Пакаранне за катаванні напаткала былога сілавіка праз 50 гадоў пасля злачынства

У Бразіліі ўпершыню ў гісторыі краіны асудзілі былога сілавіка за парушэнні правоў чалавека, якія былі здзейсненыя падчас вайсковай дыктатуры 1964–1985 гадоў.

Як мінімум 434 чалавекі былі забітыя альбо гвалтоўна зніклі. Яшчэ тысячы незаконна затрыманыя альбо катаваныя ў турмах. 50 тысяч былі проста на нейкі час арыштаваныя. Нарэшце, 10 тысяч збеглі з краіны. Гэта чалавечы кошт дыктатуры, якая панавала ў Бразіліі з 1964 па 1985 гады.

Аднак калі ў 1980-я пачалася асцярожная лібералізацыя, тэма адказнасці за згаданыя злачынствы спачатку амаль не гучала. Магчыма, справа ў тым, што яшчэ ў 1979 годзе быў прыняты Акт аб амністыі, паводле якога ініцыятары путчу і супрацоўнікі сілавых ведамстваў таго часу вызваляліся ад адказнасці.

Акрамя таго, пастаноўка пытання пра адказнасць за злачынствы дыктатуры падавалася бесперспектыўнай. Яна лагічна патрабавала выкліку ў бразільскі суд шэрагу амерыканскіх палітыкаў. Вайсковы пераварот і дыктатура былі санкцыянаваныя камандай тагачаснага амерыканскага прэзідэнта Ліндана Джонсана. Больш за тое, у справаздачы бразільскага парламента за 2014 год было адзначана, што Злучаныя Штаты «ў часы дыктатуры на працягу многіх гадоў вучылі бразільскіх ваенных метадам катаванняў».

Лічыцца, што Джонсан пайшоў на гэты крок, бо яго адміністрацыя асцерагаліся паўтарэння ў Бразіліі кубінскага сцэнару. Акрамя таго, на носе былі прэзідэнцкія выбары, і гаспадар Белага дому намагаўся закрыць раты ўсім крытыкам, які вінавацілі яго за недастаткова рашучыя дзеянні ў тым жа В’етнаме.

Цікава, што адсутнасць у бразільцаў асаблівага жадання помсты за злачынствы часоў дыктатуры палітолагі звязваюць з асаблівасцямі менталітэту. Жыхары гэтай краіны занадта вясёлыя і геданістычныя, не любяць узгадваць нейкія драматычныя старонкі сваёй біяграфіі — у тым ліку распавядаць пра тыя эпізоды публічна.

Тым не менш, па ходзе ўмацавання інстытутаў бразільскай дэмакратыі нейкія зрухі ў гэтай галіне пачаліся. Дапамаглі працэсу аднаўлення справядлівасці міжнародныя інстанцыі. Пасля таго, як Міжамерыканскі суд па правах чалавека ў 2011-м асудзіў Акт аб амністыі 1979 года, у бразільскім парламенце была створаная так званая «камісія праўды». Яе чальцы заявілі пра намер дапамагчы нацыі сумленна разабрацца са сваім мінулым, а таксама ўшанаваць тых, хто змагаўся за дэмакратыю. Таксама на пасяджэннях камісіі ўпершыню пачалі гучаць прапановы пра кампенсацыі для ахвяраў палітычнага пераследу.

У выніку Акт аб амністыі перастаў тычыцца тых, хто быў датычны да гвалту. З часам працэс дайшоў і да першай канкрэтнай судовай справы. Яе фігурантам стаў былы паліцэйскі Карлас Альберта Аўгуста за выкраданне Эдгара дэ Акіна Дуартэ.

Дуартэ, марскі афіцэр, выступіў супраць ваеннага перавароту 1964 года, і быў звольнены з флоту. Пры гэтым ён асабліва палітыкай не цікавіўся. Пасля звальнення працаваў фінансавым брокерам, пакуль нехта не настукаў куды трэба пра яго погляды. 13 чэрвеня 1971 года Дуартэ быў арыштаваны без пастановы суда і ўтрымліваўся ў турэмным цэнтры без кантактаў з роднымі. У апошні раз яго бачылі ў 1973 годзе. Яго цела так і не было знойдзена.

У выніку 22 чэрвеня суддзя пастанавіў, што выкраданне людзей з’яўляецца злачынствам, якое не падпадае пад закон аб амністыі і павінна быць пакаранае. Карлас Альберта Аўгуста атрымаў 2 гады і 11 месяцаў пазбаўлення волі.

Грамадскасць па-рознаму ставіцца да рашэння Феміды. Ёсць расчараваныя. «Прысуд, меншы за тры гады пазбаўлення волі за такое жудаснае злачынства наўрад ці падаецца справядлівасцю. Хаця гэта важны крок, за якім павінны быць наступныя, каб пакласці канец беспакаранасці за сістэматычнае парушэнне правоў чалавека падчас дыктатуры», — піша адно з мясцовых выданняў. А вось арганізацыя Human Rights Watch, наадварот, лічыць вынікі працэсу «гістарычнымі».

Застаецца дадаць цікавую дэталь. Падчас судовых слуханняў шмат разоў гучала імя палкоўніка Карласа Альберта Брыльхантэ Устра, які непасрэдна кіраваў цэнтрам катаванняў, дзе знаходзіўся Дуартэ. Палкоўнік, які ўжо пайшоў з жыцця, з’яўляецца адным з куміраў цяперашняга правапапулісцкага бразільскага прэзідэнта Жаіра Балсанару. Апошні называў Устра «бразільскім героем», і ўвогуле лічыць, што ў часы дыктатуры было шмат пазітыву.

Няма сумневу, што працэсы, падобныя да справы Дуартэ, таксама паўплываюць на сучасную палітычную сітуацыю. І, дарэчы, гэта толькі пачатак. За апошні час у Бразіліі прад’явілі абвінавачванні па 50 справах аб злачынствах дыктатуры. Варта таксама сказаць, што шукаць падазраваных пракурорам не вельмі цяжка. Па нейкай прычыне падчас працы над рэдакцыяй Акту аб амністыі ў 1979 годзе яго аўтары пералічылі канкрэтны спіс асобаў, якія, як яны спадзяваліся, ніколі не будуць адказваць за катаванні і забойствы.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: