Украіна:«Перад законам мы сталі раўнейшыя»

Усе, з кім даводзілася размаўляць у Кіеве, упэўненыя: рэальная незалежнасць Украіны пачалася не ў 1991 годзе, а ў 2014-м. Калі на Майдане людзі разгарнулі вялізны плакат: «Зразумейце, нас дастала!». І сваімі рукамі памянялі абрыдлую ўладу.

21 лістапада 2013 года на Майдан Незалежнасці ў Кіеве выйшла каля 2000 чалавек. Яны выступалі супраць спынення ўрадам падрыхтоўкі дамовы аб асацыяцыі з Еўрасаюзам. 

Пасля спробы жорсткага разгону 30 лістапада, акцыя набыла масавасць (наступным днём на вуліцы выйшла адначасова да мільёна чалавек). Былі захопленыя некалькі будынкаў, узведзеныя барыкады, прад'яўлена патрабаванне адстаўкі ўраду. Майдан Незалежнасці стаў цэнтрам перманентнай пратэстнай акцыі, што трывала ўсю зіму.

У сярэдзіне студзеня супрацьстаянне радыкалізавалася. Пасля прыняцця «дыктатарскіх законаў» супраць удзельнікаў пратэстных акцый, распачаліся жорсткія штодзённыя сутыкненні з сілавікамі — з выкарыстаннем вадамётаў, гумовых куляў, камення і кактэйляў Молатава. 22 студзеня трое пратэстоўцаў былі забітыя, сярод іх — грамадзянін Беларусі Міхаіл Жызнеўскі.

З 18 па 20 лютага супрацьстаянне перайшло ў крывавыя вулічныя баі з выкарыстаннем стралковай зброі і ўдзелам снайпераў. Загінула каля сотні пратэстоўцаў і два дзясяткі байцоў сілавых структур. Падзеі скаланулі ўсю краіну — пакуль у сталіцы ўводзілі надзвычайнае становішча і давілі барыкады БТРамі, у абласцях пратэстоўцы захоплівалі адміністрацыі.

З 21 па 26 лютага ўладны рэжым рухнуў. Усё кіраўніцтва краіны сышло ці было адпраўлена ў адстаўку, прэзідэнт збег і быў адхілены ад улады Вярхоўнай Радай. Былі прызначаныя прэзідэнцкія выбары. Украіна пачала «разварот на захад», стаўшы на шлях структурных рэформаў і дэкамунізацыі. Цяжкімі і нечаканымі наступствамі рэвалюцыі сталі анэксія Крыма і вайна на Усходзе, якая трывае і да сёння.

Сёння, праз пяць гадоў, нельга сказаць, што ўсё, што было распачата падчас Рэвалюцыі Годнасці, атрымала свой лагічны працяг. Не ўсе вінаватыя ў крывапраліцці былі пакараныя. Толькі адзін чалавек апынуўся за кратамі, двое прысуджаны да пазбаўлення волі, 252 справы адпраўленыя ў суд, але вынесена па іх толькі 50 прысудаў. Усё яшчэ расследуюцца сто спраў, адшукваюцца 102 чалавекі.

Мы паразмаўлялі з непасрэднымі ўдзельнікамі тых падзей пра тое, ці спраўдзіліся чаканні ад Рэвалюцыі Годнасці і што сёння ўспрымаецца як яе перамогі і дасягненні.

«Не дазволім зрабіць з Украіны Беларусь!»


Аляксей, член ваенкама самаабароны Майдана, вайсковец:

— Сапраўдная гісторыя незалежнасці Украіны пачалася на Майдане 2014 года. Ніякіх чаканняў, што вось будзе нешта пэўнае, ні ў кога не было. Было ўсё пабудавана на адмаўленні. Януковіч падбудаваў усю дзяржаву пад свае крымінальныя схемы. У людзей адціскалі бізнес. І тры гады мы за гэтым назіралі. Калі душылі вялікі бізнес — яны паміж сабой разбіраліся — мы пра гэта не ведалі. Але потым пачалі душыць сярэдні і дробны бізнес. Вось тады ўжо народ проста збунтаваўся — галоўным чынам, сярэдні клас. Важна было прыбраць «данецкіх». Прычым не ў асобе аднаго толькі Януковіча. У тыя гады з'явілася вельмі шмат крыміналітэту, які прыехаў з Данецкага рэгіёну. Гэтыя бязмежнікі затрэціравалі ўсіх.
Фота Reuters

Фота Reuters

Для мяне выяўнае тое зло, якога нам удалося пазбегнуць. Адзін з лозунгаў быў, калі ўжо прынялі дыктатарскія законы, «Не дазволім зрабіць з Украіны Беларусь!». Гэты лозунг літаральна значыць, што мы не дазволілі бы задзейнічаць гэтыя законы. Паўплываць тады на іх прыняццё парламентам мы не маглі, але «забаніць» на ўзроўні грамадства — гэта ў нас атрымалася.

З нашага боку Майдан быў без зброі. Нешта зрабілі самі — палкі, дубцы, шчыты, кактэйлі Молатава, палілі покрыўкі. Былі выпадкі, калі да светлашумавых гранат прыкручвалі скотчам гайкі, шрубы. Але баявыя гранаты не выкарысталі ніводнага разу, бо разумелі, што будуць загінулыя, а гэтага не хацелася.

Іншы бок таксама, у пэўным сэнсе, імкнуўся мінімізаваць ахвяры. Але трэба разумець, што ён быў глыбока неаднастайны. Там былі розныя падраздзяленні. Адны з іх пастаялі намінальна і сышлі. А быў «Беркут». Які, дарэчы, таксама быў неаднастайны, бо складаўся з хлопцаў з розных абласцей. Былі ў «Беркуце» такія адбітыя на ўсю галаву, што зараджалі паляўнічымі патронамі свае «Форт-500», гладкаствольныя стрэльбы, зараджалі карцеччу замест гумовых куль. Яны свядома гэта рабілі. Той жа Жызнеўскі загінуў з-за гэтага.

Віталь Піровіч, галоўны рэдактар выдання «Дзелавая сталіца»:

— Калі людзі выйшлі на абарону збітых «Беркутам» студэнтаў 1 снежня 2013-га, праз дзень пасля разгону намётавага мястэчка, гэта было беспрэцэдэнтным для Украіны. Называюцца розныя лічбы: ад 500 тысяч да мільёна чалавек. І галоўнае: людзі не толькі выйшлі, некалькі дзясяткаў тысяч засталіся на Майдане. У гэтым плане Майдан быў эмацыйным крокам. Але трэба разумець, што гэты эмацыйны крок, увесь гэты выбух, доўга і карпатліва рыхтаваўся Януковічам, які паступова ўзурпаваў уладу.

Пасля мясцовых выбараў 2010 года Януковіч пачаў уводзіць ва ўладу сваю сям'ю. І ўжо пасля 2012-га ўрад фактычна напалову складаўся з прадстаўнікоў клана Януковічаў. Бізнес адкрыта адціскаўся, СМІ скупляліся. Януковічу заставалася зусім немнога, каб цалкам манапалізаваць інфармацыйную прастору. Яму года літаральна не хапіла.

Пры гэтым глуха расла незадаволенасць. Фіналам сталі выбары 2012 года — са скандаламі, бойкамі, збіццямі, фальсіфікацыямі. Не гульня з законамі, а поўнае бязмежжа — гэта тое, што раздражняла ў Януковічу нават яго найбліжэйшае аттачэнне. І калі пачаўся Майдан, Януковіч застаўся адзін.

Калі толькі Майдан выйшаў і выказаў пэўныя патрабаванні, Януковічу было дастаткова звольніць міністраў, адказных за збіццё студэнтаў, магчыма, нешта зрабіць у парламенце. Але ён сказаў, што нічога не будзе мяняць, і нікога зусім не пакараў.

Першыя дні Майдана катэгарычнага патрабавання «Януковіч, сыходзь!» не было. Максімальна — прэзідэнцкія перавыбары. Але што замінала пайсці на тыя выбары? Не здарылася бы ніякай трагедыі, нават калі б Януковіч прайграў. Жыў бы сабе спакойна як Кучма, быў бы паважаным чалавекам.

«Вострая патрэба зыходу ад Расіі»


Фармальнай прычынай пачатку Майдана 2014 стала непадпісанне Пагаднення аб асацыяцыі з Еўрасаюзам. Прайшло пяць гадоў, Украіна рушыць у Еўропу. Але ці не лічаць украінцы зараз, што гэта — шлях ва ўсё большую беднату? Напрыклад, Еўрасаюз усталёўвае квоты на вытворчасць і продаж аграрнай прадукцыі, а гэта грунт УВП Украіны — 22%. Ёсць рызыка банкруцтва і для энергетыкі, як для галіны з дарагімі энерганосьбітамі.

Віталь Піровіч:

— Януковіч бы гэта пагадненне пра асацыяцыю падпісаў у 2013 годзе, калі б ЕС паабяцаў яму крэдыты, якія ён потым атрымаў у Расіі. Дзірка ў бюджэце была настолькі вялікая за год да выбараў, што ў яго не было іншага выбару, як дзесьці знайсці гэтыя грошы. Я не думаю, што ўсе выразна пралічваюць сабе наступствы еўрапейскага вектару развіцця Украіны.

Але падчас Майдана была вострая патрэба зыходу ад Расіі. Адзіны вектар, які напрошваўся, — Еўропа. Што з сябе будзе ўяўляць Еўрасаюз праз год-два ці 20 гадоў, мы сказаць зараз не можам. ЕС цяпер нагадвае імперыю, дзе ёсць метраполія — «Берлін-Парыж», а перыферыя бунтуе, ёй не падабаецца ўся гэтая навязаная імперская бюракратыя.

Я не лічу пазітыўным магчымы развал ЕС, і не стаўлюся негатыўна да самога тэрміну «імперыя». Але ў ЕС сёння існуюць чыста імперскія праблемы. Украіне заўсёды варта памятаць пра нюансы, за якімі трэба сачыць у ЕС, рэагаваць на іх, не рабіць ні з чаго абсалютнай догмы.
Студэнцкі Еўрамайдан у Адзесе. Фота timer-odessa.net

Студэнцкі Еўрамайдан у Адзесе. Фота timer-odessa.net

Алег Андрос, зоаабаронца, журналіст:

— Мала каму цяпер вядома, што ў 2013-м было даследаванне, у якім проста падлічваліся страты ад магчымага заключэння асацыяцыі з ЕС. Але гэта непапулярная цяпер тэма. Януковіч не быў такім абсалютным злом для Украіны, якім яго малююць. Ён, прыкладам, актыўна прапагандаваў выкарыстанне сланцавага газу, які мог стаць спосабам незалежнасці ад Расіі, калі б супрацоўніцтва з ёй працягнулася. Многія заводы на Усходзе былі завязаныя на супрацу з Расіяй, у прыватнасці, на Харкаўшчыне. Менавіта таму той жа Харкаў не гэтак актыўна падтрымаў Майдан.

Больш зброі, але менш рабаванняў


— На руках у насельніцтва Украіны цяпер маецца вялікая колькасць зброі. Што гэта: «эфект Майдана», неабходнасць у любы момант стаць на абарону сваіх інтарэсаў?

Аляксей:

— Вялікая колькасць зброі на руках у людзей — гэта не эфект Майдана. Гэта вынік узброенага канфлікту на Усходзе. Гэта наступства вайны ўсюды, у любой краіне. У людзей шмат менавіта нелегальнай зброі. Для ўкраінцаў натуральна думаць «Хай ляжыць, на ўсялякі выпадак!». Я яшчэ не чуў, каб ва Украіне быў хоць адзін выпадак самаабароны сярод насельніцтва з выкарыстаннем нелегальнай зброі. Пра самаабарону з ужываннем легальнай зброі я чуў.

Але ёсць велізарная некіруемае зло — гранаты! Гранаты прасцей дастаць. У зоне ваенных дзеянняў ўліку яны не падлягаюць. Гранаты маленькія і непрыкметныя: паклаў у кішэню і пайшоў. Але рабаўнікі, па іх жа ўласных словах, асцерагаюцца. Ніхто не ведае, прыляціць яму граната ў адказ на вулічны напад ці не прыляціць. Па гэтай жа прычыне стала менш рабаванняў — налётаў на кватэры. ...І мянты па той жа прычыне перасталі быкаваць.

«Лаяць прэзідэнта стала прасцей»


— Ці сталі пасля Майдана 2014 медыя больш свабоднымі і незалежнымі?

Алег Андрос:

— На сёння адкрыць медыя па-ранейшаму можа толькі алігарх для абароны сваіх бізнес-інтарэсаў. Уладальнікі друкаваных СМІ і тэлевізійных каналаў засталіся, галоўным чынам, ранейшымі. Ясна, што лаяць прэзідэнта стала прасцей.

Віталь Піровіч:

— Змянілася тое, што, прыкладам, інфармацыю журналістам у адказ на запыт прадастаўляюць заўсёды. Часам гэта адпіска, часам — рэальная інфармацыя. Нядаўна была адкрытая справа: цягалі ў суд сына міністра ўнутраных спраў. Пры Януковічу прадставіць было немагчыма, што сына міністра ўнутраных спраў будуць цягаць па нейкіх судам. Так, ёсць праблема, гэтыя справы не заўсёды даводзяцца да суда. Але, у прынцыпе, перад законам усе сталі трошкі раўнейшыя. Мы пастаянна пішам, чытаем, чуем пра выпадкі рэйдэрства, з імі разбіраюцца. Ва ўсялякім разе, пасля Майдана такія выпадкі не застаюцца незаўважанымі і беспакаранымі. Заўсёды вакол максімальная грамадская ўвага.

— Наколькі празрыстай стала праца розных міністэрстваў? Ці стала менш бюракратыі?

Алег Андрос:

— Адзіны пазітыў: з'яўленне сістэмы «ProZorro» — сайта, на які выкладваецца маніторынг тэндараў. Мы цяпер саркастычна жартуем, што празрыста бачым, як крадуцца нашы грошы. Я магу зайсці на гэтую сістэму і паглядзець, што нейкія 60 пачкаў сурвэтак купляліся за пяць тысяч грывень. Далей я павінен моцна напружыцца, каб параўнаць факты, падаць тую справу ў пракуратуру і давесці да канца, а яна, найхутчэй, не давядзецца.

Гэта значыць, мы навучыліся маніторыць службоўцаў па еўрапейскім нормам, але пакуль бракуе сіл грамадзянскай супольнасці на гэтую дзейнасць. Цяпер, я так разумею, усё вяртаецца на свае колы. Магчыма гэта адбываецца таму, што новыя людзі прыйшлі, але сама сістэма засталася ранейшая

Аляксей:

— На мой погляд, стала прасцей, стала значна менш бюракратыі. Цалкам рэальна звычайнаму чалавеку запісацца на асабісты прыём да намесніка міністра. Такія звароты разглядаюцца. Што цікава, звароты ў Адміністрацыю Прэзідэнта таксама разглядаюцца: хутка і ў рамках закона.

Вядома, ёсць праблема, што розныя шызафрэнічныя асобы пішуць туды ўсялякае глупства. Нейкі час працавалі нават пасты ў фэйсбуку. Калісьці ў сябе ў фэйсбуку я зрабіў пост, што ўбачыў паліцэйскую машыну з налепкай адной з страхавых кампаній. Відавочна, што гэтая кампанія застрахавала ўсе паліцэйскія машыны разам, і зрабіла сваю рэкламу. Я сфатаграфаваў гэта і размясціў у сябе ў фэйсбуку. Так атрымалася, што ў той дзень была калегія МУС, на якой разглядалі гэтае пытанне таксама. Да канца дня ўсе налепкі з паліцэйскіх машын зніклі.

Я бачу пазітыўныя змены ў грамадстве, дзяржаве. Я не ведаю, хто як, але ў мяне ўжо такое адчуванне, што я, звычайны шараговы чалавек, магу паўплываць на нейкія дзяржаўныя працэсы.

Эканоміка і ўлада


— Ці павысіўся ўзровень дабрабыту людзей пасля Майдана?

 Віталь Піровіч:

— Колькі людзей, столькі і думак. Нехта кажа, пагоршыўся, нехта — палепшыўся. Калі браць «сярэднюю тэмпературу па палаце», мне здаецца, узровень дабрабыту людзей калі і стаў горш, то не на шмат. Зноў жа, тут трэба ўлічваць фактар вайны і той правал у УВП, які здарыўся з-за яе. Можна сказаць, мы абышліся лёгкім спалохам, усё магло быць значна горш.

А чалавеку ўласціва жаліцца заўсёды і чакаць ад дзяржавы чагосьці такога. Многія заяўляюць, што ўкраінцы павінны жыць як у Германіі. Але мне незразумела, чаму мы, украінцы, павінны жыць як у Германіі?! Станеце немцамі — будзеце жыць як у Германіі, а пакуль жывеце як украінцы. Многія ўкраінцы не хочуць працаваць, але чакаюць цалкам еўрапейскі ўзровень аплаты працы.

Алег Андрос:

— Калі ўлічваць, як вырас курс долара ў адносінах да грыўні, то можна сказаць, што людзі сталі жыць адназначна бядней. Прыватныя кампаніі пацярпелі менш, там проста паднялі зарплату работнікам адпаведна курсу долара. Што да бюджэтнікаў, яны страцілі досыць шмат. У 2013-м пры курсе 8 грыўняў за долар зарплата бюджэтніка ў тры тысячы грыўняў была адносна нядрэннай. А потым курс стаў рэзка змяняцца, практычна да 30 грыўняў за долар. Бюджэтнік збяднеў у некалькі разоў: цяпер мой заробак у доларавым эквіваленце толькі $200 супраць $400 у 2013 годзе.

— Ці задаволеныя ўкраінцы Парашэнкам як прэзідэнтам?

Глеб, журналіст, былы беларус, грамадзянін Украіны:

— Людзі адчуваюць незадаволенасць, але, трэба разумець, украінцы рана ці позна расчароўваюцца ў кожным прэзідэнце. Апроч таго, калі паглядзець, якія ў яго ёсць цяпер рэальныя паўнамоцтвы, то гэта ажыццяўленне прадстаўнічых функцыі і функцый галоўнакамандуючага. Рэальная ўлада — у парламента, які разглядае і прымае тысячы законапраектаў у год. Парашэнка быў бы не супраць сканцэнтраваць у сваіх руках уладу над праваахоўнымі органамі, але пасля злоўжыванняў Януковіча такой шанец яму ніхто не дасць. Цяпер абсалютна ўсё адно, ці застанецца Парашэнка прэзідэнтам яшчэ на адзін тэрмін альбо будзе абраны хто-небудзь іншы. Зразумела, што тыраніі ў любой форме больш ніхто не дапусціць. Умераная карупцыя ў розных дзяржаўных органах, у любым выпадку, была, ёсць і будзе — гэта трэба разумець.

Віталь Піровіч:

— Пазітыўны момант, што ўлада цяпер вельмі хваравіта рэагуе на праяву кожнай грамадскай незадаволенасці. Умоўна кажучы, толькі ідыёт або Януковіч мог выйсці на Майдан і сказаць «Разыдзіцеся!». Калі цяпер такое адбудзецца, то Парашэнка выйдзе на Майдан і скажа: «Вы ў мяне з языка гэта знялі. Я і сам тут падумаў, што так яно трэба зрабіць, як вы кажаце. Толькі думаў. Дзякуй, што вы прыйшлі. Цяпер будзем рабіць».

Пасляслоўе

Майдан быў і застаецца супярэчлівай з'явай: прынёс волю шматлікім людзям, але яго злачынствы дагэтуль да канца не расследаваныя, да ўлады прыйшоў новы прэзідэнт, але не народны лідар, а прадстаўнік старой дзяржаўнай сістэмы. Журналісты адчуваюць сваю незалежнасць, да іх прыслухоўваюцца, але, тым не менш, СМІ належаць алігархам. Бюракратыі стала менш, але латэнтная карупцыя ўсё роўна ёсць дзякуючы старому крымінальна-працэсуальнаму кодэксу. У насельніцтва на руках вялікая колькасць адзінак зброі, але вулічная злачыннасць скарацілася.

Насамрэч, усе гэтыя супярэчнасці — сведчанне разнастайных грамадскіх працэсаў. Часам звонку яны могуць уяўляцца досыць непрывабнымі — але гэта, несумнеўна, сведчанне росту і развіцця.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Абмеркаванне:

  • Anatol Starkou
  • 2018-11-21 17:28:26
Усё, што было ~5 гадоў таму вна Ўкраіне, гэта звычайная ўкраінская забава - бардак, гуляй поле, анархія, майдан, то бок безуладдзе. Чаму так атрымалася? Ўкраінцы як і мы беларусы недзяржаўныя людзі, і ім таксама як нам у 1991 дарма звалілася на карак незалежнасць з рук РФ. Мо таму нас часам цягне на плошчу, а іх на майдан. І што з незалежнасцю рабіць? Украінцы ў 2013 рашылі скакаць у ЕС.
Тады ж на форуме аднаго СМІ чытаў я парады ўкраінцам для паходу ў ЕC. Раіў Соломон былы грамадзянін Ненькі, грамадзянін Ізраілю. Зайшоў я на яго фэйсбук старонку і спытаў: "Сколько годиков Голландия скакала в ЕС?" - "1000", - просветил мудрый Соломон, который впаривал украинцам не эволюционный путь. Так народ Неньки под воздействием непродажных укро СМИ решился за несколько дней доскакать до Европы. Но доскакали украинцы до безвластия, бардака, разрухи в государстве и экономике, и остались без Крыма и Донбасса.

Государство это власть. Есть власть - есть государство, нет власти - народ на майдане.
  • фцф
  • 2018-11-21 21:37:55
Уласьць бывае ўсласьць, а бывае і на карысьць. Януковічава была ўсласьць. І вядома - каму. Лукашэнкава - на карысьць, але каму больш? Пакуль не вядома. Самому Лукашэнку, бел-народу ці "групе таварышаў"? Першапачатковая нібыта і карысьць з цягам часу, нейк неўпрыкмет, можа ператварыцца ў вялікую шкоду. Ці наадварот, першапачатковая шкода і нібыта "бязладдзе", можа абярнуцца паступовым выхадам з крызіса рэвалюцыйных завіхрэньняў да росту і стабільнасьці. Наш сёняшні вопыт і погляд можа быць абмежаваным ці ўвогуле памылковым. А каб скласьці сваё ўраджаньне аб сучаснай Украіне, лепш за ўсё там пабываць і пажадана, не толькі ў Кіеве. Уважлівы прагляд расейскіх і нават беларускіх каналаў для гэтага яўна недастатковы.
  • Anatol Starkou
  • 2018-11-21 22:35:21
БТ не гляджу. Мо раз у год, калі Лу выступае па 4 гадзіны. РашкаTV па ЮТуб - 60 минут, часам Соловьева і інш. + шоу типа Пусть говорят.

"Уласьць бывае ўсласьць, а бывае і на карысьць. Януковічава была ўсласьць."

Гэта напісаў чэл, які раіць не слухаць рашкіну прапаганду.
Хто табе сказаў, што Януковіч меў уладу і напакасціў Неньцы болей за інш алігархаў? Ўкра анты януковіцкая прапаганда? А ў нас хто шкодзіць? Няўжо Лука? А гэта хто сказаў? Бел-чырвона-белая прапаганда б-ч-б СМІ. Вна Ўкраіне адбылася "ракіроўка алігархаў"-2014. Лягчэй скакаць стала ўкрам? Няўжо. Дык давай вопытнага Луку, якога ніхто не спаймаў за крадзёж, заменім на Сьвятога Зяпона, які за мінулыя 22 гады палец аб палец не ўдарыў не тое што на дзярж службе, а й увогуле нічога не рабіў?!

"А каб скласьці сваё ўраджаньне аб сучаснай Украіне, лепш за ўсё там пабываць..."

Быў два тыдні ў лета 1998. Пакуль з Гомлю даехаў да Адэсы тамтэйшае ДАІ ледзь без штаноў не аставіла. Карупцыя-с. Януковіча тады яшчэ не было.
Каментар выдалены
  • Anatol Starkou
  • 2018-11-22 18:03:38
Вна Ўкраіне ў 2014 адбылася "рокировка достоинств олигархов", а не революция достоинства.
  • Anatol Starkou
  • 2018-11-22 02:33:26
Камент да майго першага каменту на фб форуме НЧ:
"у 91-м Украiне незалежнасць не сама i недарма ‘’звалiлася на карак’’, на рэфэрэндуме Украiна не прагаласавала за СССР."


Мой адказ: "Ты, як і ўсе б-ч-б беларусы, не здольны зразумець, што калі б не Міхал Сяргеявіч Гарбачоў, то мы САЎКІ па сённяшні дзень дружнымі калёнамі хадзілі б на Першаймай ці Сьвята Віялікага Акцябра пад сцягам Вялікага Леніна. Горби - нами непонятый гений тае эпохі. А галасаванне ці рэферэндум Вялікіх Украў былі следствам палітыкі Горбі."
  • Anatol Starkou
  • 2018-11-30 03:11:47
На фб форуме НЧ нечаканы камент да мяне жанчыны і я ёй адказаў:

Каб вы ведалі, мадам, я не размаўляю з жанчынамі на ТЫ. Наконт майго fl 2018-11-21 17:28:26 і вашага каментаў. Пра сэнс свайго, шчыра кажучы, забыўся. Прабег па ім ізноў, каб быць у тэме і вам адказаць. "Анатоль! Для тебя главное - это власть." Не для мяне, а для ці дзеля існавання дзяржавы. "Но ещё К.Калиновский писал..." Ведаеце, паважаная, я, ў адрозненні ад вас, не чытаў арыгіналы твораў Кастуся. Але чуў, што ў тыя часы пад шыбеніцай стаялі корры Свабоды з мікрафонам, якія запісалі яго прэдсмяротныя словы наконт расейскай пагрозы. "Власть избирается народом для того, что она своевременно реагировала на запросы жителей страны и предпринимала меры для удовлетворения всех требований народа." Не зусім так. Народ выбірае прадстаўнікоў улады, адпаведна закону аб выбарах, які до того прыняла ці зацвердзіла ўлада. Да таго ж, дзеля гэтай справы існуе Канстытуцыя або Асноўны Закон.