Выбух у Манчэстэры, дзясяткі загінулых і параненых

Па меншай меры 22 чалавекі загінулі, дзясяткі атрымалі раненні ў Манчэстэры на захадзе Вялікабрытаніі. Магутны выбух прагрымеў у зоне білетных кас крытага стадыёна "Манчэстар-Арэна", які змяшчае 21 тысячу чалавек. Адказнасць узяла на сябе тэрарыстычная групоўка "Ісламская дзяржава".

Паліцыя ў Манчэстэры. Фота GETTY IMAGES

У гэты час у зале Manchester Arena праходзіў канцэрт амерыканскай поп-спявачкі Арыяны Грандэ. Адны паведамляюць, што чулі два гучныя хлапкі. Іншыя відавочцы распавядаюць пра адзін рэзкі гук, паведамляе ВВС.

"Ёсць пацверджаныя выпадкі гібелі людзей і раненняў", — гаварылася ў паведамленні паліцыі Вялікага Манчэстэра на яе старонцы ў Twitter. Паліцыя літаральна адразу ахарактарызавала інцыдэнт як сур'ёзны.

Раней відавочцы паведамілі пра два выбухі, што адбыліся пасля музычнага канцэрта амерыканскай спявачкі Арыяны Грандэ, які праходзіў на стадыёне Manchester Arena, паведамляе ТАСС. Стадыён месціць 21 тысячу чалавек. Па словах відавочцаў, выбух адбыўся пасля завяршэння канцэрта, калі публіка пакідала арэну .

"Арыяна Грандэ скончыла апошнюю песню і пакінула сцэну, і тут жа пачуўся гучны выбух, — прыводзіць газета Daily Mail словы відавочцы. — Тысячы чалавек разам паспрабавалі пакінуць стадыён, яны крычалі і плакалі. Вакол пахла дымам і чымсьці гарэлым. Гэта было жудасна".

Сведкі здарэння распавялі ВВС, што бачылі, як брыгады хуткай дапамогі аказваюць дапамогу пацярпелым.

Паліцыя распаўсюдзіла паведамленне, у якім заклікае людзей не набліжацца да канцэртнай залы.

Паліцыя заклікае не набліжацца да залы Manchester Arena. Фота GETTY IMAGES

У сацыяльных сетках з'явіліся відэазапісы, на якіх відаць, як да Manchester Arena прыязджаюць машыны экстраных службаў.

На другім відэазапісе бачна, як людзі ў спешцы пакідаюць залу.

Да стадыёна былі сцягнутыя дзясяткі паліцэйскіх аўтамабіляў і карэт хуткай дапамогі. Кампанія, што кіруе жалезнай дарогай, якая праходзіць паблізу ад стадыёна, паведаміла: рух усіх цягнікоў на гэтым накірунку спынены з-за інцыдэнту.

Найбліжэйшы вакзал Вікторыя эвакуяваны.

Іан Хопкінс, кіраўнік Манчэстэрскага паліцыі, выказаў спачуванні блізкім загінулых.

"У цяперашні час мы разглядаем тое, што адбылося як тэракт да атрымання новай інфармацыі, — сказаў ён. — Мы цесна працуем з нацыянальным аддзяленнем паліцыі па барацьбе з тэрарызмам і з выведкай Вялікабрытаніі. Гэта, безумоўна, вельмі адказны момант для ўсіх. Мы робім усё, што ў нашых сілах, для падтрымкі пацярпелых".

59 параненых шпіталізавалі, яшчэ некалькім пацярпелым дапамога была аказана на месцы.

Прэм'ер-міністр Вялікабрытаніі Тэрэза Мэй назвала выбух у Манчэстэры "жахлівым тэрактам". На раніцу аўторка яна прызначыла экстраннае пасяджэнне надзвычайнага ўрадавага камітэта COBRA.

Гэта самы буйны напад у Вялікабрытаніі пасля трагедыі ў лонданскім метро ў 2005 годзе — тады загінулі больш за 50 чалавек.

Паводле ВВС, ТАСС, Еўраньюс



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: