Першая евангелісцкая рэвалюцыя

Падзеі ў Балівіі азначаюць выхад на палітычную арэну, прынамсі на рэгіянальным, лацінаамерыканскім узроўні, новай уплывовай сілы — евангелістаў.

Фота www.tbn-tv.com


«Біблія вяртаецца ў (прэзідэнцкі) палац», — сказала часовая прэзідэнтка Балівіі Жанін Аньес, калі ўступіла на пасаду 12 лістапада. За некалькі дзён да гэтага Луіс Фернанда Камача, адзін з галоўных правадыроў паўстання, які прывёў да адстаўкі Эва Маралеса, прынёс Біблію ў той жа будынак, каб заявіць: «Бог вернецца ва ўрад».

Такія сеансы клерыкалізму, безумоўна, не выпадковыя. І Аньес, і Камача адрасавалі свае прамовы вернікам. У тым ліку евангелістам, якія аказаліся ў авангардзе перавароту. Неўзабаве пасля прэзідэнціх выбараў 20 кастрычніка лідары царквы «Нацыянальная хрысціянская рада» першымі заклікалі да супраціву і мабілізацыі супраць «карумпаванага ўрада» і «фальсіфікатара выбараў» Эва Маралеса. З часам, як вядома, іх падтрымалі сілавікі, якія прымусілі Маралеса сысці ў адстаўку ды збегчы ў Мексіку.

Балівія — не адзіная краіна, дзе цэнтры евангелістаў апошнім часам моцна ўплываюць на палітычны працэс. У Бразіліі евангелісты — галоўная электаральная база правапапулісцкага прэзідэнта Жаіра Балсанару. А ў Мексіцы заснаваная пастарам пяцідзясятнікаў партыя, наадварот, дапамагла перамагчы на прэзідэнцкіх выбарах леваму кандыдату Андрэсу Лопесу.

Як адзначае ВВС, «моцны ўплыў евангелістаў на ўздым і крах палітычных рэжымаў — адна з галоўных тэндэнцый цяперашняй палітыкі ў Лацінскай Амерыцы». Так, у той самай Лацінскай Амерыцы, дзе яшчэ ўчора татальна панаваў каталіцызм. На 1960 год, нагадаем, 94 працэнты жыхароў кантыненту былі вернікамі Касцёлу.

Палітолагі выяўляюць некалькі прычынаў, якія абумовілі экспансію пратэстантызму. Гэта менш жорсткія, чым у Касцёле, крытэры для кандыдатаў у святары, што пашырае прадстаўніцтва ў кліры самых бедных пластоў насельніцтва. Калі верыць нямецкаму выданню Junge Welt, часам пастарам можна стаць, калі праслухаць невялікі курс лекцый. Значная перавага пратэстантаў заключаецца ў тым, што пастыры могуць жаніцца. У параўнанні з імі каталіцкі святар выглядае прадстаўніком далёкай ад народу эліты. Папулярнасці пратэстантаў спрыяе дзейнасць сетак сацыяльнай і медыцынскай падтрымкі для маргіналізаваных грамадзян.

Прыкладам папулярызацыі евангелістаў можа быць усё тая ж Балівія, дзе яны з’явіліся толькі ў 1906-м. Доўгі час рух заставаўся практычна непрыкметным, але на мяжы стагоддзя кола евангелістаў пачало імкліва пашырацца. На 2013 год у краіне было ўжо каля 17 працэнтаў пратэстантаў. Пры гэтым у палітычным плане яны займаюць дастаткова правыя пазіцыі. Лідары евангелістаў выступалі супраць прагрэсіўнага заканадаўства аб свабодзе веравызнання, гендарнай роўнасці альбо рэформы закона аб лібералізацыі абортаў.

Вельмі асцярожна яны ставяцца да індзейцаў і іх культурных забабонаў. Палітыка Маралеса, накіраваная на ўзняцце статусу індзейскай спадчыны, разглядалася як латэнтная рэабілітацыя паганства.

У гэтым плане канчаткова не зразумела, наколькі дэмакратычны праект адпавядае ўяўленням евангелістаў пра ідэальную мадэль грамадства. «Хрыстос прыйдзе, Бог вызваліць Балівію ад цемры і рабства (…) Мы хочам, каб слова Ісуса Хрыста панавала ў гэтым народзе. Гэта можа стаць рэальнасцю, калі мы вызвалім Балівію», — казалі яны падчас падзей у кастрычніку-лістападзе.

Адмаўляць балівійскім евангелістам у рашучасці і радыкалізме нельга. «Балівія цікавая тым, што гэта больш каталіцкая краіна, чым Бразілія. 70% балівійцаў з’яўляюцца каталікамі. Але ў працэсе адхілення Маралеса ад улады мы пабачылі больш моцны ўплыў евангелістаў», — прызнае ВВС.

Між тым, 24 лістапада балівійскі парламент, дзе большасць належыць прыхільнікам Маралеса з партыі «Рух да сацыялізму» (MAS), прагаласаваў за правядзенне новых выбараў прэзідэнта. Пры гэтым правыя партыі — «Грамадзянскае аб’яднанне» і «Дэмакратычная хрысціянская партыя» — аказаліся не здольныя высунуць адзінага кандыдата. У той жа час MAS на сваім сходзе 8 снежня прадэманстраваў фенаменальнае адзінства. На 18 снежня яго дэлегаты прызначылі новы сход, які павінен абраць кандыдата на прэзідэнцкія выбары. Кіраўніком яго выбарчага штабу, як ужо вырашана, будзе Эва Маралес, які днямі перабраўся з Мексікі ў Аргенціну і яўна рыхтуецца да вяртання на радзіму.

Наўрад ці арганізатары адстаўкі Маралеса так лёгка аддадуць уладу. Таму пра балівійскіх евангелістаў мы яшчэ пачуем.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: