Палякі сёння ўзгадваюць ваеннае становішча

Паводле розных падлікаў, цягам ваеннага становішча ў Польшчы было забіта ад некалькіх дзясяткаў да ста чалавек.



38 гадоў таму, уначы з 12 на 13 снежня 1981 года, у Польскай Народнай Рэспубліцы было ўведзена ваеннае становішча. Улада ў краіне апынулася ў руках Ваеннага савета нацыянальнага выратавання, які ўзначаліў першы сакратар ЦК Польскай аб'яднанай рабочай партыі, старшыня Савета міністраў ПНР генерал Войцех Ярузельскі.

У 6 гадзін раніцы 13 снежня 1981 года менавіта ён па цэнтральным тэлебачанні і радыё абвясціў увядзенне ваеннага становішча:

— Абвяшчаю: сёння быў скліканы Ваенны савет нацыянальнага выратавання. Дзяржаўны савет, згодна з канстытуцыяй, сёння апоўначы на тэрыторыі ўсёй краіны ўвёў ваеннае становішча.

Мэтай ваеннага становішча была ліквідацыя сацыяльнага пратэсту, затрыманне дэмакратызацыі, распачатай у жніўні 1980 года. Афіцыйна падставай для ваеннага становішча было названа пагаршэнне гаспадарчага палажэння краіны і пагроза дзяржаўным інстытутам.

Савет нацыянальнага выратавання стрымаў выхад прэсы, былі мілітарызаваныя тэлебачанне, радыё і прамысловыя прадпрыемствы. Была ўведзеная каменданцкая гадзіна. Прафсаюзы і аб’яднанні былі дэлегалізаваныя. Забастоўкі і масавыя пратэсты гвалтоўна разганяліся арміяй і міліцыяй.

Ваеннае становішча было адмененая ў дзень галоўнага свята камуністычнай Польшчы — 22 ліпеня 1983 года; яно працягвалася 586 дзён. Паводле розных падлікаў, цягам ваеннага становішча ў Польшчы было забіта ад некалькіх дзясяткаў да ста чалавек, а інтэрнавана каля 10 тысяч чалавек.

У 2002 годзе Сейм Польшчы зацвердзіў 13 снежня Днём памяці ахвяраў ваеннага становішча.

www.polskieradio.pl


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: