Польшча 1980-х. Забытая эміграцыя

Больш за мільён палякаў эмігравалі з Радзімы ў 1980-я гады. Галоўным чыннікам гэтага гісторыкі лічаць палітычныя рэпрэсіі.


Неверагодна, але факт. З усіх хваль польскай эміграцыі тая, што мела месца ў 1980-я, найменш вядомая. Хаця колькасна яна была найбольш вялікай. Абсалютны рэкорд быў пабіты ў 1989-м, калі з Польшчы за адзін год эмігравалі прыкладна 250 тысяч чалавек.

Практычна забытыя і самыя гучныя эмігранты тых часоў. Мы добра ведаем Фрэдэрыка Шапена або Адама Міцкевіча — чальцоў польскай палітычнай дыяспары сярэдзіны ХІХ стагоддзя. Аднак наўрад ці чытачу нешта скажуць імёны братоў Зялінскіх.

Між тым, у свой час усе толькі і казалі пра 13-гадовага Адама і 15-гадовага Кшыштафа Зялінскіх, якія збеглі ў Швецыю пад шасі грузавіка на пароме. Каб іх не знайшлі сабакі памежнікаў, браты абмазаліся тлушчам. У Швецыі ўцекачы заявілі, што яны анарха-панкі — ахвяры паліцэйскага пераследу. Скандынавы паверылі і далі ім прытулак. Гісторыя бачылася настолькі гучнай, што пра братоў нават хутка знялі мастацкі фільм.

Аднак гісторыя з братамі Зялінскімі — асаблівы выпадак. Большасць палякаў траплялі за мяжу больш-менш легальна. Прычым некаторым з аматараў эміграваць дзяржава нават ускосна дапамагала. Гаворка пра так званых «інтэрнаваных» — асоб, якія былі арыштаваныя падчас увядзення вайсковага становішча ў снежні 1981-га.

У лютым 1982 года дырэктар МУС праціснуў пастанову, якая дазваляла былым інтэрнаваным вольна пакідаць краіну з роднымі і сваякамі. Праўда, пры гэтым яны пазбаўляліся права вяртацца на Радзіму. Да канца года ў рамках гэтай акцыі краіну пакінулі каля 9 тысяч чалавек.

Дарэчы, Амерыкі тагачасныя польскія ўлады не адкрылі. Яны паўтарылі прыдумку Фідэля Кастра, які на пачатку 1980-х дазволіў усім, хто не хоча будаваць сацыялізм, адпраўляцца ў Фларыду. Адначасова Гавана пазбавілася вялікай колькасці злачынцаў, якія тады сядзелі ў турмах. Злодзеі, каб выйсці на волю, натуральна, запісаліся ў антыкамуністы.

Зрэшты, дысідэнты складалі толькі 0,5 працэнта ад усёй колькасці польскіх мігрантаў 1980-х гадоў. Такая калькуляцыя выклікала сярод цяперашніх гісторыкаў забаўную спрэчку: наколькі тую эміграцыю можна лічыць палітычнай? Тым больш, што сваёй кульмінацыі ўцёкі дасягнулі напрыканцы дзесяцігоддзя, калі ў краіне пачалася адносная лібералізацыя.

У час ваеннага становішча ў Польшчы. А вы пра што падумалі?


Нягледзячы на згаданую акалічнасць, большасць гісторыкаў схіляюцца да таго, каб усё ж лічыць тую хвалю эміграцыі палітычнай. Уцёкі мелі масавы палітычны складнік з-за асаблівага характару мадэлі тагачаснай польскай дзяржавы. У той час рэжым спрабаваў падпарадкаваць усе сферы грамадскага жыцця, што ўскосна палітызавала і фактары для эміграцыі.

Увогуле для большасці мігрантаў было характэрнае адчуванне страты радзімы — калектыўная траўма, выкліканая разгромам апазіцыі і ўвядзеннем ваеннага становішча. Эміграцыя была фактычна барометрам сацыяльных настрояў, ацэнак умоў жыцця і ўяўленняў пра будучыню.

Так ці інакш, устаноўка «валіць за мяжу любым коштам» у 1980-я гады, падаецца, была негалоснай філасофіяй польскага грамадства. Хадзіў папулярны анекдот пра тое, што палякі завалілі рэкламныя аддзелы ў амерыканскіх газетах аб’явамі: «Мяняю шыкоўную кватэру ў Варшаве на сціплую хатку ў індзейскай рэзервацыі».

Больш за ўсё пашанцавала жыхарам Сілезіі, якіх падчас вайны нацысты запісалі ў немцы. Старыя «аўсвайсы» надавалі сілезцам права на рэпатрыяцыю ў ФРГ. Іншыя былі гатовыя на самыя неверагодныя выхадкі. Найбольш папулярным спосабам былі ўцёкі падчас турыстычных паездак. Каб купіць такі тур, часам прадавалі апошняе. Месячны заробак у Польшчы на той час быў каля 20-30 долараў, а тур па Аўстрыі, напрыклад, у 1984 годзе каштаваў 800 долараў.

Але палякі ўсё роўна ўпарта беглі. У выніку круізу акіянскага лайнера «Баторый» толькі траціна пасажыраў вярнулася на радзіму. Часам жадаючыя эміграваць пераходзілі прававую мяжу. Адзін час было папулярна ўганяць самалёты польскай дзяржаўнай авіякампаніі LOT у Заходні Берлін. «Польшча можа прапанаваць на сусветны рынак толькі экспарт сваіх грамадзян», — здзекаваўся нямецкі штотыднёвік «Die Zeit».

Цікава, што дзяржава асабліва не клапацілася з прычыны масавай эвакуацыі суайчыннікаў. Гісторыкі тлумачаць, што жадаючыя эміграваць разглядаліся як патэнцыйныя або латэнтныя апазіцыянеры.

Адзінай катэгорыяй, якую намагаліся ўтрымаць, былі вядомыя публічныя асобы накшталт спартсменаў. Калі вядомы атлет Уладзіслаў Казакевіч (дарэчы, аўтар славутага некарэктнага жэсту на адрас заўзятараў зборнай СССР падчас маскоўскай Алімпіяды) збег на Захад, яго маёмасць у Польшчы проста канфіскавалі. Гэтая санкцыя, напэўна, павінна была спыніць іншых. Казакевіч жа хутка атрымаў пашпарт ФРГ і пачаў выступаць за яе зборную.

Напэўна, цяпер усё апісанае вышэй выглядае трошкі камічна, аднак міграцыя аказалася шмат для каго трагедыяй. Большасць мігрантаў чакала за мяжой цяжкае жыццё. Сацыяльныя ліфты для палякаў за мяжой былі закрытыя, паколькі дыпломы польскіх ВНУ не прызнаваліся. Спецыялістам давялося доўга прабівацца, каб уладкавацца на працу. Шмат каму з іх гэта так і не ўдалося.

Асабістыя драмы чальцоў першай генерацыі мігрантаў — гэта дробязь на фоне іншага негатыву. Па-першае, эміграцыя прывяла да значнага скарачэння насельніцтва, уключаючы дэпапуляцыю некаторых абласцей Польшчы (рэгіён Аполе страціў каля 20% насельніцтва). Па-другое, з’ява адмоўна паўплывала на стан гаспадаркі. Нарэшце, адбыўся каласальны адток мазгоў. Сярод мігрантаў пераважала група ва ўзросце 25-44 гадоў, з якіх 39% мелі як мінімум сярэднюю або вышэйшую адукацыю.

Як бачым, страты чалавечага капіталу ад эміграцыі 1980-х для Польшчы проста велізарныя. Усё гэта дазваляе шмат каму ў Варшаве дасюль ставіць пытанне пра адказнасць тагачасных кіраўнікоў дзяржавы, якія спрычыніліся да масавай эміграцыі сваіх грамадзян.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: