Працэс імпічменту Дональда Трампа будзе запушчаны пасля 8 лютага

Трамп ужо перадаў уладу Джо Байдэну, але яго гісторыя на чале ЗША яшчэ не завершана.

 

Працэс імпічменту былога прэзідэнта ЗША Дональда Трампа пачнецца ў тыдзень, які пачынаецца 8 лютага. Пра гэта заявіў лідэр дэмакратычнай большасці ў Сенаце ЗША Чак Шумэр, паведамляе «Свабода» са спасылкай на «Голас Амерыкі».

Працэс імпічменту быў перанесены на два тыдні, каб Сенат атрымаў магчымасць зацвердзіць намінантаў прэзідэнта Джо Байдэна на ключавыя пасады і абмеркаваць шэраг законапраектаў.

Аб перанясенні даты пачатку імпічменту прасіў лідар рэспубліканскай меншасці Сенату Мітч Макконэл, каб Трамп атрымаў больш часу для падрыхтоўкі да працэсу. Макконэл заявіў, што слуханні адносна імпічменту могуць пачацца ўжо 9 лютага.

Трамп стаў першым прэзідэнтам у гісторыі ЗША, у дачыненні да якога двойчы вялася працэдура імпічменту. Для таго, каб Сенат прызнаў яго вінаватым, сенатарам-дэмакратам патрабуецца падтрымка як мінімум 17 сенатараў-рэспубліканцаў.

Дадатковае галасаванне спатрэбіцца, каб забараніць Трампу весьці барацьбу за дзяржаўныя пасады. Трамп дапускаў магчымасць таго, што прыме ўдзел у прэзідэнцкіх выбарах у 2024 годзе.

Пачаць працэдуру імпічменту Трампа кангрэсмены вырашылі 13 студзеня, абвінавачваючы яго ў «падбухторванні да паўстання». Выступаючы на мітынгу ў Вашынгтоне 6 студзеня, Трамп каторы раз заявіў, што «выбары былі скрадзеныя».

Пасля гэтага выступу некалькі сотняў ягоных прыхільнікаў уварваліся ў будынак Капітолія падчас сумеснага пасяджэння абедзьвюх палат Кангрэсу, на якім павінны былі зацвердзіць вынікі выбараў. Заканадаўцаў тэрмінова эвакуявалі з будынку. Падчас штурму Капітолію загінула адна прыхільніца Трампа, усяго паведамлялася пра пяцёх загінулых 6 студзеня, адзін з іх — паліцыянт.

Трампу ўжо спрабавалі абвясціць імпічмент у 2019 годзе (Палата прадстаўнікоў прагаласавала за), але рашэнне не прайшло праз Сенат.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: