Перайменаваць Каляды

Каляды даўно ператварыліся ў самае любімае свята немцаў. Не дзіўна, што палітыкі час ад часу спрабавалі інструменталізаваць 25-га снежня. Часам даходзіла і да спробаў перайменаваць свята.

Фота www.warrelics.eu

Лічыцца, што першымі папулярнасць і маштаб калядных святаў ацанілі ў кайзераўскай Германіі. Яшчэ на мяжы мінулага стагоддзя на калядных паштоўках з’явіліся чорна-бела-чырвоныя арнаменты — фарбы тагачаснага дзяржаўнага нямецкага імперскага сцяга. У часы Першай сусветнай вайны на калядных паштоўках пачалі выяўляць Жалезны Крыж — самую прэстыжную вайсковую ўзнагароду. Адначасова Святога Мікалая і ялінку на тых жа паштоўках і плакатах пасунула выява жаўнера, які адзначае Каляды ў траншэях.

Эфект ад падобнай эксплуатацыі Калядаў быў неадназначны. Некаторыя гісторыкі лічаць, што ў выніку Каляды аказаліся мінай пад імперыю. Калі каляднае меню немцаў пачало складацца выключна з гародніны, крызіс у дзяржаве стаў відавочным для кожнага.

Зеніт інструменталізацыі Калядаў у палітычных мэтах адназначна прыйшоўся на часы панавання нацыстаў. Найбольш піярыўся на гэтай глебе чамусьці Ёзеф Гебельс. Штогод напярэдадні Калядаў міністр прапаганды пазіраваў для афіцыйнай кінахронікі на фоне ялінкі ў кампаніі з дзецьмі.

Любоў гітлераўцаў да Калядаў знешне выглядае трохі дзіўна. Усім вядома, што народжаны на Каляды Ісус быў яўрэям. Каб выратаваць твар, нацысты казалі, што ў аснове Калядаў — арыйскія традыцыі. Нездарма, маўляў, 25 снежня старажытныя германцы святкавалі зімовае сонцастаянне і «адраджэнне сонца». Святога Мікалая называлі ў Трэцім Рэйху пераасэнсаваннем германскага бога Одзіна. А Марыя выглядала на плакатах як стопрацэнтная бландзінка. Праўда, такую версію некаторыя нацысты лічылі апартуністычнай. Найбольш фанатычныя гітлераўцы заклікалі замяніць прыход Хрыста на прышэсце Гітлера, якога трэба было называць «Збаўца-фюрэр».

Эксперыменты з Калядамі мелі месца таксама ў сацыялістычнай Германскай Дэмакратычнай Рэспубліцы (ГДР). Значныя рэсурсы агітпропу былі кінутыя на тое, каб пазбавіць свята рэлігійнага падтэксту. Напрыклад, пад руку трапіў так званы «Калядны каляндар» (Adventskalender) — спецыяльны каляндар, які паказвае час, які застаецца да Калядаў. Згаданыя календары, паводле адпаведных цыркуляраў, трэба было называць «Перадкалядныя календары». У школьных і дзіцячых установах былі забароненыя традыцыйныя калядныя п’есы пра нараджэнне Ісуса. Рэлігійныя тэрміны і выразы калядных песень былі замененыя на нейтральную, нерэлігійную лексіку.

Калі верыць газеце «Tagesspiegel», у 1970-я гады на ўзроўні партыйнага кіраўніцтва ГДР нават прайшлі дэбаты наконт перайменавання свята. Партфункцыянеры намагаліся за кошт перайменавання сімвалічна звязаць папулярнае ў народзе свята і існуючы палітычны рэжым. Сярод варыянтаў альтэрнатыўных назваў Калядаў называліся «Свята заканчэння старога года» або «Дзень міру». Аднак прыкладна ў 1979-м камуністы зразумелі, што такая ініцыятыва выглядае камічна.

Адбіваліся на фармаце Калядаў у ГДР і асаблівасці сацыялістычнай гаспадаркі. Напрыклад, ялінкі, якія прадаваліся ў ГДР, выглядалі вельмі кепска. Таму бюргеры часта набывалі на святы адразу дзве ялінкі. Пасля трэба было зрэзаць з адной ялінкі ўсе галінкі і неяк прымацаваць на іншую.

Пасля аб’яднання Германіі Каляды, падавалася, страцілі нейкую палітычную афарбоўку. Праўда, некаторыя палітолагі адзначылі цікавы феномен. Паколькі ў калядных прамовах святары шмат кажуць пра гуманістычныя каштоўнасці, у гэты час звычайна ўздымаецца рэйтынг сацыял-дэмакратаў, праграма якіх апелюе да сацыяльнай справядлівасці. Праўда, гэта з’ява часовая.

З іншага боку, апошнім часам у Германіі фіксуецца эрозія першапачатковай рэлігійнай прыроды свята. Паводле газеты «Bild», цяпер толькі 22 працэнты немцаў адзначаюць Каляды паводле канону, які патрабуе ў тым ліку прысутнічаць на царкоўным набажэнстве. Пры гэтым прыкладна 56 працэнтаў апытаных катэгарычна адмаўляецца ад паходу на Каляды ў кірху або ў касцёл.

У гэтым плане выданне «Der Welt» не выключае імпарту ў нямецкую палітычную дыскусію амерыканскага азначэння «War on Christmas». Гутарка пра спробы бізнесу зарэтушаваць хрысціянскую выключнасць Калядаў, каб уключыць у калядную спажывецкую ліхаманку як мага больш людзей. Напрыклад, у рэкламе прадукту падчас Калядаў віншуюць не з нараджэннем Хрыста, а з пачаткам зімніх святаў. За акіянам ужо паўстаў рух клерыкалаў, якія выступаюць супраць камерцыялізацыі 25 снежня. Не выключаюць, што з часам у абарону каляднай традыцыі будзе актыўна выступаць і частка немцаў.

Праўда, гэта толькі версія. Фактам застаецца тое, што ўся Германія зараз весела святкуе Каляды. Так што «Frohe Weihnachten!» — «Вясёлых Калядаў!» 


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!