Польшча. Унія — правобраз ЕС

Калі верыць  міністру замежных спраў Польшчы Яцэку Чапутовічу, Люблінская ўнія паміж Каралеўствам Польскім і Вялікім Княствам Літоўскім, абвешчаная ў 1569 годзе, была правобразам Еўрапейскага саюза.

Ян Матэйка. «Люблінская унія»

Пра гэта ён сказаў на прэс-канферэнцыі пасля сустрэчы міністраў замежных спраў Польшчы і Украіны. «Мы сёння ўзгадалі дату — гадавіну Люблінскай уніі. Польшча і Украіна былі ў той час у адным арганізме, які можна было б назваць мадэльным, узорным для цяперашняга Еўрасаюза», — сказаў кіраўнік МЗС Польшчы.

Такая трактоўка, праўда, падаецца трошкі нацягнутай, паколькі па ўмовах Люблінскай уніі ад ВКЛ у склад Каралеўства Польскага былі перададзеныя тэрыторыі Валыні, Кіеўшчыны і Падолля.

Спроба культурна-рэлігійнай асіміляцыі мясцовых жыхароў у выніку закончылася паўстаннем Хмяльніцкага.

Так ці інакш, юбілей уніі будзе адзначаны з вялікім размахам. На пачатку студзеня наступнага года польскія ўлады зацвердзяць праграму ўрачыстасцяў у Любліне, кульмінацыя якіх прыйдзецца на 1 ліпеня. Менавіта ў гэты дзень у далёкім 1569 годзе Акт уніі быў зацверджаны на агульным сойме.

Паводле польскай прэсы

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!