Памёр Стывен Хокінг, вядомы фізык і папулярызатар навукі

У брытанскім Кембрыджы ў ноч на 14 сакавіка ва ўзросце 76 год памёр фізік Стывен Хокінг, паведамляе «Радыё Свабода».


Як піша Reuters са спасылкай на заяву родзічаў Хокінга, ён памёр спакойна, дома. У яго засталося трое дзяцей.

Стывен Хокінг пражыў на паўстагоддзя больш, чым прагназавалі дактары. Калі яму было 22 гады, праз год па заканчэнні навучання ў Оксфардзе, дактары выявілі ў яго бакавы аміятрафічны склероз, казалі, што жыць яму засталося не больш за пару гадоў. Хокінг паступова губляў функцыі цела, правёў большасць жыцця ў інвалідным вазку амаль цалкам паралізаваным, размаўляць мог толькі праз кампутарны сінтэзатар мовы.

Але Хокінг працягваў займацца навукай і пасля дыягназу, выкладаў тэорыю гравітацыі. Найбольш вядомае яго дасягненне — распрацоўка тэорыі выпраменьвання чорных дзіраў (якія, як лічылася да таго, толькі паглынаюць усё, у тым ліку святло), названага пасля пацвярджэння гіпотэзы выпраменьваннем Хокінга. Аказалася, чорныя дзіры з цягам часу «паміраюць».

Хокінг нават больш вядомы ў свеце як папулярызатар навукі. Ягоная кніга 1988 года «Кароткая гісторыя часу», якая тлумачыць складаную астрафізіку простай мовай без выкарыстання формулаў, прынесла яму папулярнасць і стала бестселерам.

Хокінг затым напісаў яшчэ з дзясятак навукова-папулярных кніг, што сталі бестселерамі, а таксама разам з дачкой Люсі Хокінг выдаў чатыры дзіцячыя «навуковыя казкі». Хокінг да канца жыцьхця працягваў выступаць на канферэнцыях і ў СМІ.

У поп-культуры за Хокінгам замацаваўся вобраз «аднаго з разумнейшых у свеце», у якім яго паказвалі ў шэрагу фільмаў і серыялаў. Хокінг сярод іншага з'явіўся ў ролі самаго сябе ў камедыйным серыяле «Тэорыя вялікага выбуху». Пра маладосць Хокінга быў зняты мастацкі фільм «Тэорыя ўсяго».


www.svaboda.org

 

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!