Парламент Паўднёвай Карэі пачаў працэдуру імпічменту прэзідэнта

Парламент Паўднёвай Карэі афіцыйна запусціў працэдуру імпічменту у дачыненні да прэзідэнта краіны Пак Кын Хе.
Цяпер галасаванне па імпічменце павінна адбыцца на працягу бліжэйшых 72 гадзін. Верагодна, яно пройдзе ў пятніцу, 9 снежня, у апошні дзень бягучай парламенцкай сесіі. Назіральнікі лічаць, што ў апазіцыі дастаткова рэсурсаў і аргументаў для перамогі ў гэтым галасаванні.

Калі рашэнне аб імпічменце будзе прынята, Канстытуцыйны суд краіны на працягу 180 дзён павінен вырашыць, адхіліць Пак Кын Хе ад улады. Пакуль суд будзе прымаць рашэнне, кіраваць краінай будзе прэм'ер-міністр.

У канцы лістапада прэзідэнт Паўднёвай Карэі Пак Кын Хе, вакол якой разгарэўся карупцыйны скандал, заявіла, што яе далейшы лёс павінен вырашаць парламент краіны.

У тэлезвароце да нацыі яна папрасіла прабачэння за тое, што адбылося і падкрэсліла, што ў выпадку неабходнасці гатова сысці ў адстаўку да заканчэння прэзідэнцкага тэрміна ў 2018 годзе.
карупцыйны скандал

Раней пракуратура абвінаваціла памочніцу прэзідэнта Чхве Сун Сіль у тым, што яна незаконна прымушала буйны бізнес ўносіць шматмільённыя ахвяраванні ў два звязаных з ёй няўрадавых фонды. 20 лістапада Чхве Сун Сіль былі прад'яўленыя афіцыйныя абвінавачванні ў злоўжыванні ўладай і перавышэнні паўнамоцтваў.
У адпаведнасці з канстытуцыяй, пракуратура не можа прад'явіць крымінальныя абвінавачванні дзейнаму прэзідэнту, паколькі яна валодае недатыкальнасцю, аднак ведамства заявіла аб дачыненні Пак Кын Хе да карупцыйнага скандалу.

«Пасля некалькіх тыдняў інтэнсіўнага расследавання скандалу, які сатрасае краіну, следчыя прыйшлі да высновы, што Пак Кын Хе была непасрэдна замяшаная ў ім», — цытуе агенцтва Ёнхап прадстаўніка паўднёвакарэйскай пракуратуры.

Скандал вакол прэзідэнта Пак Кын Хе разгарэўся пасля таго, як журналісты аднаго з кабельных каналаў знайшлі ў смеццевым баку гатэля планшэт з сакрэтнымі дакументамі, сярод якіх былі тэксты прамоваў прэзыдэнта. Пазней прэзідэнт прызналася, што ў першыя гады на пасадзе раілася са сваёй сяброўкай Чхве Сун Сіль пры падрыхтоўцы да выступленняў, і прынесла прабачэнні грамадзянам краіны.

Пасля таго як стала вядома пра гісторыю з сяброўкай прэзідэнта, па краіне пракацілася хваля пратэстаў, удзельнікі якіх патрабавалі адстаўкі кіраўніка дзяржавы. Дэманстранты заяўлялі, што ў Пак Кын Хе «няма нават базавых якасцяў для кіравання краінай».

Паводле BBC

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: