Памёр савецкі дысідэнт і пісьменнік Уладзімір Букоўскі

У нядзелю ўвечары ў Вялікабрытаніі памёр вядомы прадстаўнік савецкага дысідэнцкага руху, праваабаронца, пісьменнік, публіцыст і грамадскі дзеяч Уладзімір Букоўскі.
Фота ТАСС

Фота ТАСС

Пра гэта паведамляецца на яго сайце: "Уладзімір Канстанцінавіч Букоўскі памёр ад спынення сэрца ў бальніцы Адэнбрукс у Кембрыджы 27 кастрычніка 2019 года а 21:30 па Грынвіцкім часе. Яму было 76 гадоў. У апошнія гады ў яго было слабое здароўе".

Уладзімір Букоўскі быў адным з заснавальнікаў дысідэнцкага руху ў Савецкім Саюзе.

Ён нарадзіўся ў 1942 годзе ў горадзе Белебей у Башкірыі, дзе яго сям'я знаходзілася ў эвакуацыі. Пасля вяртання ў Маскву ён стаў адным з актыўных удзельнікаў дысідэнцкага руху.

У 1960 годзе ён — на той час студэнт МДУ — пачаў наведваць вальнадумныя паэтычныя чытанні ля помніка Маякоўскаму ў цэнтры Масквы. Некалькі актывістаў "Маякоўцы" былі арыштаваныя.

Сам Букоўскі быў упершыню арыштаваны ў 1963 годзе за выраб фотакопій забароненай у СССР кнігі.

Пасля выхаду на волю ў 1965 годзе ён прыняў актыўны ўдзел у падрыхтоўцы мітынгу ў абарону Андрэя Сіняўскага і Юлія Даніэля, за што зноў быў затрыманы і гвалтоўна накіраваны ў псіхіятрычную бальніцу.

Агулам правёў у зняволенні 12 гадоў. У 1976 годзе быў абменены на лідара чылійскіх камуністаў Луіса Карвалана.

Букоўскі пасяліўся ў Вялікабрытаніі, скончыў Кембрыджскі ўніверсітэт, пісаў кнігі і працягваў займацца палітычнай дзейнасцю.

"Мы ўсе, усе дысідэнты казалі, што палітыка павінна быць маральнай. І мы паўсталі не як палітычны рух. Мы былі рухам маральным. Наш асноўны імпульс быў — не перарабіць Расію, а папросту не быць удзельнікам злачынства. Ці не стаць часткай рэжыму. Гэта быў самы магутны матыў", — прыгадваў Уладзімір Букоўскі ў 2014 годзе.

Паводле www.bbc.com


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!