Пётр Парашэнка заклікаў украінцаў Данбаса не галасаваць на «выбарах пад дуламі расійскіх аўтаматаў»

Прэзідэнт Украіны звярнуўся да грамадзян з заклікам не ўдзельнічаць у незаконных выбарах, што прызначаныя на акупаваных тэрыторыях Данецкай і Луганскай абласцей на 11 лістапада
president.gov.ua

president.gov.ua

Украіна чакае «ў бліжэйшыя гадзіны» пасяджэння краін Вялікай сямёркі і «рэакцыі партнёраў па ЕС, ЗША, Канады і ўсяго свету» на фэйкавыя выбары баевікоў у Данбасе, за правядзенне якіх Расія ўзяла на сябе поўную адказнасць, падцвердзіўшы ўдзел у акупацыі. Пра гэта 10 лістапада заявіў прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка падчас візіту ў Парыж, перадае прэс-служба АП.

«У выніку праведзеных кансультацый мы ўпэўненыя, што гэтыя «выбары» не будуць прызнаныя нікім. Яны не падпадаюць пад стандарты ўкраінскага заканадаўства, праводзяцца пад дуламі расійскіх аўтаматаў на акупаванай тэрыторыі», — заявіў ён.

Пытанне незаконных «выбараў» уключана ў пазачарговы парадак дня пасяджэння Пастаяннай Рады АБСЕ ў Вене, якое адбудзецца 12 лістапада, сказаў прэзідэнт. Таксама «выбары»  абмяркуюць на пасяджэнні Савета міністраў ЕС па замежных справах і ў Радзе Бяспекі ААН у Нью-Ёрку.

Парашэнка заклікаў грамадзян Украіны, якія жывуць на акупаваных тэрыторыях Данецкай і Луганскай абласцей, не ўдзельнічаць у незаконным галасаванні.

«Гэта РФ у традыцыйнай для сябе манеры робіць толькі для таго, каб спачатку ліквідаваць сваіх папярэдніх марыянетак, якія былі непасрэдна задзейнічаны ў забойствах, катаваннях, парушэнні заканадаўства ... Цяпер Расія робіць гэты крок толькі для таго, каб «выбраць» ужо прызначаных наступных марыянетак», — адзначыў ён.

«Украіна будзе прымаць усе меры, каб вярнуць акупаваныя Данбас і Крым. І ўвесь свет цяпер з намі», — рэзюмаваў прэзідэнт.

11 лістапада на тэрыторыі акупаваных Расіяй украінскіх абласцей з 7 гадзін раніцы працуюць участкі для галасавання. Еўропа і ЗША негатыўна выказаліся аб правядзенні такіх выбараў на непадкантрольных Украіне тэрыторыях.

Паводле замежных СМІ

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: