Польшча. За Бугам таксама «па пяцьсот»

500 злотых за карову і 100 злотых за свінню. Такі памер кампенсацыі фермерам прапанаваў лідар польскай кіруючай партыі «Права і Справядлівасць» (PiS) Яраслаў Качыньскі.

Пратэст польскіх фермераў у Варшаве. Фота з сайта agronews.ua


За кошт датацый урад, відавочна, мае намер суцішыць пратэсты фермераў, незадаволеных аграрнай палітыкай урада. Нягледзячы на шырокі жэст Качыньскага, ідэя субсідый выклікала супярэчлівую рэакцыю.

Паўстала пытанне — адкуль грошы на такі атракцыён шчодрасці? Напярэдадні чыноўнікі адмовіліся павышаць заробкі настаўнікам-страйкоўцам праз дэфіцыт бюджэтных сродкаў. Адсюль вельмі папулярны жарт — кожны настаўнік павінен завесці сабе дзве каровы, што дазволіць аўтаматычна павысіць свой дабрабыт і, адпаведна, спыніць страйк. Іншыя незадаволеныя — чаму Качыньскі не хоча даваць грошы за ўтрыманне курэй або трусоў?

Зрэшты, шмат яшчэ незразумелага з тымі кампенсацыямі. Качыньскі, калі абяцаў субсідыі, не ўдакладніў — будзе падтрымка разавай або пастаяннай.

Калі фермерам выплацяць за кароў і свіней толькі адзін раз, хутчэй за ўсё, мы маем справу з палітычнай рэкламай PiS напярэдадні восеньскіх выбараў.

Паводле польскай прэсы



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!