Пётр Парашэнка расказаў, ці працягнецца ваеннае становішча

Ваеннае становішча ва Ўкраіне не будзе працягнута пасля завяршэння 30-дзённага тэрміну яго дзеяння 26 снежня, калі не будзе поўнамаштабнага ўварвання Расіі. Пра гэта заявіў прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка на прэс-канферэнцыі ў Кіеве.


Пётр Парашэнка

«Калі не адбудзецца поўнамаштабнага ўварвання войскаў Расійскай Федэрацыі на тэрыторыю Украіны, за межамі лініі судакранання, ваеннае становішча падоўжанае не будзе, і пачнецца падрыхтоўка да выбараў прэзідэнта», — сказаў Пётр Парашэнка.

Парашэнка падкрэсліў, што яго прынцыповай пазіцыяй з'яўляецца тое, што ваеннае становішча не павінна перашкаджаць правядзенню выбараў.
Прэзідэнт таксама заявіў, што з моманту ўвядзення ваеннага становішча Расія адвяла менш за 10% тых войскаў, якія былі сканцэнтраваны раней ля мяжы Украіны.

«Ільвіная доля засталася. На жаль, адведзена толькі менш за 10%. Калі б войскі былі адведзены, я б неадкладна спыніў дзеянне ваеннага становішча», — запэўніў ён.

«У нас на сённяшні дзень існавала і працягвае існаваць пагроза нападу ўзброеных сілаў РФ на суверэнную тэрыторыю Украіны. Мы павінны быць гатовыя», — дадаў Парашэнка.

Прэзідэнт Парашэнка падкрэсліў, што першапачаткова планавалася ўвесці ваеннае становішча тэрмінам на 60 дзён, бо былі адпаведныя планы арміі аб разгортванні новых ваенных частак. Аднак пазней было прынята рашэнне аб перадыслакацыі войскаў, што дазволіла паменшыць тэрмін.

«Яна адбылася. Наша гатоўнасць да адпору агрэсіі значна павялічылася», — падкрэсліў ён.

pravda.com.ua

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: