На якую кампенсацыю змогуць разлічваць палітвязні?

Са жніўня 2020 года за ўдзел у пратэстах у Беларусі былі арыштаваныя амаль 5 тысяч чалавек, больш за 3 700 — аштрафаваныя. Больш за 670 чалавек за кратамі прызнаныя праваабаронцамі палітычнымі зняволенымі. Цяжка ацаніць маральныя і фізічныя пакуты гэтых людзей. Але мы сыходзім з таго, што рэжым не вечны. І тады ўзнікае пытанне фінансавых кампенсацый ахвярам палітычнага пераследу. 

«Новы Час» паглядзеў, як гэтае пытанне вырашалася ў краінах былога камуністычнага блоку.


Польшча

Найбольш аператыўна праблема рэабілітацыі палітычных зняволеных была вырашана ў Польшчы. Пытанне кампенсацыі за рэпрэсіі было ўзнята ўжо на круглым стале падчас перамоў апазіцыі і ўлады, дзе абмяркоўвалася пытанне дэмакратычнай трансфармацыі.

А 23 лютага 1991 года, калі сацыялістычная Польская Народная Рэспубліка працягвала юрыдычна існаваць, быў прыняты так званы «Лютаўскі акт» — закон аб прызнанні несапраўднымі прысудаў, вынесеных у дачыненні да асоб, што былі рэпрэсаваныя падчас дзеяння ваеннага становішча.

Пазней было вырашана, што гэтыя людзі маюць права патрабаваць кампенсацыі. У выпадку смерці такога чалавека права на кампенсацыю прадастаўлялася яго жонцы, дзецям і бацькам. Цікава, што кампенсацыю магло атрымаць і дзіця маці, якая трапіла ў рэжым ізаляцыі ў стане цяжарнасці. Да гэтай катэгорыі асоб неўзабаве дадаліся тыя палякі, якія былі асуджаныя пасля вайны за дзейнасць на карысць польскай дзяржавы ці за службу ў шэрагах антысавецкіх мілітарных фармаванняў.

Спачатку максімальная сума кампенсацыі, якая магла быць запатрабаваная, не павінна была перавышаць суму ў 25 тысяч злотых. Аднак у 2011-м гэтая норма была адменена. Таму сённяшнія сумы кампенсацый могуць складаць некалькі мільёнаў злотых. Вядома, не абыходзіцца без скандалаў, калі нейкі экс-вязень незадаволены сумай кампенсацыі і патрабуе яе шматразовага павелічэння. Такі працэс выклікаў феномен з’яўлення вялікай колькасці юрыдычных кантор, што лабіруюць у судах інтарэсы экс-зэкаў і іх сваякоў.

Чэхаславакія

У камуністычную эпоху ў Чэхаславакіі было больш за 200 тысяч палітычных зняволеных. Іх адпраўлялі як у турмы, так і ў працоўныя лагеры, дзе яны часта (асабліва ў 1950-я гады) працавалі ў самых жудасных умовах, атрымліваючы заробак цыгаркамі. Праз пятнаццаць гадоў пасля падзення камунізму чэшскі ўрад нарэшце вырашыў выплаціць кампенсацыю былым палітычным вязням.

Акрамя таго, грошы належаць тым, хто быў заключаны ў турму ў перыяд пасля 1968 года. Памер кампенсацыі, якую былыя палітвязні атрымліваюць у якасці даплаты да пенсіі, разлічваецца ў залежнасці ад тэрміну пакарання. Напрыклад, той, хто правёў шэсць гадоў у турме або працоўным лагеры, атрымлівае каля 120 еўра. Зрэшты, канфедэрацыя палітвязняў лічыць, што гэта вельмі мала, і працягвае патрабаваць павелічэння сумы.

Германія

За 41 год існавання Усходняй Германіі праз мясцовыя турмы прайшлі больш за 250 тысяч палітычных зняволеных. Тым не менш, паводле дамовы аб аб’яднанні Германій, рашэнні судоў ГДР не адмяняліся. Проста ўсходнія немцы, якія лічылі сябе ахвярамі рэпрэсій, атрымлівалі права дамагацца адмены абвінаваўчых прысудаў.

Трохі пазней быў прыняты закон, які ўсталёўваў кампенсацыю палітвязням. Прыкладна ў 2007 годзе Германія пачала выплачваць яе палітычным зняволеным. На першым этапе кампенсацыя была абмежаваная штомесячным плацяжом у 250 еўра, які ў пачатку 2015 года быў павялічаны да 300 еўра.

Албанія

Але не ўсім палітвязням шанцуе так, як польскім або нямецкім. У Албаніі, напрыклад, дзе налічваецца каля 120 тысяч ахвяр камуністычнага рэжыму, гэты працэс зацягнуўся. Дайшло да таго, што ў 1994-м каля 2500 былых албанскіх палітычных зняволеных пачалі масавую галадоўку, абвінаваціўшы ўрад у тым, што іх выраклі на беднасць пасля вызвалення з турмаў. Урад, у сваю чаргу, аб’явіў акцыю незаконнай. Пазней паступалі паведамленні пра разгон пратэстоўцаў паліцыяй. Цікавы момант: чыноўнікі ў якасці кампенсацыі прапаноўвалі былым зняволеным жылплошчу ў пустых бункерах, якія актыўна будавалі пры камуністах.

У выніку кампенсацыі былі ўсё ж такі ўстаноўленыя. Закон, прыняты ў 2007 годзе, фіксаваў, што былыя палітычныя зняволеныя рэжыму мелі права на 2000 лей (14,3 еўра) за кожны дзень турэмнага зняволення, які яны адбылі. Аднак потым урад падзяліў плацёж на восем траншаў, а заплаціў увогуле толькі адзін. Толькі нядаўна ўрадам Албаніі быў пакладзены канец з затрымкамі па выплатах кампенсацый.

Румынія

Цікавы падыход да гэтай праблемы ў Румыніі. Падчас камунізму сотні тысяч румынаў былі заключаныя ў турмы ці адпраўленыя ў працоўныя лагеры па палітычных матывах. На сёння каля 45 тысяч былых палітычных зняволеных атрымліваюць кампенсацыі за сваё знаходжанне ў турме. Таксама яны маюць права на бясплатны праезд, лекі, вызваленыя ад платы за тэлефонныя размовы. Акрамя таго, спачатку яны маглі патрабаваць праз суд індывідуальную кампенсацыю.

Гэта дазволіла аднаму з былых палітвязняў атрымаць астранамічную суму. У 2007 годзе 68-гадовы Лучыян Арасель атрымаў 500 тысяч еўра ў рамках кампенсацыйных выплат за свае пакуты. У прынцыпе, рашэнне суда было справядлівым. Арасель адседзеў амаль восем гадоў у турме пасля арышту ў 1956-м, а вінаваты ён быў выключна ў тым, што даслаў ліст амерыканскім дыпламатам. Яго бацька і брат таксама былі арыштаваныя за гэтае «злачынства» і памерлі ў турме. Маці Араселя дэпартавалі ў сельскі раён як «ворага народа».

Гісторыя з кампенсацыяй у паўмільёна еўра прымусіла ўрад краіны ў 2010 годзе абмежаваць памер кампенсацый да 10 тысяч еўра. Такая мера, калі верыць ураду, была патрэбная, каб суды маглі аднолькава ставіцца да ўсіх людзей, якія падвергліся палітычнаму пераследу пры камунізме.

Як бачым, праблема кампенсацый для палітычных вязняў у кожнай краіне вырашалася па-свойму. Але калі ёсць асобы, якіх лічаць палітзняволенымі, то пытання кампенсацыі для іх у будучыні будзе цяжка пазбегнуць.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: