Польшча. Штат толькі для іншаземцаў-спецыялістаў

Толькі 7% польскіх кампаніяў працаўладкоўвае замежных працаўнікоў. Пра гэта сведчаць вынікі даследавання, якое ў 300 польскіх кампаніях правёў цэнтр „Millward Brown”.



Іншаземцаў працаўладкоўваюць буйныя кампаніі (адна чацвёртая даследаваных фірмаў). У малых яны сустракаюцца вельмі рэдка. Як тлумачаць польскія прадпрымальнікі, асноўная прычына — адсутнасць гэткай патрэбы. Ажно 76% з іх заяўляе, што ім хапае польскіх працаўнікоў, паведамляе выданне „Dziennik Gazeta Prawna”.

Большасць працадаўцаў таксама прызнае, што найменш праблемаў узнікае падчас працаўладкавання працаўнікоў з Заходняй Еўропы або, напрыклад, Украіны, то бок краінаў блізкіх Польшчы ў культурным плане.

Тым часам колькасць працаўнікоў з-за мяжы, якія працуюць у Польшчы легальна, альбо нелегальна, пастаянна расце.

Напрыканцы 2014 году ў Польшчы пабывала 175 тысяч іншаземцаў. Годам раней іх было толькі 40 тысяч. Выразна павялічылася таксама колькасць візаў, якія ў Польшчы атрымалі ўкраінцы.

Паводле экспертаў, іншаземцы ў асноўным працуюць у Польшчы нелегальна. Польскія працадаўцы ахвотна працаўладкоўваюць дзве катэгорыі замежнікаў — спецыялістаў і работнікаў, якія больш танныя, чым палякі, паведамляе выданне „Dziennik Gazeta Prawna”.

www.radyjo.net

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!