Перу. Паводка пакінула 100 тысяч чалавек без жытла

Праліўныя дажджы не спыняюцца ў Перу са снежня мінулага года. На палове тэрыторыі краіны абвешчаны рэжым надзвычайнага становішча.

Дажджы выклікалі паводкі, ахвярамі якіх ужо сталі па менш меры 75 чалавек, яшчэ 20 зніклі без вестак. Разбураныя 12 тысяч жылых дамоў і іншых будынкаў, 25 школ і 8 бальніц, 100 тысяч перуанцаў засталіся без прытулку. На палове тэрыторыі краіны абвешчаны рэжым надзвычайнага становішча.

У сталіцы Ліме перыядычна адключаюць водаправод — ачышчальныя станцыі не спраўляюцца з патокамі бруднай вады, якая сцякае з гор. У наваколлі горада разбітыя намётавыя лагеры для людзей, што засталіся без даху над галавой.

Многія населеныя пункты апынуліся адрэзанымі з-за апоўзняў, разбураных дарог і чыгуначных шляхоў. Ратавальнікі могуць дабрацца туды толькі на верталётах. Ім на дапамогу ўлады накіравалі вайсковыя падраздзяленні.

На думку спецыялістаў, разгул стыхіі тлумачыцца кліматычным феноменам Эль-Ніньё. Гэта цёплая плынь, што павышае тэмпературу паверхневага пласта вады ў Ціхім акіяне, уплывае на кірунак ветру і выклікае праліўныя дажджы.

Паводле euronews.com


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: