Парыж — сталіца Алжыру?

Маштаб святкаванняў этнічнымі алжырцамі поспеху зборнай Алжыру па футболе ўразіў і шакаваў французаў, ды зноў выклікаў дэбаты пра нацыянальную ідэнтычнасць.

Фота www.livesport.ru

Алжыр — адна з краінаў, у дачыненні да якой слушная формула: «Футбол тут трошкі больш, чым футбол». Перш за ўсё, праз унікальную гісторыю паўстання мясцовай футбольнай зборнай. Алжырская зборная па футболе з’явілася ў 1958 годзе, калі афіцыйна краіна яшчэ не была незалежнай. Больш за тое, Парыж у той час яшчэ не страціў надзеі вайсковымі сродкамі падавіць паўстанне незалежнікаў.

Каб узняць дух супраціву, нарадзілася ідэя стварыць алжырскую каманду. Натуральна, FIFA і іншыя міжнародныя футбольныя структуры пад ціскам Францыі новую федэрацыю і яе каманду не прызналі. Аднак гэта не перашкодзіла алжырскім футбалістам правесці напрыканцы 1950-х гадоў тур па свеце. Кожны матч успрымаўся як маніфестацыя ў падтрымку незалежнага Алжыру. Лічыцца, што гульні зборнай моцна дапамаглі крышталізацыі нацыянальнай ідэнтычнасці. Магчыма таму алжырцы — такія заўзятары.

Тычыцца гэта, падаецца, і тых алжырцаў, бацькі якіх эмігравалі ў былую метраполію. У мінулым месяцы яны давялі сваю любоў да зборнай праз масавыя святкаванні перамогі Алжыру на Кубку афрыканскіх нацый (CAN) у Каіры. У Марселі ўвечары 19 ліпеня, калі Алжыр у фінале перамог Сенегал, 25 тысяч фанатаў спявалі папулярную крычалку: «One, two, three, viva l’Algérie!»

Там-сям святкаванні набывалі фармат беспарадкаў, у выніку якіх было арыштавана каля 250 асобаў.

Рэпартаж з Марселю і падобныя сцэны ў іншых гарадах, падаецца, апынуліся шмат для каго сапраўдным шокам. У прынцыпе, і раней у Францыі было шмат скандалаў наконт праблем з інтэграцыяй мігрантаў і іх нашчадкаў. Напрыклад, яшчэ не забыўся выпадак, калі на футбольным матчы мясцовыя этнічныя арабы засвісталі гімн Францыі — «Марсельезу».

Аднак цяпер усім стала відавочна, што ў краіне хеўра людзей, якія нарадзіліся ў Францыі, атрымалі французскую адукацыю, выраслі ў французскіх культурных і палітычных рэаліях, маюць французскі пашпарт, аднак асацыююць сябе з іншай краінай. Асабліва не спадабаліся бюргерам сэлфі, якія тыфозі з алжырскімі сцягамі рабілі на фоне Трыумфальнай аркі, Елісейскага палацу і іншых архітэктурных або манументальных сімвалаў французскай дзяржаўнасці.

У гэтым плане было чакана, што правыя партыі кінуцца рабіць піяр на дыскамфорце, які выклікаюць апісаныя сцэны ў простых французаў. «Як і многія французы, я быў уражаны тым, што французскія грамадзяне знялі французскі сцяг і вывесілі на яго месцы алжырскі. Я хачу спытаць у гэтых маладых людзей: Францыя вас прывітала, карміла, адукавала, клапацілася пра вас, але калі вы аддаяце перавагу Алжыру, то вяртайцеся ў Алжыр!» — звярнуўся да фанатаў алжырскай каманды адзін з спікераў партыі «Нацыянальны фронт» (RN) — структуры Марын Ле Пэн. Іншы функцыянер RN увогуле прапанаваў забараніць на тэрыторыі Францыі алжырскі сцяг.

У адказ ліберальныя і левыя СМІ намагаюцца змагацца з ксенафобскімі штампамі. Яны ахвотна даюць эфір французам арабскага паходжання, якія больш-менш лагічна тлумачаць сваю падтрымку каманды з гістарычнай радзімы. «Мы не прасілі, каб нас нарадзілі ў Францыі. І нават калі мы жывем тут, Алжыр — гэта наша другая радзіма. Таму нармальна праводзіць вечарыну, калі Алжыр выйграў вялікі турнір. Калі Францыя выйграла ў мінулым годзе Кубак свету, мы таксама гэта святкавалі», — кажа французская арабка ў інтэрв’ю выданню «20 minutes». Паводле афіцыйных каментараў, кожны грамадзянін мае права нешта святкаваць у публічных месцах.

Найбольш арыгінальна падышлі да сітуацыі мясцовыя аматары жартаў. Яны заклікалі французскіх нацыяналістаў заўзець за Нігерыю, якая мела шанс спыніць шлях алжырскай зборнай да перамогі. Маўляў, у выпадку перамогі нігерыйцаў алжырскія фанаты павінны былі застацца дома, і ўсё было б ціха.

Палітычны працэс у Францыі дастаткова дынамічны, і яшчэ не факт, што тэма выхадак алжырскіх фанатаў захавае актуальнасць да наступных выбараў. А вось на алжырскую палітыку поспех мясцовай зборнай адназначна паўплывае. Як вядома, прыкладна з красавіка ў краіне назіраецца глыбокі палітычны крызіс. Тады вуліца дамаглася, каб прэзідэнт-аксакал Абдэль Азіз Бутэфліка адмовіўся ад балаціроўкі на чарговую кадэнцыю. З іншага боку, уласнай зразумелай альтэрнатывы апазіцыя прапанаваць (і навязаць яе ўладзе) не здольная. Калектыўны энтузіязм з нагоды перамогі «лісіцаў» (так часта называюць алжырскіх гульцоў) можа надаць народным выступам новы імпульс.

У тым ліку таму, што шмат хто з алжырцаў бачыць у апошніх падзеях нейкую фатальную заканамернасць. Так склалася, што гэта — другі кубак CAN, які ўзяла зборная Алжыру, і яе першая буйная перамога за апошнія 25 гадоў. Паколькі перамога дзіўным чынам супала з кардынальнымі палітычнымі пераменамі, апазіцыянерамі робіцца катэгарычнае рэзюмэ: «Другому кубку патрэбная новая, Другая Алжырская Рэспубліка!»



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!