Пажар пад Чарнобылем: выратавальнікі збілі верхавой агонь

Адкрытага агню ў лесе пад Чарнобылем больш няма, але працягваецца тленне дрэваў. Украінскія пажарныя трымаюць сітуацыю пад кантролем.

Самалёт АН-32П тушыць пажар

Плошча ляснога пажару ў вёсцы Новыя Сокалы Кіеўскай вобласці па стане на раніцу пятніцы, 13 верасня, складае 10 гектараў, аднак адкрытага агню няма, паведамляе прэс-служба Дзяржаўнай службы Украіны па надзвычайных сітуацыях (ДСНС).

Паводле выратавальнікаў, на месцы пажару пад Чарнобылем застаецца тленне дрэваў. Супрацоўнікі ДСНС і леснікі ажыццяўляюць кантроль і маніторынг сітуацыі, абследуюць Іванькаўскі і Палескі раёны.

"Дзякуючы своечасоваму прыцягненню авіяцыі, а менавіта: двух самалётаў АН-32П і верталёта Мі-8, удалося збіць верхавы пажар і акружыць галоўныя крыніцы ўзгаранняў. Сітуацыя цалкам кантралюецца. Мерапрыемствы па ліквідацыі працягваюцца", — гаворыцца ў паведамленні.

На месцы пажару працуюць 25 чалавек асабовага складу ДСНС і тры адзінкі тэхнікі, а таксама 58 чалавек ад лясніцтва і дзевяць адзінак тэхнікі.


Пажар узнік у сераду, 11 верасня, каля 12:25. Адбылося ўзгаранне лясной падсцілкі на плошчы каля чатырох гектараў, што перарасло ў верхавы пажар. А да раніцы чацвярга, 12 верасня, плошча пажару ў Чарнобыльскай зоне вырасла ўтрая.

Напярэдадні паведамілі пра затрыманне падазраванай у падпале жанчыны, што паводле ўкраінскай паліцыі, наўмысна падпаліла траву, каб адпомсціць былому працадаўцу, які нібыта не выплаціў ёй грошы.

Пажар хутка перакінуўся на лес, а пасля — перайшоў на Чарнобыльскую зону.

У беларускай чарнобыльскай зоне ўчора таксама гарэла 50 гектараў лесу каля вёскі Ломыш Хойніцкага раёна. Для ліквідацыі пажару былі задзейнічаныя 53 адзінкі тэхнікі і 283 чалавекі, у тым ліку 32 адзінкі тэхнікі і 103 працаўнікі беларускага МНС. На 6.00 раніцы 13 верасня пажар быў лакалізаваны. Плошча, пройдзеная фронтам пажару, складае 50 гектараў.

Паводле звестак Рэспубліканскага цэнтра па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя, змены радыяцыйнага фону на тэрыторыі Беларусі не адбылося. Цэнтр гігіены і эпідэміялогіі таксама правёў дадатковыя замеры ў Хойніках, радыяцыйны фон не змяніўся, паведамляе www.racyja.com.

Паводле korrespondent.net,www.racyja.com.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!