Партыя «антыкаранцін»

Прывід гуляе па Еўропе — прывід партыі, якая змагаецца супраць санітарных абмежаванняў з прычыны пандэміі.

Спачатку была незадаволенасць у інтэрнэце, пасля моладзевыя хваляванні і пратэстныя музычныя вечарынкі, цяпер справа дайшла да маштабных маніфестацый супраць абмежаванняў, якія еўрапейскія ўлады ўводзяць у межах барацьбы з інфекцыяй.

Апошняя гучная акцыя «каронаідыётаў» (так вельмі часта называе гэту публіка прэса) здарылася ў Берліне. Амаль дваццаць тысяч чалавек дэфілявалі пад Брандэнбургскімі варотамі, пратэстуючы супраць вяртання жорсткіх правіл каранціну. Урад Меркель цяпер не выключае іх вяртання праз новы рост захворванняў і магчымую другую хвалю эпідэміі.

Менавіта таму, відавочна робячы тролінг з чыноўнікаў, удзельнікі акцыі таксама называюць свой рух «другая хваля». Прычым, як вызнаюць эксперты, удзельнікі «другой хвалі» прадстаўляюць увесь спектр грамадства — ад старых пенсіянераў да маладых сем’яў. Усе яны сабраліся, каб падтрымаць лозунгі 46-гадовага бізнесоўца са Штутгарта Міхаэля Балвега. З красавіка ён намагаецца рознымі акцыямі і петыцыямі давесці, што меры ўраду супраць каронавіруса супярэчаць параграфам Канстытуцыі. Ідэя сапраўды пайшла ў народ. Як ілюстрацыя — 225 тысяч еўра, якія простыя бюргеры ахвяравалі Балвегу на яго актыўнасць.

Аднак гэта, падаецца, толькі пачатак. Рух супраць каранціну, на думку спецыялістаў, імкліва набывае рысы палітычнага праекта — аж да магчымага паўстання тэматычнай партыі. Як лічаць спецыялісты, для гэтага ёсць умовы. У людзей назіраецца вялізарны асабісты дыскамфорт з-за пандэміі, якая можа, дарэчы, зацягнуцца надоўга. Пастаянны стрэс, выкліканы санітарнымі захадамі і жорсткімі патрабаваннямі, прыводзіць да жадання пратэставаць у тым ліку ў форме галасавання.

Пры гэтым старыя партыйныя структуры ў прынцыпе рытуальна падтрымліваюць каранцінныя мерапрыемствы, паколькі арыентуюцца на думку медыкаў-спецыялістаў. Як вынік — у грамадстве ўзнікае запыт на палітыкаў, якія пратэстуюць супраць рознага кшталту штрафу за адсутнасць маскі (у ФРГ, дарэчы, ён можа дасягаць тысячы еўра) або парушэнне рэжыму самаізаляцыі.

Тым больш, што знешне «другая хваля» нагадвае рух эколагаў 1970-х гадоў. Пад універсальнымі лозунгамі абароны наваколля і барацьбы з мірным атамам тады збіралася сацыяльна стракатая публіка, якая магла галасаваць за розныя партыі. Ніхто не падазраваў, што з часам тусоўка трансфармуецца ў сапраўдную партыю, якая праз гадоў дзесяць уключыцца ў барацьбу за міністэрскія партфелі.

Не забыўся і феномен «партый піратаў» — прыхільнікаў некамерцыйнага і вольнага інтэрнэту. Прыкладна дзесяць гадоў таму яны па-кавалерыйску ўварваліся ў шматлікія еўрапейскія парламенты. Праўда, хутка мода на «піратаў» прайшла. Тым не менш, там-сям, напрыклад, у Чэхіі, «піраты» застаюцца вельмі ўплывовай сілай. Дык чаму б праціўнікам каранціну як мінімум не паўтарыць вопыт «піратаў»?

Што за гулец можа з’явіцца на еўрапейскай палітычнай сцэне, калі праціўнікі каранціну, аб’яднаўшыся, высунуць палітычныя патрабаванні? На думку палітолагаў, хутчэй за ўсё, партыі антыкаранціну будуць нагадваць іншыя папулісцкія праекты, праўда, не з такімі моцнымі ксенафобскімі канатацыямі.

Разынкай партыйных дактрын крытыкаў каранціну будуць рознага кшталту канспіратыўныя тэорыі паходжання хваробы. Як вядома, шмат хто лічыць каронавірус вынаходкай алігарха Біла Гейтса, які, маўляў, планаваў зрабіць гешэфт на продажы вакцыны. Карыстаецца папулярнасцю і версія пра сакрэтную аперацыю кітайскіх камуністаў, якія з дапамогай вірусу вырашылі знішчыць Захад. Наўрад ці «каронаідыёты» надоўга прапішуцца на палітычнай сцэне, аднак іх з’яўленне можа стаць прыкметай скарачэння масавай лаяльнасці.

Магчыма, ужо ўвосень мы даведаемся, наколькі вартыя тэорыі пра паўстанне партый «каронаідыётаў». У кастрычніку адбудуцца выбары бургамістра Штутгарта, у якіх таксама вырашыў удзельнічаць той самы Міхаэль Балвег. Калі ў гэты час урад пачне ўводзіць абмежаванні праз прыход другой хвалі пандэміі, у Балвега сапраўды з’явіцца шанец.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: