Пад амбасадай РФ у Кіеве патрабавалі вызвалення Паўла Грыба

У Кіеве каля амбасады Расійскай Федэрацыі адбылася акцыю падтрымкі Паўла Грыба і іншых палітвязняў Украіны ў Расіі.
фота з сайта 24tv.ua

фота з сайта 24tv.ua


Падставай для акцыі стаў прысуд у шэсць гадоў пазбаўлення волі, які вынес расійскі суд Паўлу Грыбу, перадае tsn.ua. Такое рашэнне можа быць смяротным, бо ў Паўла вельмі цяжкае невылечнае захворванне — партальная гіпертэнзія. Гэта сіндром павышанага ціску ў сістэме варотнай вены. Хвароба выклікае парушэнне крывацёку ў партальных сасудах, пячоначных венах і ніжняй полай вены. Праз партальную гіпертэнзію павялічваецца селязёнка, з'яўляецца варыкознае пашырэнне вен стрававода і страўніка, вада ў брушнай паражніны, і не можа паўнавартасна працаваць печань.

Людзі, якія выйшлі да расійскай амбасады ў Кіеве, трымалі ў руках плакаты з заклікамі вызваліць палітычнага вязня Крамля і звярталіся з з такімі ж патрабаваннямі да расійскіх чыноўнікаў.

Больш за ўсё трывожыць украінцаў тое, што палітвязень абвясціў галадоўку, а гэта можа ўскладніць яго стан здароўя.

Занепакоенасць станам здароўя Паўла Грыба выказалі ЗША. Пра гэта ў суботу, 23 сакавіка, напісаў у Twitter намеснік кіраўніка прэс-службы Дзярждэпартамента Роберт Палладзіна, паведамляе dw.com.

«Мы асуджаем вынесены ў Расіі вердыкт і шасцігадовы тэрмін прысуду украінцу Паўлу Грыбу», — падкрэсліў прадстаўнік Дзярждэпартамента. Паводле яго слоў, 20-гадовы ўкраінскі студэнт падвергнуўся пераследу «ў сувязі з процідзеяннем расійскай агрэсіі ў дачыненні да Украіны».
«Мы занепакоеныя станам яго здароўя», дадаў Палладзіна. Як падкрэсліваюць у амерыканскім знешнепалітычным ведамстве, «Расія павінна неадкладна вярнуць яго ва Украіну і вызваліць ад адбыцця пакарання».

Раней прэс-сакратар вярхоўнага прадстаўніка ЕС па замежных справах і палітыцы бяспекі Майя Касьянчыч заклікала забяспечыць украінцу доступ да спецыяльнага медыцынскага абслугоўвання, у якім ён мае патрэбу.

Нагадаем, Павел Грыб знік 24 жніўня 2017 года ў Беларусі. Хлопец паехаў у Гомель на сустрэчу з дзяўчынай, з якой пазнаёміўся ў сацыяльных сетках. Пазней стала вядома, што ён знаходзіцца ў следчым ізалятары расійскага горада Краснадар. У яго пачаліся праблемы са здароўем, аднак украінскіх лекараў да яго не дапусцілі. Доўгі час было невядома, у чым менавіта падазраюць Паўла, але пасля паведамілі, што Грыб з дзяўчынай нібыта абмяркоўвалі падрыў школы.

Суд РФ прызнаў Грыба вінаватым у прымусе да тэракту расійскай школьніцы. Сам Павел абвінавачванняў не прызнае і называе справу сфабрыкаванай. У знак пратэсту супраць прысуду палітвязень абвясціў бестэрміновую галадоўку.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: