Адно з самых знакамітых камедыйных шоу свету адзначае 50-годдзе

Галоўныя сусветныя сатырыкі, «бітлы» гумару, каралі жарту… Гэта далёка не ўсе панегірыкі на адрас удзельнікаў камедыйнага шоу «Monty Python’s Flying Circus» («Лятаючы цырк горнага пітона»), якому ў кастрычніку споўнілася 50 гадоў.

Фота www.deviantart.com

У эфіры BBC 5 кастрычніка 1969 года аб 11 гадзіне пачалася дэманстрацыя гумарыстычнага камедыйнага шоу «Лятаючы цырк горнага пітона». Шоу пратрымалася 4 сезоны і пасля закрыцця стала прызнанай класікай. Некаторыя нават кажуць, што за гэты час Тэры Джонс, Джон Кліз, Майкл Пэйлін, Грэм Чэпмен, Эрык Айдл, Тэры Гіліям — удзельнікі калектыву, — цалкам і назаўжды змянілі камедыйны жанр.

Такі трыумф трошкі дзіўны, паколькі «пітоны» шмат эксперыментавалі — аж да таго, што без комплексаў ламалі традыцыйную структуру сатырычнага скетчу. Замест фінальнага жарту напрыканцы сцэнкі вельмі часта пачынаўся поўны абсурд або проста дэманстраваліся псіхадэ­лічныя мульцікі. Для тагачасных гледачоў такі сюррэалізм быў яшчэ больш прыкольным, калі ўзга­даць, што ВВС лічылася бастыёнам традыцыі і кансерватызму.

Нягледзячы на выкрутасы і бясконцыя пошукі, стваральнікі шоу паспелі выдаць набор скетчаў, якія кожны еўрапеец або амерыканец ведае гэтак жа добра, як мы — камедыі Гайдая. Канонам лічацца скетчы «Міністэрства смешнай паходкі», «Самы смешны жарт», «Іспанская інквізіцыя» і, натуральна, «Мёртвы папугай». У 1990-м яго ўзгадала Маргарэт Тэтчар, каб патроліць праціўнікаў-лібералаў, якія прынялі ў якасці сімвалу партыі выяву птушкі. Тэтчар тая птушка нагадала мёртвага папугая, якога па ходзе скетча кліент хоча вярнуць прадаўцу заалагічнай крамы. У сваю чаргу, той прыдумляе розныя адгаворкі аж да таго, што папугай проста заснуў.

Некаторыя краіны сёння ганарацца тым, што іх неяк узгадалі ў «Monty Python». Напрыклад, у Венгрыі вельмі гучна адзначылі юбілей выхаду скетча, у якім падарожнік з Венгрыі хоча набыць цыгарэты і спрабуе гаварыць з прадаўцом, выкарыстоўваючы за адсутнасцю іншага «венгерска-англійскі слоўнік ненарматыўнай лексікі».

«Пітоны», як вядома, прыдумалі тэрмін «спам» у тым разуменні, як мы яго ведаем сёння. У адным са скетчаў, дзе падзеі адбываюцца ў кафэ, усе стравы ў меню ўтрымліваюць «SPAM» (так сапраўды называлася гандлёвая марка кансерваў). Калі галоўны герой скетча, які прыйшоў у гэтую кавярню разам з жонкай, просіць прынесці яму страву без «SPAMа», афіцыянтка прапануе яму страву з «невялікай колькасцю SPAMа». Усяго гэтае слова згадваецца ў скетчы 108 разоў.

Падавалася, што за гады працы на ВВС «пітоны» высмеялі ўсё, што магчыма. Аднак галоўны скандал, выкліканы іх жартамі, быў наперадзе, — пасля таго, як яны пачалі здымаць кіно. Пасля някепскага дэбюту з фільмам «Святы Грааль» (грошы на яго, дарэчы, даў «бітл» Джордж Харысан) было вырашана здымаць фільм-пародыю «Жыццё святога Браяна». У фільме павінна была распавядацца гісторыя маладога яўрэя, які нарадзіўся ў тым жа месцы і ў той жа час, што і Ісус Хрыстос. Праз гэта героя памылкова прымаюць за Месію.

Паколькі ў стужцы было вельмі шмат жартаў на біблейскую тэматыку, яго рэліз мабілізаваў шматлікіх клерыкалаў. Нягледзячы на папраўкі, зробленыя па патрабаванні цэнзараў, фільм усё роўна адмовіліся круціць шматлікія студыі тэлебачання. Гарсаветы, дзе было багата вернікаў-пратэстантаў, забаранялі пракат стужкі ў мясцовых кінатэатрах. Той жа лёс чакаў карціну ў каталіцкіх краінах — Ірландыі, Італіі і гэтак далей. А ў Злучаных Штатах пікетаваць кінатэатры, дзе круцілі «Жыццё святога Браяна», выходзілі адначасова манашкі і равіны — незвычайная рэч, якая, наадварот, спрыяла рэкламе стужкі.

Заўзятым хрысціянам найбольш не падабалася канцоўка, дзе галоўнага героя караюць на крыжы, як Хрыста. Яны казалі, што гэтая сцэна — яўны здзек з пакутаў Ісуса, паколькі экзекуцыя выглядае вельмі камічна. Ахвяры ўкрыжавання спяваюць вясёлы матыў, а Браян кажа чалавеку на суседнім крыжы: «Бачыш, не ўсё так кепска!»

Пасля «Жыцця» выйшаў яшчэ адзін фільм, які стаў апошнім у кінаграфіі «пітонаў». У 1983 годзе творчая групоўка канчаткова распаліся, а яе ўдзельнікі заняліся паспяховай сольнай кар’ерай. Прычым, пазней неаднаразова сыходзіліся зноў — для рэалізацыі сумесных праектаў.

А вось спадчына групоўкі дасюль выклікае шмат спрэчак. Творчасць «пітонаў», якая ў 1960-я гады ўспрымалася як пратэст супраць каштоўнасцяў істэблішменту, з часам стала эталонам брытанскай культуры. Дайшло да таго, што тыя, хто хоча атрымаць брытанскі пашпарт, павінны ведаць самыя славутыя скетчы групоўкі. А выданне «Кансерватыўная жанчына» напярэдадні цяперашняга юбілею нават папрасіла прабачэння за тое, што ў 1969-м называла «Monty Python’s» «шоу для садыстаў».

З іншага боку, казаць, што творчасць «пітонаў» страціла пратэстны кампанент, таксама не варта. Нездарма ў 2011 годзе, заклікаючы пратэстуючых лонданцаў на акцыю «Occupy», Джуліан Асанж згадаў фразу, якую ў фільме казаў у фільме Браян, калі звяртаўся да натоўпу: «Вы ўсе асобы!»



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!