Поспехі Зяленскага: ад 73% да 44% за чатыры месяцы

На парламенцкіх выбарах ва Украіне зноў перамог Уладзімір Зяленскі. Але яго перамога зусім не такая пераканаўчая, як чатыры месяцы таму. Тады сам Зяленскі набраў 73% галасоў украінцаў, сёння яго партыя «Слуга народа» — толькі 44%.

Клапотныя выбары — як заўсёды


Ва Украіне ўчора прайшлі датэрміновыя выбары дэпутатаў Вярхоўнай Рады, што былі ініцыяваныя новым прэзідэнтам краіны Уладзімірам Зяленскім. Выбарчыя ўчасткі адкрыліся ў 08:00 у 199 акругах. Выбары праходзілі па мажарытарна-прапарцыйным прынцыпе. Аднак па такой сістэме выбары прайшлі ў апошні раз. Наступныя ўжо будуць адбывацца па адкрытых партыйных спісах.

Змагаліся за права быць абранымі:
— аднамандатнікі — 3220 кандыдатаў;
— 1404 чалавек прадстаўлялі 58 палітычных партый і блокаў;
— 1680 самавылучэнцы;
— шматмандатнікі — 2747 ад палітычных партый.

У спісах выбаршчыкаў зарэгістраваны 34 мільёны грамадзян Украіны. Аднак, як і на прэзідэнцкіх выбарах, каля трох мільёнаў жыхароў непадкантрольных Кіеву тэрыторый Данецкай і Луганскай абласцей не змаглі ўзяць удзел у галасаванні. Акрамя таго, яшчэ 4–5 мільёнаў т. зв. «заробітчан» увесь час знаходзяцца за мяжой — на заробках. Для іх, вядома, былі адкрыты замежныя выбарчыя ўчасткі, але яны змаглі ахапіць толькі невялікі адсотак тых, хто працуе за мяжой.

Усяго ва ўкраінскі парламент павінны былі быць абраны 450 дэпутатаў — 225 па партыйных спісах (бар'ер праходжання ў Раду складае 5%) і столькі ж па аднамандатных акругах. Аднак у сувязі з тым, што частка мандатаў «зарэзервавана» за Крымам, які часова стаў суб'ектам РФ, і непадкантрольнымі Кіеву рэгіёнамі Данбаса, — мажарытаршчыкі атрымаюць толькі 199 месцаў.

Парушэнняў і правакацый на ўчастках у цэлым было куды менш, чым на выбарах прэзідэнта. Але таксама нямала. Сотні парушэнняў зафіксаваны паліцыяй Кіева за дзень да выбараў у Вярхоўную Раду; да пачатку галасавання ўжо было распачата 38 крымінальных спраў. Найвялікшая колькасць — 354 з 642 парушэнняў — звязаныя з незаконнай агітацыяй. Па сутнасці, «дзень цішыні» (субота) такім не быў — агітацыя ўсё адно не спынялася.


Акрамя таго, быў зафіксаваны 51 выпадак магчымага подкупу выбаршчыкаў, 41 выпадак хуліганства, а таксама 40 выпадкаў узнікнення канфліктаў.

Па ўсёй Украіне па стане на 9 раніцы (гэта значыць, праз гадзіну пасля пачатку галасавання) не адкрыліся 8 выбарчых участкаў. У Чарнігаўскай вобласці не адкрыліся 4 участкі: на двух у апошні момант перадаваліся дакументы ў сувязі са зменай складу камісіі, яшчэ на двух ішла спрэчка сярод чальцоў камісій. У Данецкай вобласці на адным з участкаў былі сапсаваны кантрольныя лісты для ўкіду ў скрыні для галасавання, яшчэ на адным пераабралі частку камісіі і ішоў пералік бюлетэняў. На ўчастку ў Нікалаеўскай вобласці не паспелі аддрукаваць бюлетэні, а ў Жытомірскай вобласці запіў і спазніўся на ўчастак старшыня камісіі.


У выбарах упершыню магла прыняць удзел партыя былога прэзідэнта Грузіі і экс-губернатара Адэскай вобласці Міхаіла Саакашвілі «Рух новых сіл». Спачатку ЦВК Украіны адмовіла партыі ў рэгістрацыі, ёй атрымалася аспрэчыць гэта рашэнне ў Вярхоўным судзе, але за два дні да выбараў Саакашвілі вырашыў зняць партыю з удзелу ў выбарах з-за яе нізкага рэйтынгу і заклікаў галасаваць за «Слугу народа».

Выбары: млявае галасаванне

У параўнанні з прэзідэнцкімі выбарамі некалькі месяцаў таму, цяперашнія парламенцкія праходзілі досыць млява. Але толькі ў параўнанні — проста не было той звінючай нацягнутасці нерваў, як пры выбары паміж Зяленскім і Парашэнкам. У Кіеве было спякотна (+32) і пустэльна — ліпень і жнівень ва ўкраінскай сталіцы наогул «мёртвыя» месяцы, раз'язджаюцца ўсе, хто можа, дзелавая і грамадская актыўнасць на нулі.

Але ж нельга сказаць, што людзі адмаўляюцца выконваць свой грамадзянскі абавязак. Праходзячы апоўдні праз Лук’янаўскі рынак недалёка ад свайго дома, я чула, як гандляркі дамаўляліся: хто ў які час пойдзе галасаваць і хто чые кавуны тым часам будзе вартаваць. Тым не менш, яўка была нашмат ніжэй, чым на прэзідэнцкіх выбарах — праз адпачынкі, дачы і студэнцкія вакацыі. Але справа не толькі ў гэтым.

«Вельмі шмат хто з тых, хто ў красавіку галасаваў за Зяленскага, зараз галасаваць не пайшлі. Яны разважаюць так — маўляў, мы цябе прэзідэнтам зрабілі, цяпер давай, сам вырашай усе праблемы, — сказаў у каментары для НЧ аглядальнік кіеўскага выдання «Левы бераг» Андрэй Палівода. — Да таго ж Захад Украіны заўсёды меней актыўна ходзіць на выбары, чым Усход. Але там не сакрэт, што прарасійскі «Оппоблок» проста звозіць выбаршчыкаў аўтобусамі на ўчасткі, — гэта звычайная практыка. А так, вядома, палітыкі чакалі больш высокай яўкі. Яшчэ адна асаблівасць гэтых выбараў — поўны «пралёт» нацыяналістаў. Іх галасы забралі аднамандатнікі, а таксама «Еўрапейская Салідарнасць» Парашэнкі і «Голас» Вакарчука. Але варта памятаць, што ўкраінскім нацыяналістам і не трэба мець большасць у парламенце, каб уплываць на палітыку. Апошні Майдан вельмі добра паказаў: гэта тая самая рашучая меншасць, тыя 3,5% грамадства, якія здольныя навязаць сваю волю большасці».

Сапраўды, галасаванне складана было назваць ажыўленым. На выбарчых участках у Кіеве мы не бачылі такой ж колькасці людзей, якая была на выбарах прэзідэнта. Да 16.00 прагаласавала толькі траціна выбаршчыкаў. Паўтарылася тая ж гісторыя, што і на прэзідэнцкіх — усход больш актыўны, цэнтр — меней, захад зусім слаба галасуе.

Зрэшты, у выніку прагаласавалі 49,9% выбаршчыкаў — напрыканцы дня «прачнулася» Львоўская вобласць. А самым пасіўным у выніку апынуўся поўдзень Украіны — Херсонская і Адэская вобласці.

Тым часам, амерыканцы выразна далі зразумець, якую палітычную сілу плануюць падтрымліваць у далейшым у парламенце. Амбасадар ЗША ва Украіне Уільям Тэйлар у дзень галасавання на выбарах у Вярхоўную Раду прыехаў у штаб партыі Святаслава Вакарчука «Голас». Раней такой адназначнай падтрымкай карыстаўся толькі Пётр Парашэнка, хоць і «бабуля ўкраінскай карупцыі» Юлія Цімашэнка мае нядрэнныя сувязі ў ЗША. Але зараз Белы Дом дае зразумець, што аддасць перавагу і будзе рабіць стаўку на «прагрэсіўных нацыяналістаў і заходнікаў» Святаслава Вакарчука.

Вынікі

На раніцу панядзелка, пасля падліку 25% галасоў, расклад сіл такі:

«Слуга народа» — 42,15%,
«Апазіцыйная платформа — За жыццё» — 12,7%,
«Еўрапейская салідарнасць» — 8, 72%,
«Батькивщина» — 8,17%,
«Голас« — 6,42%.
Мяркуючы па набраным партыямі галасам, дэпутаты па прапарцыйнай частцы размяркуюцца прыкладна наступным чынам:
«Слуга народа» — 123
«Оппоплатформа» — 30
«Еўрапейская Салідарнасць» — 27
«Батькивщина» — 27
«Голас» – 18.

Па мажарытарных акругах, мяркуючы па ўсім, большасць месцаў забіраюць прыхільнікі «Слугі народа», але абсалютнай большасці ў Вярхоўнай Радзе партыя ўсё адно, хутчэй за ўсё, не атрымлівае. Хоць, напрыклад, у Кіеве, усе абраныя аднамандатнікі — паплечнікі Зяленскага.

Аднак у любым выпадку: калі не абсалютным, то безумоўным пераможцам стала партыя «Слуга народа», якую ва Украіне шмат хто называе «віртуальнай». Сапраўды, яна была створана ўсяго паўгода таму, адмыслова для падтрымкі Уладзіміра Зяленскага. І ў яе пайшлі ўсе палітычныя кан’юнктуршчыкі, а таксама тыя, каго выгналі з іншых партый. У «Слугі народа» нават няма выразнай праграмы і ідэалогіі, а яе кіраўнікі ў публічных выступах супярэчаць адзін аднаму.

Але ў яе ёсць галоўнае — выбаршчыкі. Тыя ж самыя, якія чатыры месяцы таму прагаласавалі за Уладзіміра Зяленскага. Вось толькі «Зе» тады атрымаў 73% галасоў выбаршчыаў, а сёння яго партыя — ненашмат больш за 40%. Такое падзенне папулярнасці вельмі красамоўнае.

Кандыдатам на пост спікера Вярхоўнай Рады Украіны ад партыі «Слуга народа» афіцыйна названы кіраўнік партыі Зміцер Разумкоў. Яму 35 гадоў, у 2006 годзе Разумкоў уступіў у Партыю рэгіёнаў Віктара Януковіча, выйшаў з яе ў 2010-м. Да каманды будучага прэзідэнта далучыўся ўвосені 2018 года, быў афіцыйным спікерам штаба Зяленскага і займаўся пытаннямі ўнутранай палітыкі.

Нашмат больш важнае пытанне — хто стане прэм'ер-міністрам. Украіна — парламенцка-прэзідэнцкая рэспубліка, тут прэм'ер-міністра прызначае (і здымае) не прэзідэнт, а парламент. І прэм'ер — постаць вельмі важкая і самастойная, зусім не так, як у Беларусі. Таксама і ўвесь урад фармуе партыя ці кааліцыя партый у Радзе (прэзідэнт можа падаваць на сцвярджэнне парламента кандыдатуры толькі двух чальцоў Кабміна — міністра абароны і міністра замежных спраў). Пры гэтым прэзідэнт не мае права звольніць прэм'ер-міністра і любога з чальцоў Кабміна без згоды з Радай.

Каментуючы першыя вынікі выбараў на брыфінгу ў выбарчым штабе партыі «Слуга народа», Уладзімір Зяленскі заявіў, што, па яго меркаванні, прэм'ер-міністрам Украіны павінна стаць новае аблічча — чалавек, які не быў раней у палітыцы. Пры гэтым кіраўнік дзяржавы не стаў адмаўляць, што пасаду кіраўніка ўрада можа заняць Святаслаў Вакарчук.

«Датычна прэм'ера Вакарчука — гэта пытанне менавіта да Славы. Таму што гэта вялікая адказнасць. І гэта павінен быць гуру эканомікі. І мы б жадалі, каб гэты чалавек ніколі не быў у палітыцы. <...> Прэм'ер-міністрам ва Украіне павінна быць новае аблічча, адмысловец у эканоміцы», — заявіў Зяленскі.

Пры гэтым Зяленскі адзначыў, што Вакарчук ужо быў у палітыцы. Як вядома, Вакарчук пры атрыманні першай вышэйшай адукацыі вучыўся па спецыялізацыі «тэарэтычная фізіка». Яго другая вышэйшая адукацыя — эканаміст—міжнароднік.

Vox populi 


Карэспандэнт «Новага Часу» пабывала на некалькіх выбарчых участках у Кіеве і пагаварыла з выбаршчыкамі, якія толькі што прагаласавалі.


Алена, 39 гадоў, дробны прадпрымальнік:
— Прагаласавала за партыю Вакарчука «Голас». Спадабаўся не колькі ён, а колькі спіс людзей, якіх ён вядзе за сабой. Паколькі гэтыя людзі вельмі прафесійныя і сябе зарэкамендавалі ў розных галінах як сур'ёзныя людзі, да якіх няма ніякіх пытанняў з пункту гледжання карупцыйных момантаў. Гэтыя людзі падабаюцца не проста як прафесіяналы, а як прафесіяналы ў розных галінах.

Марына, 50 гадоў, настаўнік у школе:
— Прагаласавалі ўчатырох, усёй сям'ёй за «Партыю Шарыя». Асабіста я прагаласавала за Шарыя, бо лічу, што ў кожнай улады павінна быць добрая пазіцыя. Калі ён будзе ў кааліцыі, ён будзе ўмацоўваць уладу. Калі будзе ў апазіцыі, будзе добрая апазіцыя.

Олеся, 29 гадоў, лекар-стаматолаг:
— Галасавала за «Еўрапейскую справядлівасць». Мяне цалкам задавальняў курс былога прэзідэнта і праеўрапейскіх сіл, якія рухалі нас у бок цывілізаванага свету і далей ад Расіі. Я лічу, гэта правільна. І таму ў мяне выбару іншай партыі наогул не было. Можна, вядома, было разглядаць яшчэ партыю «Голас», але там узнікалі пэўныя сумневы.

Валер, 35 гадоў, беспрацоўны:
— Галасаваў за партыю «Слуга народа», таму што жадаю нейкіх рэальных змен. Гэтыя людзі, партыя «Слуга народа», сімвалізуюць магчымасць таго, што пэўныя змены адбудуцца, што будзе магчымасць змяніць старую сістэму. Чакаю, што атрымаецца адысці ад старога і пачаць напрацоўваць новы матэрыял. Чакаю, што менш будуць красці. Што з гэтага пачнуць.

Марыя, 64 гады, пенсіянерка:
— Я галасавала за «Батькивщину». Чакаю, што ў выпадку перамогі на выбарах «Батькивщина» ўтворыць кааліцыю ў парламенце з партыяй «Слуга народа», і ад гэтага аб'яднання можна будзе чакаць плённага супрацоўніцтва. Я асабіста жадаю, каб Цімашэнка стала прэм'ер-міністрам, калі будзе кааліцыя. Усё неабходна змяняць. Неабходна чысціць краіну ад карупцыянераў. Неабходна пераходзіць вось ад гэтых паперак на выбарах даўно да электроннага галасавання. Неабходна адхіляць службоўцаў. Неабходна ўсё рабіць, што мы не рабілі з 1991 года. Раней для такіх дзеянняў не было палітычнай волі і не было жадання. Усё рабілася для таго, каб спачатку закансерваваць камуністычную сістэму, а потым — алігархічную.

Тарас, 30 гадоў, вайсковец ВСУ:
— Я магу сказаць толькі, што прагаласаваў за «Свабоду». Я б сказаў, што ў іх не толькі сама праграма, але і агульны настрой найболей блізкі мне з усіх прадстаўленых палітычных сіл. Іх я хоць крыху ведаю персанальна. Ёсць такі досвед асабісты. Я б сказаў, што «Свабодзе» цяпер больш давяраю, чым іншым.
Прысутная побач жонка ўстаўляе заўвагу: «У нас дзіця цяпер навучаецца ў Польшчы, ва Украіне — на вакацыях. І разумееце, у Польшчы яны ствараюць нацыянальную дзяржаву. Наша партыя «Свабода» — яны як раз сапраўды гэтак жа плануюць рабіць.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: