Нямецкія хрысціянскія дэмакраты: 75 гадоў гісторыі

Сёлета нямецкі Хрысціянска-дэмакратычны саюз (CDU) адзначае 75-гадовы юбілей. Партыя за 71 год існавання ФРГ сумарна знаходзілася пры ўладзе больш за паўстагоддзя.

Фота www.br.de

Варта было чакаць, што падчас цяперашніх урачыстасцяў шмат хто жартам будзе праводзіць паралелі паміж CDU і КПСС, без якой уявіць той жа СССР немагчыма. Нейкая глеба для параўнанняў сапраўды існуе. Вельмі шмат элементаў цяперашняй мадэлі непадзельныя ад CDU: сацыяльная рынкавая гаспадарка, еўрапейская інтэграцыя, нямецкае адзінства і гэтак далей. Таму адзін з мясцовых гісторыкаў дазволіў сабе ахарактарызаваць юбіляра як «неафіцыйную федэральную дзяржаўную партыю».

Дыфірамбы сапраўды дарэчныя, калі ўзгадаць, што сабой уяўляла партыя 75 гадоў таму. Гэта быў кангламерат гурткоў, як правіла, ветэранаў каталіцкай партыі «Цэнтр», што існавала ў часы Веймару. Яны марылі пра адраджэнне старога партыйнага праекту, аднак заходнія саюзнікі, якія курыравалі мясцовы палітычны працэс, глядзелі на рэчы больш маштабна. Яшчэ ў сакавіку 1945-га амерыканскія аналітыкі задумаліся пра стварэнне ў пасляваеннай Германіі моцнай цэнтрысцкай партыі, актыў якой складаўся б як з каталікоў, так і з пратэстантаў.

Так ці інакш, партыйнае будаўніцтва стартавала, і на працягу лета 1945 года, нягледзячы на татальны пасляваенны хаос, фундамент новай арганізацыі фактычна быў закладзены. Няма сумневаў, што гэта была няпростая працэдура. Напрыклад, таму, што амаль усе немцы мелі нацысцкае мінулае. Напэўна таму першым старшынёй стаў Андрэс Гермес — удзельнік замаху на Гітлера ў ліпені 1944-га. Ад смяротнага пакарання яго выратаваў толькі нечаканы ўваход савецкіх войскаў у Берлін.

Увогуле, саюзнікі ў сваіх акупаваных зонах паступова дазволілі дзейнасць шматлікіх арганізацый, аднак у выніку самым паспяховым аказаўся праект Конрада Адэнаўэра — лідара Хрысціянска-дэмакратычнага саюза і першага канцлера ФРГ. Пад яго кіраўніцтвам партыя дзяжурна перамагала з 1950-га да 1966-га года, а яе правадыр у якасці выбарчай праграмы нават абяцаў не дапусціць любых эксперыментаў.

Безумоўна, фурор хрысціянскіх дэмакратаў тлумачыцца так званым «нямецкім эканамічным цудам», калі ФРГ ужо ў 1953-м вярнулася на даваенны ўзровень жыцця. Такім поспехам краіны спрыяў і шырокі спектр дыскусій унутры CDU. Кансерватыўнага аксакала Адэнаўэра не палохала прысутнасць у складзе кабінету больш ліберальнага міністра эканомікі Людвіга Эгхарда, які лічыцца бацькам «цуду».

Пасля сыходу Адэнаўэра партыі спатрэбілася больш за дзесяць гадоў, каб атрымаць наступнага харызматычнага лідара ў асобе Гельмута Коля. Ён не толькі зрабіў Хрысціянска-дэмакратычны саюз урадавай партыяй, аднак і дамогся адзінства краіны. Важна адзначыць, што Гельмут Коль моцна мадэрнізаваў партыю і абнавіў яе імідж, пазбавіўшы анахранізмаў пачатку «халоднай вайны». Нагадаем, што вельмі доўга хрысціянскія дэмакраты не прызнавалі пасляваенную ўсходнюю мяжу Германіі, патрабуючы вярнуць Гданьск, Уроцлаў, Калінінград і іншыя тэрыторыі.

Яшчэ будучы канцлерам, Гельмут Коль выступіў негалосным пратэжэ Ангелы Меркель, якая хутка ператварылася з усходненямецкай грамадскай актывісткі ў выбітнага партыйнага функцыянера, а з часам — і ў добрага канцлера. Прынамсі, ёю быў пабіты рэкорд знаходжання ў крэсле кіраўніка ўраду ФРГ: Меркель не пакідае яго аж з 2005 года.

Цяпер партыя ўпэўнена кро­чыць у чарговы этап сваёй гісторыі. Прынамсі, так пішуць афіляваныя з ёй медыя і каментатары са спасылкай на розныя лічбы. Напрыклад, кіраўніком кожнай трэцяй адміністрацыі ў краіне з’яўляецца хрысціянскі дэмакрат.

У апазіцыйных выданнях левай арыентацыі вы знойдзеце іншы, больш мінорны погляд на перспектывы CDU. Сцвярджаецца, што партыю Адэнаўэра-Коля-Меркель чакае непазбежны калапс. Такі палітычны суб’ект, як буйная «народная партыя», не адпавядае, маўляў, духу нашага часу, якому ўласцівая сегментацыя і сінгулярнасць. Як вынік, неўзабаве мусіць паўтарыцца феномен канца 1960-х, калі на фоне культурнай моладзевай рэвалюцыі Хрысціянска-дэмакратычны саюз прайграў дзве выбарчыя кампаніі запар.

Для выяўлення пераможцы ў спрэчцы, ці выжыве Хрысціянска-дэмакратычны саюз, вельмі шмат будзе залежаць ад фігуры, якая прыйдзе на змену «Матулі» (мянушка Ангелы Меркель). У тым ліку таму, што за яе часы партыя пасунулася ў ідэалагічных каардынатах да цэнтра. Некаторым аднапартыйцам такі трэнд не падабаецца — гучаць заклікі вярнуць партыю ў звыклую кансерватыўную нішу або нават стварыць партыю, больш правую за CDU. Ці будзе здольная партыя з сыходам Меркель захаваць рэпутацыю і сімпатыі розных сацыяльных груп, які сёння галасуюць за яе кандыдатаў?

У любым выпадку, пасля 15 гадоў кіравання Меркель для партыі скончыўся асобны этап. Сёння Хрысціянска-дэмакратычны саюз распачынае новы раунд сваёй партыйнай гісторыі.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: