Паўднёвакарэйская апазіцыя патрабуе імпічменту прэзідэнта

Скандал вакол Пак Кын Хе разгарэўся пасля таго, як журналісты аднаго з кабельных каналаў знайшлі планшэт з дакументамі, сярод якіх былі тэксты прамоваў прэзідэнта.

Пак Кын Хе. Фота GETTY IMAGES

Апазіцыя Паўднёвай Карэі пачала збор подпісаў за імпічмент прэзідэнта Пак Кын Хе, якую абвінавачваюць у дачыненні да карупцыйнага скандалу.

Паўднёвакарэйская апазіцыйная Партыя справядлівасці прапанавала забараніць прэзідэнту Пак Кын Хе пакідаць тэрыторыю краіны, а таксама прыняць меры для арганізацыі яе хутчэйшага допыту пракуратурай. Пра гэта гаворыцца ў распаўсюджанай у панядзелак палітычным аб'яднаннем паведамленні.

"Пракуратура павінна забараніць Пак Кын Хе выезд за мяжу і зрабіць захады для таго, каб ажыццявіць яе допыт", — адзначаецца ў дакуменце. Партыя таксама заявіла аб неабходнасці ў больш хуткім часе пачаць працэс імпічменту ў дачыненні да прэзідэнта, паведамляе ТАСС.

"Прэзідэнт Пак павінна сысці як мага хутчэй", — заявіла журналістам кіраўнік апазіцыйнай Дэмакратычнай партыі Чху Мі Э, адзначае ВВС.

Па паведамленнях паўднёвакарэйскіх СМІ, прэзідэнт Пак Кын Хе вырашыла не прымаць удзел у прызначаным на аўторак пасяджэнні Нацыянальнага сходу — парламента краіны.


© AP Photo/Ahn Young-joon


Між тым апазіцыя вырашыла выклікаць на парламенцкія слуханні кіраўнікоў сямі найбуйнейшых карпарацый Карэі, у тым ліку Samsung Electronics і Hyundai Motors. Пракуратура абвінаваціла памочніцу прэзідэнта Чхве Сун Сіль у тым, што яна незаконна прымушала буйны бізнес уносіць шматмільённыя ахвяраванні ў два звязаных з ёй няўрадавых фонду. 20 лістапада Чхве Сун Сіль былі прад'яўленыя афіцыйныя абвінавачванні ў злоўжыванні ўладай і перавышэнні паўнамоцтваў.

На думку следчых, Пак Кын Хе як мінімум ведала аб гэтых дзеяннях сяброўкі і сваіх падначаленых, і, хутчэй за ўсё, сама ўдзельнічала ў іх.

Пракуратура мела намер правесці допыт кіраўніка дзяржавы на бягучым тыдні, аднак яе адвакат заявіў, што яна не мае намеру супрацоўнічаць са следствам, паколькі абражаная такімі абвінавачваннямі.

У адпаведнасці з канстытуцыяй, пракуратура не можа прад'явіць крымінальныя абвінавачванні дзейнаму прэзідэнту, паколькі яна валодае недатыкальнасцю, аднак ведамства заявіла аб дачыненні Пак Кын Хе да карупцыйнага скандалу.

"Пасля некалькіх тыдняў інтэнсіўнага расследавання скандалу, што страсае краіну, следчыя прыйшлі да высновы, што Пак Кын Хе была непасрэдна замяшаная ў ім", — цытуе агенцтва “Йонхап” прадстаўніка паўднёвакарэйскай пракуратуры.

Скандал вакол прэзідэнта Пак Кын Хе разгарэўся пасля таго, як журналісты аднаго з кабельных каналаў знайшлі ў смеццевым баку гатэля планшэт з сакрэтнымі дакументамі, сярод якіх былі тэксты прамоваў прэзідэнта. Пазней прэзідэнт прызналася, што ў першыя гады на пасадзе раілася са сваёй сяброўкай Чхве Сун Сіль пры падрыхтоўцы да выступленняў, і прынесла прабачэнні грамадзянам краіны.

Пасля таго, як стала вядома пра гісторыю з сяброўкай прэзідэнта, па краіне пракацілася хваля пратэстаў, удзельнікі якіх патрабавалі адстаўкі кіраўніка дзяржавы. Дэманстранты заяўляюць, што ў Пак Кын Хе "няма нават базавых якасцяў для кіравання краінай".


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!