Папа супраць Папы

Каталіцкая грамада не на жарт заклапочаная нядаўнім канфліктам цяперашняга і папярэдняга Пантыфікаў. Ці не паўторыцца сітуацыя, калі ў Касцёле было адразу два Рымскія Папы?  

Яшчэ калі Бенядыкт XVI падаў у адстаўку ў 2013 годзе, многія былі  занепакоеныя тым, што экс-Папа вырашыў працягнуць жыць у Ватыкане. Гэта відавочна ідзе насуперак агульным уяўленням, што Ватыкан — гэта рэзідэнцыя адзінага і дзеючага Пантыфіка. Таму некаторыя ўжо тады пісалі, што такім чынам паўстае нешта накшталт паралельнай адміністрацыі Ватыкану, што патэнцыйна можа выліцца ў канфлікт.

Такога кшталту засцярогі спраўдзіліся праз 5–6 гадоў. Нягледзячы на сваю фізічную слабасць, Бенядыкт увесь час знаходзіць сілы крытыкаваць афіцыйную лінію цяперашняга Папы. Не прайшоў ён і міма апошніх дэбатаў наконт магчымасці адмену цэлібату і прызначэння жанчын святарамі.

У студзені стала вядома, што адстаўны Папа стаў суаўтарам новай кнігі Des profondeurs de nos cœurs («З глыбіні нашых сэрцаў»), якая абараняе традыцыйныя догматы царквы. 12 студзеня ўрыўкі з кнігі былі апублікаваныя ў французскай прэсе, што атачэнне Францыска ўспрыняло як адкрыты выклік. Некаторыя багасловы нават пішуць, што кніга Бенядыкта «прадстаўляе сабой незаконную форму ціску на Рымскага Папу».

У атачэнні Францыска твор палічылі правакацыяй, паколькі менавіта ў гэты час Папа задумаўся над лібералізацыяй догмату аб цэлібаце ў краінах Амазоніі. Аж дзевяць мясцовых біскупаў краінаў падчас кастрычніцкага Сабору ў Ватыкане заклікалі Папу даць жанатым мужчынам права быць святарамі. Таксама (праўда, пакуль асцярожна) казалі пра тое, каб адкрыць вакансіі святароў для жанчын.


У гісторыі каталіцкай царквы было больш за 30 выпадкаў, калі два Папы канфліктавалі паміж сабой. І практычна заўсёды за імі стаялі канкрэтныя групоўкі кліру. На думку многіх каментатараў, за апошніх некалькі стагоддзяў у гэтай галіне мала што змянілася.

Шмат каму кідаецца ў вочы, што 93-гадовы Бенядыкт, як адзначалася вышэй, мае зусім слабае здароўе. Ёсць інфармацыя, што экс-Папа ўвогуле не можа займацца фізічнай дзейнасцю больш за 15 хвілін на дзень. Наўрад ці такі чалавек мог стаць суаўтарам сур’ёўнай багаслоўскай кнігі. Значыць, за яго пісаў нехта іншы. Хто?

У медыях мяркуюць, што Бенядыкт выступае рупарам асобнай групы святароў, якія прытрымліваюцца кансерватыўных поглядаў. Называюцца такія імёны, як нямецкі кардынал Герхард Мюлер, асабісты сакратар Бенядыкта, арцыбіскуп Георг Гансвайн і гэтак далей.

З іншага боку, наўрад ці пералічаныя фігуры рыхтуюць рэстаўрацыю Бенядыкта на пасадзе Папы. Хутчэй за ўсё, гэта проста крытыка ў рамках агульнай царкоўнай дыскусіі. Аднак тая ж кансерватыўная фракцыя вернікаў успрыняла ўсё цалкам інакш. Для іх пратэст Бенядыкта супраць рэформаў догматаў стаў нейкім знакам хуткага пачатку крыжовага паходу супраць Францыска.

Прынамсі, на інтэрнэт-форумах нямецкіх католікаў шмат хто піша, што адстаўка Бенядыкта ў 2013-м была прадыктаваная яго часовымі праблемамі са здароўем. Цяпер былы Пантыфік, маўляў, ачуняў і гатовы даць бой Францыску з яго рэфармісцкімі забабонамі. Экс-Папу заклікаюць не абмяжоўвацца толькі крытыкай Францыска. На думку кансерватараў, трэба атакаваць спадчыну рэвалюцыі 1968 года, якая падарвала маральны фундамент хрысціянскай цывілізацыі. Аж да таго, што педафіламі сталі і некаторыя святары.  

Вельмі актыўна абсмоктваюць апошнія навіны і каталіцкія ліберальныя каментатары. Яны, наадварот, бачаць запуск рэвалюцыйнай трансфармацыі Касцёлу, дзверы адміністрацыі якога цяпер будуць адчыненыя для любога, у тым ліку жанатых мужчын і кабет. Часам лібералы даходзяць да таго, што ставяць пад сумнеў нават неабходнасць захавання інстытута Пантыфіка. «Расколіна, якая расце ў царкве, вядома ж, звязаная з надзяленнем аднаго чалавека абсалютнай, некантралюемай, квазісакральнай сілай», — піша адзін з каментатараў.

З іншага боку, ужо пару тыдняў афіцыйныя спікеры Францыска і Бенядыкта не дапускаюць узаемных выпадаў. Магчыма, бакі вырашылі адмовіцца ад прамой дуэлі, супакоіць эмоцыі сваіх прыхільнікаў. У гэтым плане можна казаць, што як мінімум бліжэйшым часам дысбаланс Касцёлу не пагражае. Хаця трэба дачакацца рэакцыі шырокай каталіцкай аўдыторыі на згаданую вышэй кнігу, якая вось-вось з’явіцца ў продажы.

Напрыканцы нельга не звярнуць увагу на яшчэ адну незвычайную, аднак вельмі папулярную версію апошніх падзей у Рыме. Чамусьці мусіруецца тэзіс пра тое, што канфлікт Пантыфікаў справакавала драма «Два Папы», што нядаўна выйшла на канале Netflix. У фільме граюць акцёр Энтані Хопкінс, які здымаецца ў ролі Бенядыкта, і яго калега Джонатан Прайс, што выконвае ролю Францыска. Па сюжэце два галоўныя персанажы спрачаюцца за сваю версію каталіцкай дактрыны. Сварка на экране, нібыта, была ўспрынятая абодвума Папамі настолькі блізка да сэрца, што і выклікала цяперашні раздрай у Ватыкане. Аднак чамусьці неяк слаба верыцца ў тое, што і Францыск, і Бенядыкт глядзяць серыялы.

 

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: