Памёр першы дырэктар Чарнобыльскай АЭС Бруханаў. Ён — адзін з шасці чалавек, якіх судзілі пасля аварыі

На 85-м годзе жыцця памёр Віктар Бруханаў, першы дырэктар Чарнобыльскай АЭС, паведамляе «Радыё Свабода» са спасылкай на дзяржаўнае прадпрыемства «Чарнобыльская АЭС».

Былы дырэктар Чарнобыльскай АЭС Віктар Бруханаў, намеснік галоўнага інжынера Анатоль Дзятлаў і галоўны інжынер Мікалай Фамін падчас вынясення прысуду

Былы дырэктар Чарнобыльскай АЭС Віктар Бруханаў, намеснік галоўнага інжынера Анатоль Дзятлаў і галоўны інжынер Мікалай Фамін падчас вынясення прысуду


26 красавіка 1986 года на Чарнобыльскай АЭС адбылося два выбухі. У выніку цалкам разбурыўся рэактар чацвёртага энэргаблока станцыі, што прывяло да найбуйнейшай катастрофы за ўсю гісторыю атамнай энергетыкі. У тым жа годзе Бруханава і яшчэ пяцярых чалавек арыштавалі і судзілі. Ён атрымаў 10 гадоў пазбаўлення волі.

У Бруханава была інваліднасць другой групы. Да 1991 года ён адбываў пакаранне ў калоніі Луганскай вобласці, дзе працаваў слесарам у кацельні. Партал «Медиазона» пісаў, што падаць на ўмоўна-датэрміновае вызваленне яму ўдалося з дапамогай адміністрацыі калоніі, якая выдала былому начальніку станоўчую характарыстыку. Выйшаўшы на волю, ён уладкаваўся на працу ва «Укрінтэрэнерга».

Пакінутую сям’ёй Бруханава кватэру ў Прыпяці арганізатары паўлегальных экскурсій у «зону адчужэння» паказваюць усім жадаючым. Пасля вызвалення там пабываў і сам экс-дырэктар ЧАЭС: «Лепш бы не хадзіў. Мы з жонкай не ўзялі адтуль аніводнай рэчы. Прыйшоў — нічога не засталося. Толькі зламаныя крэслы, i тое не з нашага дому... Чуў, што сёння там можна пасядзець за „маім“ працоўным сталом. Блюзнерства».

«Усе абаранялі гонар сваіх мундзіраў! Толькі мяне ніхто не абараніў. Я лічу так: калі б сістэма абароны рэактара была нармальна сканструяваная, то аварыі не адбылося б», — прыводзіць «Медиазона» словы Бруханава пра судовы разгляд.

У красавіку 2021 года Служба бяспекі Украіны абнародавала сакрэтныя дакументы па катастрофе на Чарнобыльскай АЭС. Сярод апублікаваных дакументаў КДБ быў самы першы даклад аб выбуху ад Віктара Бруханава.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: