ЗША: Пасля 8 лістапада

Хто б ні перамог на выбарах у ЗША 8 лістапада, галоўная інтрыга захаваецца. Як засведчыла гэта электаральная кампанія, амерыканская палітычная мадэль падышла да пэўнай мяжы, калі ёй неабходныя рэформы.


Новае вымярэнне выбараў 2016-га выявілася не адразу. Калі год таму кампанія за акіянам стартавала, яна не ўспрымалася як нешта фатальнае. З улікам таго, што рэспубліканцы дасюль знаходзяцца ў пошуку новай ідэнтычнасці, падавалася, што Хілары Клінтан забяспечаны лёгкі шлях да прэзідэнцтва. Аднак нечакана для ўсіх шаблон выбараў парушыўся. Больш за тое, выбары не толькі выявілі, але і абвастрылі мноства сацыяльна-палітычных праблем.

Перш за ўсё, аказалася, што кандыдаты ад істэблішменту не здольныя задаволіць вялізарную колькасць выбаршчыкаў. Паводле апытанняў, дзвюм традыцыйным партыям сёння сімпатызуе меншасць амерыканцаў, што, дарэчы, беспрэцэдэнтны ў гісторыі факт. Адсюль феномен пратэстнага галасавання ў абодвух партыйных лагерах. Кульмінацыяй унутрыпартыйнага бунту сярод рэспубліканцаў стала перамога на праймерыз эксцэнтрычнага Дональда Трампа. Аналагічны бунт сярод дэмакратаў прывёў да ператварэння ўчорашняга маргінала, сацыяліста Берні Сандэрса ў асноўнага апанента Клінтан.

Па сутнасці, мы становімся сведкамі паступовай дэлегітымацыі ўсёй палітычнай сістэмы, якая яшчэ нядаўна лічылася амаль аптымальнай, не выклікала крытыкі з боку большасці электарату. З’яўленне кандыдатаў накшталт Трампа і Сандэрса і пазітыўнае стаўленне да іх з боку вялікай колькасці выбаршчыкаў кажуць як мінімум пра пачатак крызісу двухпартыйнай сістэмы, якая склалася ў Злучаных Штатах прыкладна сто гадоў таму.

Такім чынам, хто б ні быў абраны 8 лістапада на пасаду прэзідэнта ЗША, ён дакладна сутыкнецца з байкотам і сабатажам з боку вялікай часткі аднапартыйцаў. Прычым у выпадку рэспубліканцаў унутрыпартыйны крызіс можа скончыцца расколам. Прэса прызнае, што партыя можа не перажыць Трампа як з’явы, нават калі той прайграе выбары 8 лістапада і сыдзе з палітыкі. Мільярдэр за час кампаніі за кошт папулісцкіх лозунгаў здолеў мабілізаваць радыкальны актыў рэспубліканцаў. Цалкам верагодна, што радыкалы не дапусцяць простага вяртання партструктуры ў аўтэнтычны рэйганаўскі фармат рэспубліканскай партыі.

Некаторыя СМІ нават заклікаюць рэспубліканцаў, незадаволеных Трампам, не губляць часу, а пакласці партбілет на стол і заняцца ўласным партыйным будаўніцтвам. Крызіс рэспубліканцаў можа паскорыць і перамога Трампа, якому давядзецца кіраваць краінай практычна не маючы падтрымкі ў дэпутатаў-аднапартыйцаў у кангрэсе.

Другім, і значна большым выклікам для Злучаных Шатаў з’яўляецца падзел краіны на дзве антаганістычныя, прычым у дадатак узаемна вельмі агрэсіўныя, фракцыі. Як прызнае прэса, выбарчая кампанія перарасла ў вербальную грамадзянскую вайну. Адказнасць за гэта ў тым ліку нясуць і кандыдаты, якія парушылі старыя правілы гульні, дазволілі сабе вельмі брудныя прыёмы падчас агітацыі, панізілі планку палітычнай дыскусіі.

Прычым, лінія расколу праходзіць не толькі сярод простых амерыканцаў, але і на ўзроўні элітаў, якім сёння ўласцівыя дыяметральныя погляды, перш за ўсё ў пытаннях знешняй палітыкі. Эліты дасылаюць грамадству самыя супярэчлівыя сігналы, што ў тым ліку праявілася ў феноменах Сандэрса і Трампа. Усе прызнаюць, што той жа Сандэрс без апоры на пэўныя ўплывовыя колы не прарваўся б у буйныя медыя і, як следства, не прайшоў бы далей за першыя раўнды праймерыз.

Так ці інакш, сённяшнія кандыдаты не маюць вялікіх шанцаў аб’яднаць расколатыя на два лагеры ЗША — абодва не карыстаюцца падтрымкай і сімпатыямі большасці. Апошняя акалічнасць ставіць пад пытанне здольнасць новай адміністрацыі праводзіць канцэнтраваную, у тым ліку знешнюю, палітыку.

Праўда, саму ступень расколу ацаніць вельмі цяжка. Некаторыя кажуць, што сітуацыя нагадвае Вялікабрытанію перад рэферэндумам наконт выхаду з ЕС, калі частка істэблішменту падтрымала Brexit, а іншая, наадварот, запісалася ў прыхільнікаў еўраінтэграцыі. Камусьці цяперашняя сітуацыя нават нагадвае тую, што склалася перад грамадзянскай вайной у ЗША 1861–1865 гадоў. Напярэдадні вайны Лінкальн перамог на выбарах, але частка элітаў, якія яму апаніравалі, інерцыйна працягнула канфлікт, што ў выніку выліўся ў гарачую стадыю.

Таму зараз патрэбны пошук новай версіі амерыканскага кансенсусу, якую, відавочна, павінен сфармуляваць новы прэзідэнт. Характэрна, што крызіс амерыканскай мадэлі непакоіць не толькі амерыканцаў. Для большасці замежных, нават расійскіх, палітолагаў дэстабілізацыя ў ЗША з’яўляецца найгоршым варыянтам для глабальнага развіцця. За мяжою, дарэчы, таксама прапануюць свае праекты рэформаў у гэтай галіне. Некаторыя еўрапейскія палітолагі нават выступаюць за тое, каб на выбарах 2020 года абіралі прэзідэнта ЗША ва ўсім свеце.

Ці атрымаецца ў будучага прэзідэнта прапанаваць новую, інтэгруючую соцыум канцэпцыю палітычнай сістэмы, мы даведаемся дастаткова хутка. Пакуль жа можна з упэўненасцю сказаць: хто б з двух кандыдатаў — Клінтан або Трамп — ні стаў наступным прэзідэнтам ЗША, выбар, які зробяць амерыканскія выбаршчыкі ў бліжэйшы аўторак, можа апынуцца лёсавызначальным як для Амерыкі, так і для кожнага з нас.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!