Першая міжнародная рэакцыя на захоп Расіяй украінскіх караблёў

Расійскія марскія памежнікі і сілы спецпрызначэння напалі на тры ўкраінскія караблі, калі тыя вярталіся пасля няўдалай спробы прайсці праз Керчанскі праліў у Азоўскае мора. Пры гэтым, паводле звестак украінскага боку, напад адбыўся па-за 12-мільнымі межамі водаў вакол акупаванага Крыму, на якія Расія прэтэндуе як на «свае тэрытарыяльныя», піша «Радыё Свабода».

Міністэрства замежных спраў Канады заклікае Расію вызваліць украінскія вайсковыя караблі, захопленыя ў Керчанскім праліве.

«Канада асуджае расійскую агрэсію ў дачыненні Украіны ў Керчанскім праліве. Мы заклікаем Расію да неадкладнай дээскалацыі, вызвалення захопленых караблёў і забеспячэння свабоды перамяшчэння [караблёў у праліве]. Канада непахісная ў падтрымцы ўкраінскага суверэнітэту», — заявіла міністр замежных спраў Канады Хрысця Фрыланд у Twitter.

Яшчэ шэраг краінаў далучыліся да асуджэння або выказалі занепакоенасць дзеяннямі Расіі, якая ўчыніла напад на вайсковыя караблі Украіны.

Польшча, у прыватнасці, «з усёй сілай» асудзіла «агрэсіўныя дзеянні Расіі» і заклікалі яе ўладу паважаць міжнароднае права. Абодва бакі Варшава заклікае да стрыманасці «ў цяперашняй сітуацыі, якая можа пагражаць стабільнасці еўрапейскай бяспекі».

У МЗС Польшчы звярнулі ўвагу, што цяперашняя «драматычная эскалацыя напружанасці», падчас якой былі параненыя маракі і пашкоджаныя караблі ВМС Украіны, «мае свае крыніцы ў паслядоўным парушэнні Расійскай Федэрацыяй асноўных прынцыпаў міжнароднага права, у прыватнасці ў парушэнні тэрытарыяльнай цэласнасці і суверэнітэту Украіны».

«Пасля незаконнай акупацыі Крыму, распальвання канфлікту на Данбасе, пабудовы Керчанскага моста без згоды ўлады ў Кіеве Расія таксама груба парушыла прынцып свабоды мараплаўства», — адзначылі ў Варшаве.

Таксама Эстонія асудзіла напад Расіі на ўкраінскія судны і заклікала неадкладна вызваліць захопленыя караблі. «Гэтыя дзеянні парушаюць і міжнароднае права, і суверэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасць Украіны, і з’яўляюцца свядомым учынкам з мэтай эскалацыі напружанасці», — заявіў міністар замежных спраў Эстоніі Свэн Міксэр, якога цытуе ягонае міністэрства.

А ў Міністэрстве замежных спраў Румыніі заявілі, што «глыбока занепакоеныя» апошнімі падзеямі. «Агрэсія і парушэнні міжнароднага права падрываюць бяспеку ўсяго рэгіёну», — заявілі ў Бухарэсце.

«Румынія цалкам падтрымлівае тэрытарыяльную цэласнасць і суверэнітэт Украіны і яе права карыстацца сваімі тэрытарыяльнымі водамі», — адзначылі ў МЗС гэтай краіны.

Вайскова-марскія сілы Украіны заявілі, што расійскія памежнікі ўвечары 25 лістапада адкрылі агонь па ўкраінскай карабельнай групе, шэсць маракоў былі параненыя. У ВМС паведамілі пра тры захопленыя ўкраінскія караблі. У Расіі заявілі аб «правакацыі Кіева», вайскоўцы якога нібыта «парушылі дзяржаўную мяжу Расіі». У Генштабе Узброеных сілаў Украіны паведамілі, што па стане на пачатак 26 лістапада лёс украінскіх вайскоўцаў і караблёў невядомая.

Расійскія марскія памежнікі і сілы спецпрызначэння напалі на тры ўкраінскія караблі, калі тыя вярталіся пасля няўдалай спробы прайсці праз Керчанскі праліў у Азоўскае мора. Пры гэтым, паводле звестак украінскага боку, напад адбыўся па-за 12-мільнымі межамі водаў вакол акупаванага Крыму, на якія Расія прэтэндуе як на «свае тэрытарыяльныя». Перад тым Расія фізічна перакрыла Керчанскі праліў для ўсяго суднаходства, паставіўшы папярок яе цывільнае судна.

26 лістапада пасля паўночы на пасяджэнні Рады нацыянальнай бяспекі і абароны Украіны было прынята рашэнне аб падрыхтоўцы да ўвядзення ваеннага становішча ва Украіне на 60 дзён з прычыны нападу Расіі на ўкраінскія вайсковыя караблі.

Паводле азначэння міжнароднага права, якое прыводзілі ўкраінскія службоўцы, гэты напад складае акт агрэсіі; акрамя таго, Расія парушыла яшчэ цэлы шэраг міжнародна-прававых нормаў, калі не прапусціла ўкраінскія караблі з Чорнага ў Азоўскае мора праз Керчанскі праліў, звярнуўшыся для гэтага і да фізічнага блакавання руху ў праліве танкерам.

Прэзідэнт Украіны, вярхоўны галоўнакамандуючы Узброеных сілаў Пётр Парашэнка заявіў, што, згодна з Канстытуцыяй, падтрымлівае рашэнне вайсковага кабінету і ўсёй Рады бяспекі звярнуцца ў Вярхоўную Раду з просьбай разгледзець ўвядзенне ваеннага становішча ва Украіне.

Гэтае пытанне парламент павінен разгледзець увечары 26 лістапада на закрытым пасяджэнні, пачатак якога запланаваны на 16.00.

www.svaboda.org


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!