Палякі адзначаюць гадавіну першых часткова свабодных выбараў у пасляваеннай Польшчы

Выбары далі пачатак сістэмным пераўтварэнням у Польшчы і падзенню камунізму.
Выбарчая ўлётка Грамадзянскага камітэта ў Познані з прозвішчамі кандыдатаў у Сейм і Сенат. Autorstwa nn — Ulotka wyborcza — Solidarność, 1989r., Domena publiczna, commons.wikimedia.org

Выбарчая ўлётка Грамадзянскага камітэта ў Познані з прозвішчамі кандыдатаў у Сейм і Сенат. Autorstwa nn — Ulotka wyborcza — Solidarność, 1989r., Domena publiczna, commons.wikimedia.org

4 чэрвеня 1989 года адбыліся першыя ў пасляваеннай гісторыі Польшчы часткова свабодныя (кантрактныя) выбары ў Сейм ды поўнасцю свабодныя выбары ў Сенат, нагадвае www.polskieradio.pl.

Рух «Салідарнасць» пад кіраўніцтвам Леха Валенсы дабіўся бліскучай перамогі над «Польскай аб’яднанай рабочай партыяй» (PZPR), якая кіравала дзяржавай цягам усяго перыяду ПНР — гэта значыць, ад заканчэння Другой сусветнай вайны.

Выбары далі пачатак сістэмным пераўтварэнням у Польшчы і падзенню камунізму. Упершыню ад 1945 года быў выбраны Сенат « вышэйшая палата польскага парламента. Такім чынам узнік Нацыянальны сход, які складаецца з дзвюх палат.

Апазіцыя атрымала на выбарах 161 мандат у Сейме і 99 — у Сенаце, а значыць, максімальную колькасць, на якую згадзіліся камуністычныя ўлады падчас пасяджэння Круглага стала.

«Салідарнасць», якая ў чэрвені 1989 года з’яўлялася масавым грамадскім рухам, дабілася доступу да СМІ ў часе выбарчай кампаніі. Улады згадзіліся таксама на тое, каб апазіцыя выпускала свой бюлетэнь.

Апазіцыя ўспрымала ўдзел у часткова свабодных выбарах як цану, якую трэба заплаціць за рэлегалізацыю пасля 8 гадоў руху «NSZZ Solidarność». Нягледзячы на характар выбараў, іхны вынік суцэльна памяняў расклад палітычных сілаў і даў магчымасць узнікнення першага пасля 45 гадоў некамуністычнага ўраду ў Цэнтральнай і Усходняй Еўропе. Яго прэм’ер-міністрам быў выбраны Тадэвуш Мазавецкі.

Вынік выбараў быў вялікай перамогай «Салідарнасці». Толькі 40% выбаршчыкаў прагаласавалі за іншых кандыдатаў, чым тыя, якіх запрапанаваў Выбарчы камітэт «Салідарнасць». Падчас другога туру выбараў — 18 чэрвеня — былі выбраныя кандыдаты на вакантныя месцы, якія засталіся пасля паразы ў першым туры гэтак званага агульнапольскага спісу.

Выбарчая яўка склала 62% — гэта рэкорд у гісторыі ўсіх выбараў у Польшчы.

У рамках адзначэння сённяшняй гадавіны першых часткова свабодных выбараў у пасляваеннай Польшчы, сёння ў краіне праходзяць прынагодныя ўрачыстасці.

 

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: