Палітыкі тыдня: Марэк Пазнаньскі, Далай Лама, Яўген Гелер

Марэк Пазнаньскі

Дэпутат польскага Сойму ад партыі «Рух Палікота» выступіў з незвычайнай ініцыятывай — прапанаваў польскаму ураду запатрабаваць ад Швецыі кампенсацыі наступстваў «Патопу».



«Шведскі патоп» (таксама Крывавы патоп) — інтэрвенцыя шведскага войска ў Польшчу ў XVII стагоддзі. У выніку, як лічаць гісторыкі, Польшча панесла страты, якія можна параўнаць з наступствамі Другой сусветнай вайны. Сваю пазіцыю Пазнаньскі, дарэчы, па прафесіі археолаг, аргументаваў так: «Шведы — гэта злодзеі, якія не гатовыя прызнаць сваю віну».

Аўтар ідэі таксама лічыць, што шведскія жаўнеры прыхапілі з сабой ў Скандынавію шмат культурных рэліквій, якія патрэбна знайсці і вярнуць на радзіму. Уся гэтая камічная прапанова на самой справе сведчыць пра супярэчлівы характар «Руху Палікота», які год таму прайшоў у парламент. Хаця сам рух эксплуатуе левыя лозунгі, рыторыка Пазнаньскага безумоўна правая і нацыяналістычная. Цікава, што некаторыя палікотаўцы выступілі з заклікам не сварыцца са шведамі, а лепш падумаць як імпартаваць ў Польшчу іх сацыял-дэмакратычную мадэль. Між тым сам Марэк Пазнаньскі настроены вельмі рашуча і збіраецца прыцягнуць Стакгольм да адказнасці праз еўрапейскія судовыя інстытуты.

Далай Лама


Змена кіраўніцтва ў Кампартыі Кітая, што адбылася ў лістападзе, выклікала плёткі па тое, што Далай Лама, духоўны лідар і палітычны правадыр тыбецкага нацыянальна-вызвольнага руху, можа вярнуцца на радзіму. Пра пацяпленне адносінаў сведчыць нядаўняе вызваленне з кітайскіх турмаў групы тыбецкіх нацыяналістаў і аднаўленне наўпроставых кантактаў паміж тыбецкай эміграцыяй і Пекінам. Прадстаўнік Далай Ламы двойчы наведаў КНР за апошні час.

Пакуль цяжка сказаць якімі могуць быць вынікі гэтага дыялогу. А вось прычыны таго, чаму Пекін пайшоў на перамовы, відавочныя. На думку аналітыкаў, кітайскім уладам трэба прымусіць працаваць турыстычны сектар у Тыбеце. Пасля таго як у Тыбеце некалькі гадоў таму пачаліся палітычныя хваляванні ўлады абмежавалі допуск турыстаў, што негатыўна паўплывала на эканамічны стан краю (дарэчы, Тыбет самы бедны з кітайскіх рэгіёнаў). Аўтарытэт Далай Ламы мог бы нармалізаваць абстаноўку і надаць імпульс развіццю турыстычнай інфраструктуры.

Тым больш сам ён як перакананы будыст выступае супраць актаў гвалту. Між тым, сярод тыбецкіх нацыяналістаў з’явіліся чуткі, што Далай Лама можа прадаць справу барацьбы за незалежнасць. Быццам духоўны лідар, які нарадзіўся ў 1935 годзе, марыць памерці на радзіме і гатовы за гэта на любыя саступкі. Так ці інакш цяпер бакі размаўляюць пра магчымы візіт Далай Ламы ў адзін з будысцкіх манастыроў Кітая, што само сабою можна лічыць прарывам.

Яўген Гелер


Дэпутат Вярхоўнай рады Украіны ад Партыі рэгіёнаў, які яшчэ ўчора быў мала вядомы публіцы, сёння — зорка прэсы. Прарвацца на першыя старонкі газет яму дапамог унітаз. Журналісты дакапаліся да схемаў рамонтных прац ў кабінеце рэгіянала ў будынку парламента. Аказалася, што сэнс рэканструкцыі быў у тым, каб паставіць у кабінеце дэпутата кабінку туалета з унітазам. Напэўна Гелеру сорамна хадзіць у агульны клазет, які знаходзіцца на калідоры Вярхоўнай рады (будынак узведзены пасля вайны і таму асабліва вялікага камфорту там няма).

На першы погляд, справа асабістая, тым больш, што Гелер і яшчэ 8 дэпутатаў якія пачалі падобны рамонт, заявілі, што фінансуюць яго са сваёй кішэні. І вось тут пачаўся скандал. Як выявілася, спецыяльны закон Украіны дазваляе правядзенне рамонтаў унутры адміністрацыйных будынкаў выключна за бюджэтныя сродкі. Такім чынам атрымліваецца, што ўнітаз Гелеру аплаціў падаткалацельшчык.

Па-другое, намер Гелера ўстанавіць ў дзяржаўным памяшканні ўнітаз за свой рахунак фактычна можна лічыць спробай даць хабар, паколькі прыватнае фінансаванне дзяржаўных установаў забароненае. Цяпер усе гадаюць, чым скончыцца ўнітазны скандал. Юрысты кажуць, што калі трымацца літары закону, Гелер мае звярнуцца ў Канстытуцыйны суд, каб той даў яму права мець асабісты ўнітаз у парламенце.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: