва ўзросце ад 2 да 74 гадоў. Мужчыны складаюць 71% хворых.

З Кітая ў іншыя краіны прыбылі 36 пацыентаў, у тым ліку 34 прыбылі з горада Ухань або мелі кантакты з хворымі ў гэтым горадзе. У адным выпадку перадача віруса адбылася паміж чальцамі сям'і ў В'етнаме.

Узровень небяспекі распаўсюджвання хваробы ў свеце і ў рэгіёне СААЗ расцэньвае як высокі, а ўзровень распаўсюджвання ў Кітаі як вельмі высокі.

Паводле апошніх дадзеных, у Кітаі напярэдадні паведамілі, што вірус пачынае хутчэй распаўсюджвацца сярод людзей. Так, у Кітаі зарэгістраваныя звыш 4 600 выпадкаў заражэння новым каранавірусам. Памерлі 106 чалавек. Акрамя Кітая, захварэлыя на вірус выяўленыя яшчэ ў 14 краінах.

Прычым у Германіі і Японіі каранавірус упершыню за межамі Кітая перадаўся ад аднаго чалавека да іншага, паведамляе ВВС. Пад ад Мюнхенам 33-гадовы пацыент заразіўся на працы. Вядома, што да гэтага ён кантактаваў з кітайскай каляжанкай, якая прыляцела з Шанхая на мінулым тыдні. Андрэас Цапф, кіраўнік групы па барацьбе з інфекцыйнымі захворваннямі пры ўрадзе зямлі Баварыя, паведаміў, што жанчыне стала дрэнна ў самалёце ўжо на зваротным шляху ў Кітай.

Гэта першы выпадак перадачы каранавіруса на тэрыторыі Германіі. Цапф на прэс-канферэнцыі ў аўторак заклікаў не панікаваць і нагадаў, што ў Германіі цяпер сезон грыпу, у якога могуць быць падобныя сімптомы. Зямельны міністр аховы здароўя Баварыі Мелані Хумль сказала, што пацыент "адчувае сябе нармальна".

У Японіі 60-гадовы мужчына таксама заразіўся каранавірусам, хоць не наведваў Кітай. Меркавана, кіроўца турыстычнага аўтобуса падхапіў вірус ад групы турыстаў, якая прыехала з горада Ухань. Гэта пацвердзіў прадстаўнік японскага міністэрства аховы здароўя.

Паводле korrespondent.net, www.bbc.com


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: