Парашэнка пра дапамогу НАТА: «Гэта менавіта тое, чаго мы чакалі»

НАТА падтрымлівае рашучыя двухбаковыя дзеянні сваіх членаў па прадастаўленні ваенна-тэхнічнай дапамогі Украіне.



Як паведамляе прэс-служба кіраўніка ўкраінскай дзяржавы, Пётр Парашэнка пачаў свой удзел у Саміце НАТА ў Паўднёвым Уэльсе з унікальнай па фармаце сумеснай сустрэчы з прэм'ер-міністрам Вялікабрытаніі Дэвідам Кэмеранам, прэзідэнтам ЗША Баракам Абамам, канцлерам Германіі Ангелай Меркель, прэм'ер-міністрам Італіі Матэа Рэнцо і прэзідэнтам Францыі Франсуа Аландам.

«Унікальны фармат сустрэчы дэманструе падтрымку краінамі НАТА тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны, якая сутыкнулася з знешняй агрэсіяй», —  адзначыў кіраўнік украінскай дзяржавы на пачатку сустрэчы.

Кіраўнікі дзяржаў абмеркавалі глабальны, кантынентальны і рэгіянальны кантэксты падзей на ўсходзе Украіны і адзначылі неабходнасць пошуку шляхоў мірнага вырашэння сітуацыі, якая склалася.  

Каментуючы сустрэчу, прэзідэнт Украіны падкрэсліў, што фактычна ўпершыню ў гісторыі ўкраінскай дзяржавы адбылася сустрэча ў фармаце лідэраў пяці найбуйнейшых краін свету — прэзідэнта ЗША, прэм'ер-міністра Вялікабрытаніі, канцлера Германіі, прэм'ер-міністра Італіі і прэзідэнта Францыі, на якой былі прадэманстраваны рашучыя намеры па падтрымцы Украіны.  

«Ёсць разуменне, што, падтрымліваючы Украіну, падтрымліваючы мір, стабільнасць і дээскалацыю сітуацыі на Усходзе, яны падтрымліваюць стабільнасць Еўропы і свету. Гэта сёння не толькі пытанне ўкраінскага канфлікту, гэта — глабальнае пытанне», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

  Пётр Парашэнка паведаміў, што адбыўся абмен думкамі па некалькіх напрамках. У прыватнасці, абмяркоўвалася падтрымка Украіны ў сферы бяспекі. «Сёння ў рэзалюцыі саміту НАТА будзе дакладнае зацвярджэнне, што Украіна мае падтрымку з боку НАТА», — заявіў прэзідэнт, паведаміўшы, што будуць прыняты вызначальныя рашэнні аб прыцягненні Украіны да спецыяльнай праграмы, дзе будуць створаны 4 траставых фонды, якія будуць спрыяць вырашэнню пытанняў лагістыкі, камунікацыі, кіберзлачыннасці, сацыяльнай рэабілітацыі параненых.

Па словах Пятра Парашэнкі, асаблівую ўвагу ўдзельнікі сустрэчы надалі ваенна-тэхнічнаму супрацоўніцтву. У дэкларацыі будзе пазначана, што НАТА падтрымлівае двухбаковыя рашучыя дзеянні краін-членаў па забеспячэнні ваенна-тэхнічнай падтрымкі для Украіны. «Гэта менавіта тое, чаго мы чакалі», — рэзюмаваў кіраўнік дзяржавы.   

Ён таксама адзначыў, што сёння будзе абмеркавана каардынацыя далейшых дзеянняў, у тым ліку ў пытанні прымянення санкцый.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!