Пазьняк: Палессе было ядзерным палігонам Савецкага Саюзу яшчэ да Чарнобылю

У Беларускім саборы св. Кірылы Тураўскага ў Нью-Ёрку 29 красавіка адбылася імпрэза, прысвечаная памяці аб Чарнобыльскай атамнай катастрофе.

Уранку, перад пачаткам імпрэзы была адслужана паніхіда па ўсіх ахвярах Чарнобыльскай катастрофы.  
Потым старшыня Беларуска-Амерыканскага Задзіночання, Наталля Федарэнка, адчыніла імпрэзу агульным дакладам пра падзеі падчас катастрофы на ЧАЭС, звяртаючы ўвагу на замоўчванне праўды савецкімі ўладамі, у выніку якога мільёны людзей, якія маглі пазбегчы моцнага апраменьвання, атрымалі вялікія дозы радыяцыі, а таксама падкрэсліваючы неахайнасць правядзення ратавальных прац па перасяленню насельніцтва з забруджаных тэрыторый.

Асноўны даклад зрабіў Зянон Станіслававіч Пазьняк, які падкрэсліў, што Чарнобыль — гэта трагедыя беларускай нацыі, якая будзе спадарожнічаць беларусам яшчэ сотні гадоў, таму мы павінны будаваць так жыццё і палітыку нацыі, каб выйсці з гэтай трагедыі жывамі, здаровымі і мець светлую будучыню.

Сп. Пазняк зьвярнуў увагу прысутных на факты таго, што пэўныя колы савецкіх уладаў выкарыстоўвалі трагедыю, як і Другую Сусветную Вайну ў свой час, дзеля ажыццяўлення пэўных геапалітычных і дэмаграфічных мэтаў, адной з якіх было вынішчэнне беларускага народу. Савецкія ўлады не прынялі ніводнага даступнага захаду, каб пазбегчы апраменваньня насельніцтва Беларусі ў маштабах нацыі.

Да таго ж сп. Пазьняк падзяліўся інфармацыяй, якая хаваецца ўжо шмат год, і папала да яго ад аднаго навукоўца-даследчыка, аб тым, што беларускае Палессе было ядзерным палігонам Савецкага Саюзу яшчэ да Чарнобылю, у 70-ыя гады 20 стагоддзя.

Праўда пра Чарнобыльскую трагедыю, якая была адкрытая БНФ у 1989 годзе,  зрабіла грандыёзнае ўзрушэнне ў беларускім грамадстве таго часу: каля 30 тысяч чалавек сабраліся на першы Чарнобыльскі шлях. Такое моцнае народнае адзінства прымусіла савецкія ўлады Беларусі нарэшце прыняць неабходнае заканадаўства ў падтрымку людзей, якія пацярпелі ад Чарнобылю. БНФ стварыў арганізацыю "Дзеці Чарнобыля", дзякуючы якой тысячы дзяцей мелі магчымасць выехаць за мяжу і некаторы час пажыць у чыстых ад радыяцыі зонах і паесці чыстай ежы. Сённяшні рэжым у Беларусі ня толькі закрыў грамадскія арганізацыі падтрымкі ахвярам Чарнобылю, ліквідаваў статус ліквідатара, але і пачаў уводзіць у севазварот забруджаныя тэрыторыі, што прыводзіць да агульнанацыянальнага накаплення дозы радыяцыі, а ўсё цалкам дэманструе антынацыянальную палітыку рэжыму на Беларусі.

Апрыканцы, сп. Пазьняк распавёў пра непатрэбнасць і небяспечнасць будаўніцтва Астравецкай АЭС. Ні па эканамічных, ні па энергетычных паказчыках Беларусь ня мае патрэбы ў будаўніцтве новай АЭС, адзіны зацікаўлены ў гэтам — Расія. І самае галоўнае тое, што будаўніцтва вядзецца ў самым неспрыяльным, сейсмічна актыўным месцы, што робіць Астравецкую АЭС наўпрост ядзернай бомбай.

Пасля дакладу сп. Пазьняка прысутныя праслухалі гісторыю з асабістага жыцця сябра БАЗА, Аляксандра Хомчанкі, які быў ліквідатарам наступстваў аварыі на ЧАЭС. Шчыры расповяд Аляксандра вельмі узрушыў усіх прысутных.

Апрыканцы імпрэзы быў паказаны фільм BBC "Чарнобыльская трагедыя".

Фота і відэа аўтара


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Абмеркаванне:

  • Яўген Мурашка
  • 2018-05-01 21:22:05
А ці давёў, пан слухачам аб тым, што урад Канады прапанаваў прыняць на сталае жыхарства 10 000 жыхароў з забруджанных раёнаў Гомельскай вобласьці?
Але тут пан Пазьняк выказаў сваю катэгарычную нязгоду. Маўляў, Беларусь згубіць свой генафонд.
А цяпер іншае пытаньне - а сколькі тысяч загінула ад радыяцыі, за 32 гады жыцьця у забруджанных раёнах, пан Пазьняк?