Пайшла ў лепшы свет беларуская дзяячка ў Канадзе Вольга Грыцук

Парафія святога Кірылы Тураўскага (Таронта, Канада) з глыбокім смуткам паведамляе пра адыход у іншы свет спадарыні Вольгі Грыцук (1923–2019) — слыннай дзяячкі беларускай эміграцыі — і выказвае шчырыя спачуванні сям’і яе дачкі Юльяны.
Вольга Грыцук, як і яе муж Аляксей Грыцук, прымала самы актыўны ўдзел у жыцці беларускай грамады Канады. У 1965 годзе яна была адной з арганізатарак Згуртавання беларускіх жанчын Канады, а ў 1975-м — абраная яго старшынёй, і ўзначальвала яго да 1993 года.

У 2007 годзе ў кніжнай серыі «Бібліятэка Бацькаўшчыны» выйшла яе кніга «Мы стваралі сваю Беларусь» з успамінамі і дакументамі, прысвечанымі ў асноўным жыццю і грамадскай дзейнасці Аляксея Грыцука, аднога з лідараў пасляваеннай эміграцыі, які пэўны час узначальваў Згуртаванне беларусаў Канады.

«Тут, у Канадзе, мы адбудавалі сваю Беларусь, мы стварылі яе наўзамен той, якую страцілі і аб якой заўсёды марылі, — пісала яна ва ўспамінах. — Як маглі, стараліся працаваць дзеля яе...»

Днямі спадарыня Вольга Грыцук была ўзнагароджана Медалём да 100-годдзя БНР. Па просьбе сябраў Рады БНР медаль спадарыні Вользе перадалі Валянціна і Юрась Шаўчэнкі, якія часта адведвалі яе і Юльяну Грыцук-Мекарскі...

zbsb.org, паводле парафіі святога Кірылы Тураўскага


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!