Памперсы для Трампа, новы сцяг Францыі: тыдзень вачыма сусветных карыкатурыстаў

Сустрэча Трампа і Пуціна, палітызацыя рэстараннага бізнесу ў ЗША — гэтыя і іншыя падзеі тыдня вачыма сусветных карыкатурыстаў.

Увесь тыдзень Францыя святкавала перамогу ў чэмпіянаце свету. «Сінія» (так называюць зборную краіны) абыгралі ў фінале Харватыю і ў другі раз у гісторыі стала чэмпіёнам. Пад уплывам эйфарыі ў Францыі ліванскае выданне Swaha прапанавала французам памяняць дызайн свайго сцяга.



Між тым, многія афрыканцы лічаць, што чэмпіёнамі свету стала не зборная Францыі, а зборная Афрыкі. Сапраўды, многія вядучыя футбалісты маюць афрыканскае паходжанне. Бэкграўнд перамогі французаў адлюстраваў мастак выдання Mexique з Мексікі.


У фокусе ўсеагульнай цікавасці апынуўся і амерыканска-расійскі саміт у Хельсінкі. Частка каментатараў лічаць, што Дональд Трамп пасаваў перад Уладзімірам Пуціным. Мастак нямецкага часопіса Der Spiegel убачыў у гэтым нават нейкі дзіцячы комплекс амерыканскага гаранта. На малюнку Пуцін у думках баіцца, што Трамп можа назваць яго татам.


Тым часам у ЗША працягваецца скандал, які выклікаў выпадак у адным з рэстаранаў у штаце Вірджынія. Там прэс-сакратарку Белага дома Сару Сандэрс адмовіліся абслугоўваць з-за таго, што яна працуе на Дональда Трампа. Палітызацыю рэстараннага бізнесу ахвотна высмейваюць карыкатурысты ў тым ліку і газеты The Arizona Star. У змешчанай на яе старонках карыкатуры супрацоўнік рэстарану пытаецца ў наведвальнікаў: «Вы ў якой зале будзеце вячэраць — у зале для кансерватараў або для лібералаў?».


Між тым у свеце працягваецца сезон адпачынкаў. Амерыканскае выданне Student News Daily мяркуе, што адпачываць сёння прыходзіцца перш за ўсё ад залежнасці ад кампутараў, якія мрояцца нават на пляжах.

***
Паглядзіце таксама папярэднія агляды сусветнай карыкатуры. А якія тэмы былі б цікавыя вам? Пішыце ў каментарах!

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!