Плюс салахаманія ўсяго свету

Дыега Марадона, які падпісаў кантракт з брэсцкім "Дынама", не адзіны футбаліст, што прымусіў гаварыць пра сябе. Дзякуючы фантастычнай гульні егіпецкага футбаліста Махамеда Салаха свет ахапіла салахаманія, якая можа мець і значныя сацыяльна-культурныя наступствы.

Фота www.sport-express.ru

У лютым гэтага года Егіпет «абіраў» прэзідэнта. Слова «абіраў» узятае ў двукоссі, паколькі пераможца быў вядомы загадзя. Абдул-Фатах Ас-Сісі — аўтарытарны кіраўнік дзяржавы — атрымаў элегантную перамогу, узяўшы 98 працэнтаў. Аднак выбарчая гонка на берагах Ніла мала цікавіла сусветную супольнасць не толькі праз яе штучны характар. Слова «Егіпет» апошнім часам выклікае асацыяцыі выключна з Махамедам Салахам — гульцом англійскага клуба «Ліверпуль», які творыць на полі сапраўдныя цуды.

На працягу гэтага сезона ён забіў ужо 43 галы ў 49 гульнях. Дзякуючы галам Салаха «Ліверпуль» прарваўся ў фінал Лігі Чэмпіёнаў, дзе будзе змагацца за галоўны трафей еўрапейскага клубнага футболу. Два галы Салаха ў вырашальнай гульні забяспечылі выхад зборнай Егіпта на Чэмпіянат свету ў Расіі. Махамеду ўжо далі тытул лепшага футбаліста англійскай футбольнай лігі ў гэтым сезоне, лепшага арабскага футбаліста, лепшага футбаліста Афрыкі. Лічыцца, што Залаты мяч — прыз лепшага футбаліста Еўропы — таксама амаль у яго кішэні.

Аматары футбола проста шалеюць ад фінтоў і галоў 25-гадовага Салаха. Лепшым індыкатарам тут, напэўна, з’яўляецца попыт на сувенірныя футболкі — копіі тых, якія носяць гульцы на полі. Упершыню за апошнюю дэкаду назіраецца скарачэнне попыту на футболкі такіх папулярных футбалістаў, як партугальца Ранальда або аргенцінца Месі. Іх нішу сёння заняў Салах.

Натуральна, усе рэкорды салахаманія пабіла на радзіме куміра. Практычна ў кожнай егіпецкай кавярні вісіць постэр з выявай Махамеда. Графіці са спартовым кумірам упрыгожваюць шматлікія гарадскія муры. Яго вобраз актыўна эксплуатуюць рэкламныя канторы. Калі верыць газеце «Egypt Today», ледзь не на кожным другім білбордзе ў Егіпце сёння выяўлены Салах, які нешта рэкламуе — ад цукерак да банкаўскіх крэдытаў. Мястэчка, дзе нарадзіўся спартсмен, стала турыстычным аб’ектам. Мясцовыя ахвотна распавядаюць пілігрымам пра тое, як у дзяцінстве Махамед кожны дзень дзве гадзіны (у тым ліку пешшу) дабіраўся да Каіра, дзе гуляў за свой першы ў кар’еры клуб.

Аўтарытэт футбаліста ў Егіпце такі каласальны, што яго называюць «новай егіпецкай пірамідай», «новым фараонам» і нават «прэзідэнтам Махамедам». Праўда, пакуль сам Салах у палітыку намагаецца не лезці. Ён актыўна працуе ў сферы філантропіі і прапаганды здаровага ладу жыцця. Трэба сказаць, што дасягненні і тут фантастычныя. Прыкладам служыць гісторыя з кампаніяй супраць наркотыкаў, якую публічна падтрымаў спартсмен. Пасля гэтага колькасць наркаманаў, якія звярнуліся па дапамогу, каб пазбавіцца ад кепскай звычкі, вырасла на 400 працэнтаў.

Папулярнасць футбаліста, напэўна, трошкі турбуе ўладу Егіпта. Незалежнае выданне «New Arab» сцвярджае, што на згаданых лютаўскіх выбарах каля 7 працэнтаў выбаршчыкаў (гэта прыкладна 2,6 мільёна чалавек) напісалі ў бюлетэнях прозвішча «Салах». Тыя бюлетэні пасля прызналі сапсаванымі. Акрамя таго, у Каіры ўсе ведаюць пра лёс Джорджа Веа — футбаліста з Ліберыі, які зрабіў імя ў Еўропе, каб пасля вярнуцца на радзіму і ў снежні мінулага года быць абраным прэзідэнтам. Менавіта поспехі на футбольным полі зрабілі з Веа найбольш папулярнага чалавека на радзіме.

Аднак, гледзячы па ўсім, пакуль егіпецкія ўлады бачаць больш карысці ў салахаманіі. Салах выклікаў такі вялікі інтарэс да футболу, што адцягнуў моладзь ад палітыкі. Сацыяльныя сеткі ў Егіпце больш не заклікаюць да рэвалюцыі, як некалькі гадоў таму падчас «арабскай вясны». Цяпер усе тынейджары ў краіне пагалоўна мараць пра футбольную кар’еру. Акрамя таго, дзякуючы Салаху вырас знешнепалітычны аўтарытэт Егіпта ў арабскім свеце, а еўрапейскія замежнікі не так часта крытыкуюць Ас-Сісі за парушэнні правоў чалавека.

Аднак цалкам заставацца па-за палітыкай у Салаха не атрымліваецца. Усё праз уласцівыя яму забабоны. Махамед — заўзяты вернік ісламу, і кожны забіты гол адзначае тым, што падае на газон і выказвае падзяку Алаху. Гэтая працэдура мела самыя незвычайныя сацыяльныя і культурныя наступствы.

Прагрэсіўная прэса ўсур’ёз спадзяецца, што Салах зробіць Еўропу больш талерантнай да мусульман. «Яго (Салаха) вера і яе публічныя праявы зрабілі яго постаццю істотнай сацыяльнай і культурнай значнасці. У той жа час урад паралельна намагаецца стварыць «варожае асяроддзе» для нелегальных імігрантаў», — піша «New York Times». Спадзяюцца на тое, што Салах паспрыяе талерантнасці еўрапейцаў да мусульман у цэнтры Еўропы. Там кажуць, што кожны год колькасць атак на мусульман у Еўропе вырастае на 40 працэнтаў.

А вось кансерватыўная фракцыя еўрапейскага грамадства ў жаху ад моды на Салаха. Брытанская правая «Daily Mail» б’е у званы — усё больш і больш дзяцей у Еўропе, забіўшы гол, спрабуюць паўтарыць жэст егіпецкага футбаліста: кінуцца на калені і зрабіць выгляд, што моляцца Алаху. Натуральна, хапае на гэты конт і жартаў. Так, фанаты «Ліверпуля» прыдумалі куплет: «Калі Салах заб’е яшчэ адзін гол, я таксама стану мусульманінам».

Ці ператварыцца салахаманія ў сапраўдны чыннік, які здольны ламаць старыя нормы і ствараць новыя ўстаноўкі, шмат у чым залежыць ад гульні Салаха на Чэмпіянаце свету ў Расіі. Аднак і цяпер Махамед Салах — гэта феномен у спорце.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!