Пахаванне грошай, як Кінг-Конг па людзях таптаўся: тыдзень вачыма сусветных карыкатурыстаў

Грэцыя без еўрапейскага фінансавання, пагроза імпічменту Трампа, 96-адсоткавая дэвальвацыя ў Венесуэле — гэтыя і іншыя падзеі тыдня вачыма сусветных карыкатурыстаў.
Афіцыйна завяршылася шматпакутная праграма эканамічнай дапамогі Грэцыі. Цяпер Элада пасля наймацнейшага крызісу вяртаецца да самастойнага фінансавага жыцця. Першыя крокі Грэцыі пасля фінансавай хваробы праілюстраваў мастак выдання The New York Times. На малюнку доктар Еўрасаюз кажа пацыенту пад імем Грэцыя: «А зараз я асцярожна забяру гэта».
Цяжкія часы ў Дональда Трампа. Былы адвакат прэзідэнта ЗША Майкл Коэн прызнаў віну ў фінансавых аперацыях, падатковым махлярстве і парушэнні закона пра фінансаванне прэзідэнцкіх кампаній. Пры гэтым ён заявіў, што на злачынства пайшоў па загадзе цяперашняга лідара ЗША. Практычна адначасова экс-кіраўнік выбарчага штаба Трампа Пол Манафорт быў прызнаны вінаватым у некалькіх фінансавых злачынствах. Як следства тэма імпічменту прэзідэнта зноў стала актуальнай. Незайздроснае становішча Трампа адлюстраваў мастак Стыў Бенсан (Steve Benson).
Балівар не вытрымаў рэформаў. Венесуэла правяла адну з самых маштабных дэвальвацый у сусветнай гісторыі: краіна дэвальвавала мясцовую валюту балівар на 96%, або ў 24 разы. З пачатку 2018 года інфляцыя ў Венесуэле склала 10664%. Каб аслабіць шок для насельніцтва, улады таксама павысілі мінімальную зарплату ў 60 разоў, з $ 0,5 да $ 30 у месяц. Эксперты кажуць, што гэта не дапаможа эканоміцы краіны выйсці з крызісу. З імі згодны брытанскі The Spectator, які публікуе карыкатуру пра тое, як Мадура хавае старыя купюры.
Французскі прэзідэнт Эмануэль Макрон, вярнуўшыся з адпачынку, анансаваў пакет рэформаў. Навіна не выклікала эйфарыі сярод французаў, якія ўбачылі ў заявах гаранта намер падняць нізкі рэйтынг (27 адсоткаў). Сярод іншага Макрон збіраецца дазволіць працу крамаў у нядзелю – сакральная тэма для прафсаюзаў. Мастак часопіса Marianne таксама троліць рэфарматараў. Касірка, намаляваная на выяве, кажа: «Яны (дэпутаты) збіраюцца дадаць яшчэ адзін дзень у тыдні, каб можна было адпачыць».
І трошкі рэтраспектывы. У гэтыя дні ў 2008-ым крызіс, які пачаўся ў ЗША, набыў глабальны маштаб. Наступствы той рэцэсіі ўражваюць. Сусветны ВУП скараціўся ўпершыню пасля Другой сусветнай (на 2,3 адсоткі). Беспрэцэдэнтны рост беспрацоўя прывёў тады да рэкордных паказчыкаў за ўсю гісторыю назіранняў за рынкам працы (199 млн чалавек у 2009 годзе). Міма тых падзей, вядома, не прайшлі карыкатурысты. Так мастак рэсурсу CagleCartoons тады адлюстраваў крызіс у выглядзе Кінг-Конга, які брутальна прайшоўся па простых людзях.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: