Палярны аншлюс

Ідэя аб’яднання Архангельскай вобласці і Ненецкай аўтаномнай акругі зноў надала актуальнасці тэме ўзбуйнення расійскіх рэгіёнаў і пагрозам ліквідацыі нацыянальных аўтаномій.

Адсутнасць прагрэсу ў інтэграцыі з Мінскам Масква можа часткова кампенсаваць навінамі з рэгіёнаў. Відавочна, не без удзелу федэральнага цэнтру ідуць актыўныя інтэграцыйныя працэсы паміж Архангельскам і Ненецкай акругай. Ужо падпісаны мемарандум пра намеры аб’яднаць рэгіёны. Ёсць нават дарожная карта. Паводле яе, фінальнае рашэнне наконт аб’яднання будзе прынятае пасля правядзення ў абодвух рэгіёнах рэферэндумаў у адзіны дзень галасавання 13 верасня. Па словах чыноўнікаў, нічога асаблівага не адбываецца. Ненецкая акруга ўваходзіла ў склад Архангельскай вобласці ў час яе стварэння ў 1937 годзе.

Большасць каментатараў схіляецца да тэзісу, што тое аб’яднанне — сапраўды, сюжэт, хутчэй, лакальнага маштабу. У дадзеным выпадку з аднаго боку ёсць дэпрэсіўная Архангельская вобласць. З іншага — больш багатая за кошт здабычы нафты і газу Ненецкая акруга. У выніку аб’яднання суб’ектаў можна будзе вырашыць частку праблем Архангельска, які шчыльна сядзіць на датацыях.

Ёсць думка, што папаўненне архангельскага абласнога бюджэту таксама дапаможа ўзняць градус лаяльнасці насельніцтва на адрас улады. І, перш за ўсё, зняць з павесткі дня балючую праблему палігона для маскоўскага смецця каля станцыі Шыес. Раней паведамлялася, што сюды на працягу 20 гадоў плануюць прывезці больш за 10,5 мільёна тон бытавых адходаў са сталіцы. Заканамерна, што гэта не падабаецца мясцовым жыхарам і эколагам, якія рэгулярна арганізуюць пратэстныя акцыі. Прычым, як прызнаюць назіральнікі, гэта абсалютны фенаменальны нізавы народны пратэст, якому не патрэбныя кадравыя, фінансавыя і экспертныя рэсурсы звонку.

Між тым, гучаць і больш алармісцкія галасы. Дапускаюць, што падзеі на Поўначы — не што іншае, як чарговая серыя наступу на федэралізм, правы малых народаў, іх культуру і ідэнтычнасць. Тым больш, што запланаванае ўзбуйненне — не першае. Першы прыклад аб’яднання рэгіёнаў і змены адміністрацыйна-тэрытарыяльнай карты Расійскай Федэрацыі пасля прыняцця ў 1993 годзе здарыўся ў 2003-м. Тады аб’ядналі Пермскую вобласць і Комі-Пярмяцкую аўтаномную акругу ў Пермскі край. Апошні раз, у 2008-м, інтэграваліся тагачасная Чыцінская вобласць і Агнінска-Бурацкая аўтаномная акруга, якія ў выніку сфарміравалі Забайкальскі край.

Ідэя ўнітарнай дзяржавы сапраўды папулярная сярод часткі расійскай эліты. Прычым у клуб яе лабістаў уваходзіць не толькі эксцэнтрычны Жырыноўскі, які заклікае вярнуцца да дарэвалюцыйнага адміністрацыйнага падзелу краіны на губерні. Шматлікія чыноўнікі і эксперты мяркуюць, што буйныя агламерацыі лепш пасуюць сучасным эканамічным выклікам і новаму тыпу гаспадаркі. Між тым, цяперашняя адміністрацыйна-тэрытарыяльная формула была створаная ў першай паловай ХХ стагоддзя пад іншы тып эканомікі.

Сярод тых, хто падзяляе такі падыход, экс-міністр фінансаў Аляксей Кудрын, спікер Савета Федэрацыі Валянціна Матвіенка, губернатар Бранскай вобласці і гэтак далей. Сенатар Сяргей Калашнікаў лічыў магчымым аб’яднанне некалькіх нацыянальных рэспублік Паволжа ў адміністрацыйны суб’ект, «які не мае нацыянальнай афарбоўкі».

З іншага боку, нават у цэнтры шмат нязгодных з тэмай мегарэгіёнаў. Эксперты прагназуюць праблемы кіравання і сацыяльныя канфлікты. Натуральна, ёсць фронда і на месцах. Напрыклад, кіраўніцтва Татарстану афіцыйна крытыкавала ідэі буйных агламерацый. Зразумела, што ў гэтым пытанні мясцовыя эліты абапіраюцца нават на апазіцыйную нацыянальную грамадскасць.

Зрэшты, адзінства наконт узбуйнення няма і ў шэрагах апазіцыі. Гледзячы на форумы, некаторыя мясцовыя, — у прыватнасці, татарскія, — нацыяналісты гатовыя падпісацца пад планам узбуйнення. Праўда, толькі ў выпадку, калі да Татарстану далучаць некаторыя тэрыторыі памежных рэгіёнаў, дзе шмат этнічных татараў. Яны лічаць, што ў склад Татарстану трэба інкарпараваць каля 40–45% Башкартастану, каля 20% Арэнбургскай вобласці, 50% Ульянаўскай вобласці, 20% Самарскай, і 5% Пермскага краю.

Таксама часткова падтрымаць узбуйненне рэгіёнаў гатовыя і прыхільнікі адраджэння Ідэль-Уралу (іншая назва — Уральска-Волжскі штат) — праекта нацыянальнай аўтаноміі татарскага і башкірскага народаў у часы расійскай рэвалюцыі і Грамадзянскай вайны. Хаця яго ўрад і прызнаваў савецкую ўладу, у сакавіку 1918-га чырвонаармейцы зачысцілі татарскі квартал Казані, у якім, па сутнасці, толькі і дзейнічала ўлада той аўтаноміі. У цяперашняй версіі, якую сфармулявалі на пачатку 1990-х гадоў, Ідэль-Урал ахоплівае больш вялікі арэал — Башкартастан, Татарстан, Чувашыю, Мардовію, Мары-Эл, вобласці Уралу з пераважна расійскім насельніцтвам. Этапам дзяржаўнага будаўніцтва Ідэль-Уралу, можа быць, маўляў, сфарміраваны на базе шэрагу нацыянальных аўтаномій рэгіён.

Як бы фантастычна ні гучалі канцэпты Ідэль-Уралу, рэальнасць, якую стварыла эпідэмія, дазваляе рэалізаваць самыя фантастычныя пражэкты. Паводле меркавання некаторых уральскіх СМІ, Крэмль сапраўды можа скарыстацца момантам, каб «нарэзаць» рэгіёны па-новаму. Імпульсам для рэанімацыі планаў унітарнай дзяржавы можа стаць новы эканамічны крызіс і неабходнасць змяншаць выдаткі.

Зрэшты, для пачатку трэба пераканаць жыхароў Ненецкай аўтаномнай акругі выказацца за саюз з Архангельскам. Усе мясцовыя назіральнікі пішуць пра неадназначную рэакцыю жыхароў, якія перажываюць за сацыяльныя наступствы аб’яднання.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: