Польшча. Лех Валенса заклікаў паліць падручнікі

Легендарны лідар прафсаюза «Салідарнасць», былы прэзідэнт Польшчы трапіў пад каток культурнай палітыкі цяперашняга ўраду Яраслава Качыньскага.

Фота з сайта voronz.in.ua


У новым варыянце падручніка гісторыі для пачатковых класаў, які распрацаваў Інстытут нацыянальнай гісторыі, у параграфе пра страйк у Гданьску ўлетку 1980-га, падчас якога і паўстала «Салідарнасць», Валенса ўвогуле не згадвацца. Замест яго прозвішча фігуруе абстрактная фраза «героі Салідарнасці».

Свой падыход да новай трактоўкі гісторыі незалежнага прафсаюзу ў Інстытуце нацыянальнай гісторыі тлумачаць тым, што Валенса быў «патаемным супрацоўнікам спецслужбаў пад прозвішчам Болек». Валенса, быццам, прызнае, што сапраўды меў кантакты з органамі, аднак тое адбывалася задоўга да падзей у Гданьску і на яго ўчынкі падчас страйку не ўплывала.

Каментуючы інавацыі ў падручніках, Валенса заклікаў паліць кніжкі, паколькі іх змест — «вераломная хлусня». Між тым, узнікае інтрыга — наколькі далёка афіцыйныя гісторыкі будуць перапісваць гісторыю «Салідарнасці».

Раней у шэрагу публікацый у кансерватыўнай прэсе асцярожна прасоўвалася тэма, што сапраўднымі героямі падзей у Гданьску ў 1980-м былі браты Лех і Яраслаў Качыньскія, якія, нібыта, былі актывістамі антыкамуністычнага падполля. Застаецца пачакаць, ці трапіць гэта версія на старонкі новых польскіх падручнікаў гісторыі.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!