Паліцыя ў Ганконгу разагнала пратэсты пасля ўступлення ў сілу спрэчнага закона

У гадавіну перадачы былой брытанскай калоніі Кітаю і праз дзень пасля прыняцця КНР закона аб бяспецы Ганконга ў адміністрацыйным раёне Кітая прайшлі новыя пратэсты, паведамляе www.dw.com.

Акцыя пратэсту ў Ганконгу


У Ганконгу паліцыя ўжыла вадамёты і слезацечны газ для разгону першых пратэстаў супраць прынятага напярэдадні Кітаем закона аб нацыянальнай бяспецы гэтага спецыяльнага адміністрацыйнага раёна (САР) КНР.

У сераду, 1 ліпеня, нягледзячы на забарону на правядзенне пратэстных акцый, у цэнтры Ганконга сабраліся тысячы дэманстрантаў, якія выступаюць за аўтаномію былой брытанскай калоніі і за дэмакратыю. Яны скандавалі: «Супрацьстаянне да канца» і «Незалежнасць для Ганконга».

Паводле паліцыі, былі затрыманыя каля 30 чалавек. Прычынай затрымання называецца парушэнне новага закона, а таксама забарона сходаў і перашкода дзеянням паліцыі. Былі зачыненыя крамы і ўваходы на адну са станцый метро.

1 ліпеня споўнілася роўна 23 гады з дня перадачы Ганконга Кітаю Вялікабрытаніяй у 1997 годзе. Раней улады адхілілі заяўкі на правядзенне дэманстрацыі, якія штогод праводзіліся ў дзень вяртання Ганконга КНР, з указаннем на пандэмію каронавіруса і на тое, што «працягваюццца сацыяльныя хваляванні».

ЗША пагражаюць новымі санкцыямі і абяцаюць прадастаўляць прытулак тым, каго будуць пераследаваць

Дзяржсакратар ЗША Майк Пампеа ўжо прыстрашыў КНР новымі санкцыямі пасля прыняцця закона аб нацыянальнай бяспецы Ганконга. «Злучаныя Штаты не будуць абыякава глядзець на тое, як Кітай паглынае Ганконг у сваю аўтарытарную бездань», — сказаў ён у Вашынгтоне і заявіў пра «сумны дзень для Ганконга і для ўсіх свабодалюбных людзей у Кітаі».

Акрамя таго, Злучаныя Штаты маюць намер даваць жыхарам Ганконга прытулак у спрошчаным парадку. Рэспубліканцы і дэмакраты ў Кангрэсе ЗША прэзентавалі сумесны законапраект аб прадастаўленні прытулку тым, хто падпаў пад пераслед у Ганконгу ў сувязі з правядзеннем мірных дэманстрацый.

«Людзі ў Ганконгу прадэманстравалі сваю волю змагацца за амерыканскія каштоўнасці, якія базуюцца на свабодзе», — заявіў рэспубліканец Джон Керціс. У сваю чаргу, сенатар Марк Рубіа заклікаў дапамагаць усім, хто «нястомна» змагаецца супраць «тыраніі» камуністычнага кіраўніцтва КНР.

 

Спрэчны закон КНР 

Напярэдадні, 30 чэрвеня, Пастаянны камітэт Усекітайскага сходу народных прадстаўнікоў (ПК УСНП) прыняў закон аб нацыянальнай бяспецы Ганконга. Прававы акт уступіў у сілу 1 ліпеня — да выбараў у Заканадаўчы савет Ганконга, прызначаных на 6 верасня. Ён замацоўвае самыя сур'ёзныя перамены для Ганконга за гэты больш чым 20-гадовы перыяд.

Згодна з рашэннем УСНП, «кампетэнтныя органы бяспекі» мацерыковай частцы Кітая — «у выпадку неабходнасці» — павінны мець магчымасць ствараць прадстаўніцтва ў Ганконгу, каб «у адпаведнасці з законам выконваць свае абавязацельствы па абароне нацыянальнай бяспекі».

З 2019 года Ганконг ахоплены новай хваляй масавых пратэстаў супраць узмацнення ўплыву Пекіна ў аўтаномнай акрузе і прыняцця рашэнняў, якія абмяжоўваюць грамадзянскія свабоды яго жыхароў. Гэтыя выступы нярэдка выліваліся ў вулічныя беспарадкі і суправаджаліся сутыкненнямі з паліцыяй. Цяпер замежныя назіральнікі і праваабаронцы асцерагаюцца, што новы закон будзе выкарыстоўвацца ўладамі КНР для падаўлення дэмакратычнага руху ў Ганконгу.

Паводле www.dw.com


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: